Часам здаецца, што Ігнат Дамейка існаваў у свядомасці беларусаў заўсёды. Без згадкі гэтага ўраджэнца Беларусі, які вымушана з’ехаў за акіян у Чылі і стаў героем гэтай краіны, не абыходзіцца ні адзін падручнік па гісторыі. Аднак яшчэ адносна нядаўна нават на радзіме пра яго мала ведалі і лічылі палякам.
Zerkalo.io расказвае, як адбылося «адкрыццё» Дамейкі ў Беларусі, як ён трапіў пад рэпрэсіі, пасля чаго эміграваў, чаму абраў Чылі і праз што так доўга не хацеў вяртацца — але ўсё ж зрабіў гэта праз 53 гады пасля ад’езду.
«Адкрыццё» Дамейкі ў Беларусі было б немагчымым без навукоўца Адама Мальдзіса. «Кім яго лічылі? «Ат, нейкі быў падарожнік і герой, польскі і чылійскі, адкрыў невядома што», — успамінаў гэты даследчык. — А я глянуў на яго біяграфію — і зразумеў, што гэта чалавек, якім мы, менавіта мы, можам ганарыцца. У карэнным народзе Арауканіі, індзейцах, што выціснутыя былі з актыўнага жыцця каланізатарамі, Дамейка бачыў перш за ўсё людзей, народ з багатай гісторыяй. Ну, і калі прыйшоў час святкаваць 200-годдзе з дня нараджэння Дамейкі, у мяне раптам пытаюцца: «Твая была першая публікацыя пра яго?» — «Мая», — адказваю. — «А дзе?» — «А ў «Маладосці» [у 1967 годзе]». — «То табе і трэба браць у рукі лейцы». І я зрабіў пра Дамейку кніжачку».
Мальдзіс дапамог удакладніць і месца нараджэння Дамейкі. «Лічылася, што [ён нарадзіўся] дзесьці на поўначы, на Вілейшчыне. Нібыта ён там быў і хрышчаны. Але, абапіраючыся на дзённікі, якія ён пісаў у Чылі і якія былі некалі выдадзены, я зрабіў выснову, што гэта Мядзведка (Niedźwiadka), цяпер — Карэліцкі раён. Мы ўстанавілі там памятны камень і з міжнароднымі гасцямі на высокім узроўні адзначылі юбілей», — успамінаў навуковец.
Ігнат Дамейка, акварэль Ю. Куроўскага. Выява апублікаваная ў кнізе Вольгі Гарбачовай «Удзельнікі паўстання 1830−1831 гг. на Беларусі» (Мінск, 2004), commons.wikimedia.org
Сапраўды, Ігнат нарадзіўся ў маёнтку Мядзведка Навагрудскага павета ў 1802 годзе. Тады гэта была тэрыторыя Расійскай імперыі, якая за сем гадоў да гэтага анексавала нашыя землі. Да гэтага яны ўваходзілі ў склад Рэчы Паспалітай — федэратыўнай дзяржавы, у якой жылі продкі сучасных палякаў, беларусаў і літоўцаў. Таму мясцовая эліта марыла аднавіць гэтую дзяржаву.
Чаму беларускія эліты хацелі вярнуць Рэч Паспалітую, а не Беларусь? Апошняй яшчэ не існавала, як і нацый у сучасным разуменні гэтага слова. Ды і сама назва «Беларусь» тады яшчэ не замацавалася за тэрыторыяй нашай краіны. Многія нашыя знакамітыя суайчыннікі (напрыклад, кіраўнік паўстання 1794 года Тадэвуш Касцюшка, які спрабаваў не дапусціць знішчэння Рэчы Паспалітай, ці паэт Адам Міцкевіч) называлі сябе ліцвінамі, адзначаючы сваё паходжанне з беларускіх зумляў Вялікага Княства Літоўскага, але былі патрыётамі РП. Сёння іх можна лічыць прадстаўнікамі некалькіх сучасных краін і культур — беларускай, польскай і літоўскай. Да гэтых людзей можна прылічыць і Дамейку.
Мяркуючы з усяго, такія ж мары былі і ў Сям’і Дамейкі. Яго бацька Антоні Іпаліт быў старшынёй Навагрудскага земскага суда. Ён памёр, калі хлопчыку было ўсяго сем гадоў, таму выхоўваў Ігната родны дзядзька — цёзка пляменніка (яго таксама звалі Ігнат Дамейка).
У 1812-м, калі дзіцяці было 10 гадоў, яго аддалі вучыцца ў піярскую школу (піяры, або піярысты — гэта каталіцкі манаскі ордэн, які займаўся навучаннем і выхаваннем дзяцей і моладзі), размешчаную ў Шчучыне (цяпер гэта раённы цэнтр Гродзенскай вобласці). Праграма была разлічаная на шэсць класаў, але юнага Ігната прынялі адразу ў трэці. Важна адзначыць, што гэтая ўстанова падпарадкоўвалася Віленскаму ўніверсітэту. Таму ў 1816-м, калі падлетку было 14 гадоў, ён паступіў туды на аддзяленне фізікі і матэматыкі.
Сядзіба Мядзведкава, якой валодаў Ігнат Дамейка, на малюнку Напалеона Орды. Выява: Muzeum Narodowe w Krakowie, commons.wikimedia.org
Але поспехі Дамейка дэманстраваў не толькі ў гэтых дысцыплінах. З нараджэння ён гаварыў на польскай і беларускай мовах (у яго ўспамінах, напісаных на польскай, даследчыкі знайшлі вельмі шмат беларусізмаў; акрамя таго, на нашай роднай мове тады размаўлялі ўсе мясцовыя сяляне, так што ўся шляхта ведала яе абавязкова). Французскай яго вучыў гувернёр у бацькоўскім доме. У піярскай школе ён засвоіў лаціну, ва ўніверсітэце — англійскую і нямецкую. Калі Дамейка перабраўся ў Чылі, ён за тры месяцы вывучыў іспанскую, пісаў на гэтай мове навуковыя працы і выкладаў. Гэтыя дзівосныя здольнасці да моваў часткова тлумачаць поспех навукоўца за акіянам: там ён хутка стаў «сваім».
Ва ўніверсітэце Дамейка ў 1817-м далучыўся да знакамітага таемнага асветніцкага таварыства філаматаў. Тады яму было 15 гадоў. У арганізацыю ён увайшоў восьмым па ліку, далучыўшыся да паэтаў Адама Міцкевіча, Яна Чачота, Тамаша Зана і іншых. «Нарэшце і мяне, нічым не заслужанага, самага маладога з усіх, прынялі да сябе філаматы, прынялі хутчэй па сваёй дабраце, чым для патрэбы», — сціпла пісаў ён у мемуарах (тут і далей мы даем цытаты на той мове, на якую іх перакладалі даследчыкі).
Гэтая арганізацыя, першапачаткова створаная для самаадукацыі сваіх сябраў, паступова ўсё больш арыентавалася на грамадскую і нават палітычную дзейнасць. У 1820-м удзельнікі стварылі больш масавае таварыства філарэтаў, куды таксама ўвайшоў Дамейка. Акурат у тым годзе ён скончыў універсітэт, але ўсё яшчэ наведваў асобныя лекцыі і пазней атрымаў ступень магістра філасофіі. Ён думаў займацца навукай, але яго дзядзька арандаваў фальварак на Лідчыне, і пляменнік паехаў да яго — там яго і затрымалі ў 1823-м, калі ўлады даведаліся пра існаванне таварыстваў.
Удзельнікі арганізацый філаматаў і філарэтаў. У верхнім шэрагу (злева направа) — Тамаш Зан і Ігнат Дамейка, у цэнтры — Адам Міцкевіч, унізе — Антоні Эдвард Адынец, Ян Чачот. Выява 1889 г. Фота: commons.wikimedia.org
Арыштаваных даставілі ў Віленскі манастыр базыльянаў, які размяшчаўся ў старым горадзе недалёка ад Вострай Брамы-будынак ператварылі ў турму. Рэаліі іх зняволення Адам Міцкевіч апісаў у трэцяй частцы паэмы «Дзяды». Самога сябе ў творы ён вывеў пад імем Конрада, Дамейку — як Жаготу (гэта быў яго псеўданім). У творы апошні пастаянна дэманстраваў аптымізм, спадзеючыся на хуткае вызваленне.
Аднак улады паставіліся да таемных таварыстваў сур’ёзна. Студэнтаў і выпускнікоў судзіла тройка з Санкт-Пецярбурга, сталіцы імперыі: міністр народнай асветы Аляксандр Шышкоў, набліжаны да імператара саноўнік Аляксей Аракчэеў і сенатар Мікалай Навасільцаў. «Усё паўтараецца ў жыцці. Лічбы іншай узурпатары ўлады не ведалі — аказваецца, што сталінскія «тройкі» бяруць пачатак вунь адкуль, ажно з перыяду царскіх рэпрэсій, настаўнікі былі добрыя ў бальшавіцкіх катаў», — горка каментаваў гэты факт крытык Уладзімір Навумовіч.
Радыкалізм філаматаў і філарэтаў не варта перабольшваць. Яны выступалі толькі за паступовыя эвалюцыйныя пераўтварэнні тагачаснага грамадства ў новае дэмакратычнае. Аднак гэтага ўладам хапіла. Моладзь асудзілі проста за ўдзел у гэтых арганізацыях, «самавольны ўплыў на выхаванне моладзі» і чытанне вершаў, «не сумяшчальных з вернасцю расійскаму трону». У выніку 108 чалавек атрымалі прысуды, 20 з іх выслалі ў Расію ці зняволілі ў турме.
Дамейку адносна пашанцавала. Дзякуючы заступніцтву сяброў яго адправілі пад нагляд паліцыі ў вёску, дзе ён жыў да пачатку следства. Яму забаранілі ўладкоўвацца на дзяржаўную службу і весці грамадскую дзейнасць. Наступныя шэсць гадоў ён вучыўся весці гаспадарку ў Заполлі (сучасны Лідскі раён) і Жыбартоўшчыне (цяпер Дзятлаўскі раён) — гэтыя маёнткі таксама належалі яго дзядзьку, які атрымаў адукацыю агранома. Будучы навуковец спрабаваў палепшыць апрацоўку зямлі, праводзіў доследы ў сельскай гаспадарцы, займаўся ветэрынарыяй і лячыў хворых сялян — усё гэта вельмі спатрэбілася ў будучай навуковай кар’еры.
Увесь гэты час Дамейка перапісваўся з сябрамі (у тым ліку з Адамам Міцкевічам), марыў пра падарожжы, нават спрабаваў аформіцца на службу ў Інжынерны корпус у Варшаве — безвынікова.
Мемарыяльны камень Ігнату Дамейку ў Крошыне Баранавіцкага раёна. Фота: Futureal, CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org
Вясковую «ідылію» перарвала паўстанне, удзельнікі якога выступілі за аднаўленне Рэчы Паспалітай. Яно пачалося ў канцы 1830 года на тэрыторыі сучаснай Польшчы, у канцы сакавіка 1831-га перакінулася на тэрыторыі Літвы і Беларусі. У канцы траўня на нашыя землі прыйшоў атрад паўстанцаў генерала Дэзідэрыя Хлапоўскага. 31 траўня яго кур’еры заехалі ў Заполле, дзе Дамейка аказаў ім неабходную дапамогу, пасля чаго ён разам з паўстанцамі рушыў у Жыбартоўшчыну, дзе апошні раз пабачыўся з маці (яна памерла ў наступным годзе), а потым у Ліду. Там Хлапоўскі прызначыў Дамейку ад’ютантам кіраўніка пяхотнага палка. Былы філамат спрабаваў растлумачыць генералу, што не ведае вайсковай службы, але той парыраваў, што той «мусіць навучыцца».
Аднак часу вучыцца не засталося. Істотная розніца ў сілах, адсутнасць дапамогі з-за мяжы і ўнутраныя рознагалоссі не пакінулі паўстанцам шанцаў на поспех. У сярэдзіне ліпеня большая іх частка адышла ў Польшчу, а ў пачатку кастрычніка, каб пазбегнуць рэпрэсій ад расійскіх уладаў, перайшла мяжу з Прусіяй (тая пасля падзелаў валодала часткай Польшчы) і склала зброю. Разам з імі гэта зрабіў і Дамейка, які эміграваў з краіны. На радзіму ён вярнуўся толькі праз паўстагоддзя.
У эміграцыі Дамейка спачатку выправіўся ў Дрэздэн, дзе сустрэўся са сваім сябрам Міцкевічам, а потым разам з ім у Парыж, дзе дапамагаў паэту — перапісваў чарнавік паэмы «Пан Тадэвуш» для наборшчыка. Таксама Ігнат працягнуў адукацыю. Праслухаўшы шэраг лекцый у Сарбоне і іншых навучальных установах, ён вырашыў стаць геолагам, і ў 1834-м паступіў у парыжскую Горную школу, якую скончыў праз тры гады.
Ігнат Дамейка. Партрэт з часопіса Kłosy, 1878 год. Выява: commons.wikimedia.org
Гэты выбар можна растлумачыць некалькімі прычынамі. Яго родны дзядзька быў геолагам (гаворка пра іншага сваяка — не таго, што быў аграномам), скончыўшы аналагічную ўстанову ў Германіі — так што Дамейка відавочна меў ўяўленні пра гэтую прафесію. Час, у які жыў навуковец, характарызаваўся прарывам у вывучэнні Зямлі. А Парыж быў адным з еўрапейскіх цэнтраў у гэтай навуцы. Пасля заканчэння Горнай школы Дамейку запрасілі на працу ў Эльзас, рэгіён Францыі, — там ён знайшоў вялікія паклады жалезнай руды.
Акурат тады падаспела запрашэнне з Чылі — на пасаду прафесара хіміі і мінералогіі ў горнай школе, размешчанай у горадзе Ла-Серэна. Чаму гэта наогул адбылося? У 1810−1826 гадах у краінах Лацінскай Амерыкі прайшлі войны за незалежнасць, падчас якіх яны атрымалі незалежнасць ад Іспаніі і Партугаліі, што валодалі імі як калоніямі. Маладыя дзяржавы сутыкнуліся з крызісам у эканоміцы і вострым дэфіцытам інтэлектуальных кадраў. Таму ўрады (у тым ліку чылійскі) пачалі запрашаць на працу замежнікаў.
У Францыі падборам кадраў для Чылі займаўся агент Шарль Ламбер. Ён сустракаўся з мясцовай прафесурай і шукаў кандыдатаў. У тым ліку яго цікавіў дзейны, прадпрымальны, творчы чалавек з добрымі арганізатарскімі здольнасцямі, які мог бы арганізаваць выкладанне прыродазнаўчых навук у Ла-Серэне. Адзін з прафесараў рэкамендаваў Дамейку, тады яшчэ студэнта. З ім падпісалі кантракт на шэсць гадоў з акладам 1200 даляраў за год (цяпер гэта адпавядала б 41 тысячы даляраў). Таксама ўраджэнец Беларусі атрымаў 3000 даляраў (цяпер гэта 104 тысячы даляраў) на закупку прыбораў, інструментаў і рэактываў для арганізацыі кабінета фізікі, хіміі і мінералогіі.
У сакавіку 1838 года Дамейка пакінуў Францыю. Ён сышоў на бераг у аргенцінскім Буэнас-Айрэсе, а потым верхам на кані да сярэдзіны траўня дабіраўся да Ла-Серэны. Адразу ж пачалася праца. Пад кіраўніцтвам беларуса быў пабудаваны навучальна-лабараторны корпус і абсталяваныя кабінеты, сам ён распрацаваў праграмы і навучальныя планы. Балазе, як мы ўжо пісалі, выхадзец з Беларусі хутка вывучыў іспанскую.
У першы ж год Дамейка здзейсніў навучальную паездку на мясцовыя срэбныя капальні. З гэтага часу ён пачаў шмат ездзіць па краіне, вывучаючы яе прыродныя рэсурсы. З гэтымі падарожжамі звязваліся вялікія надзеі. «Губернатар і мясцовая знаць сустрэлі мяне вельмі ветліва, з вялікай павагай, і не было чалавека, які б не казаў пра што-небудзь, акрамя медзі і шахтаў. <...> Пыталі, калі я пачну будаваць печы і як хутка вазьмуся за справу. Калі ж я патлумачыў ім неабходнасць і асаблівую важнасць навукі, яе высокую ролю і значэнне, мяне, здаецца, не разумелі», — пісаў Дамейка Міцкевічу.
Аднак ураджэнец Беларусі пачаў гнуць сваю лінію. «Дом (пад горную школу з лабараторыямі) ужо пабудаваны; пачаў курс фізікі, маю 20 з лішнім вучняў, усе яны слухаюць вельмі ўважліва, і кожны дослед настолькі іх захапляе, што яны не могуць у сябе прыйсці ад радасці», — адзначаў ён у іншым лісце Міцкевічу. Дамейка пачаў пісаць падручнікі па фізіцы, хіміі і мінералогіі.
Калі шасцігадовы кантракт скончыўся, ён перабраўся ў Сант’яга, сталіцу краіны, і стаў прафесарам Чылійскага ўніверсітэта, потым узначаліў там кафедру хіміі. У 1867-м яго абралі рэктарам ВНУ. Заняўшы гэтую пасаду, навуковец папрасіў, каб яго заробак загадчыка кафедры пералічвалася для падтрымкі двух яго вучняў, якія атрымлівалі адукацыю ў Еўропе.
Бюст Ігната Дамейкі ў Чылійскім універсітэце. Фота: Ricardo Hevia Kaluf, commons.wikimedia.org
Што яшчэ зрабіў Дамейка ў Чылі? Ён шэсць разоў перасякаў Анды ў розных напрамках, схадзіў усю краіну ўздоўж і ўпоперак. Натуральна, не як турыст, а як навуковец. Беларус першым склаў геаграфічнае апісанне пустыні Атакама. «Нялёгка выказаць пяром, чым ёсць амерыканская пустыня, — пісаў Дамейка Міцкевічу. — Тут, побач з зубцамі гор і сценамі, што нібы падаюць у прорву, ляжаць каменныя груды велічынёй з нашую хату. Удалечыні ў кірунку Кардыльераў бачныя, нібы размаляваныя стужкамі, аблокі, за імі бялеюць купалы і шпілі гор самых разнастайных формаў».
Калі здабыча срэбра ў адным з горнапрамысловых раёнаў пачала падаць, ён, абследаваўшы мясцовасць, даў прагноз, дзе шукаць новыя радовішчы — у выніку яны былі знойдзеныя. Таксама ён адшукаў месцы, дзе чылійцы пачалі здабываць медзь і вугаль. На аснове праведзеных ім даследаванняў у 1846-м была складзена першая аглядная геалагічная карта Чылі, якая дазволіла прадказаць наяўнасць багатых пакладаў розных карысных выкапняў.
Таксама ўраджэнец Беларусі адкрыў сем новых відаў мінералаў. Разам з адным з калегаў арганізаваў Цэнтральную метэаралагічную абсерваторыю. Нядзіўна, што за заслугі перад краінай Дамейку надалі тытул ганаровага грамадзяніна Чылі.
Цяпер пра справы сямейныя. Ажаніўся Дамейка позна. У сакавіку 1850-га, калі яму было ўжо 47 гадоў, ён пазнаёміўся з суседкай, чылійкай Энрыкетай Сатамаёр, якой тады было шаснаццаць. Спачатку ў беларуса не было нават думкі пра шлюб, хоць дзяўчына яму спадабалася. Паводле сямейнага падання, яго падштурхнуў да бліжэйшага знаёмства яго слуга, індзеец Хуан. Калі ж пара зблізілася, высветлілася, што саму дзяўчыну даўно цікавіў іншаземец, і яна ў выніку пагадзілася стаць яго жонкай.
Ігнат Дамейка з жонкай. 1854 г. Фота: memoriachilena.cl, commons.wikimedia.org
Шлюб доўжыўся ўсяго 20 гадоў — Энрыкета памерла ад туберкулёзу ў 1870-м. У пары нарадзіліся дачка Аніта (1854), сыны Хуан Энрыке (1855, не пражыў і года), Эрнан Эстэван (1859) і Хуан Казімір (1863).
Дамейкі жылі ў цэнтры Сант’яга ў старым квартале. «Набліжалася самая цудоўная пара года, квітнелі апельсінавыя сады, магноліі, паветра напаўнялася водарам белых і блакітных гартэнзій. Я выехаў за горад у пошуках доміка, які б нагадваў вёску. Знайшоў быццам бы не прызначаны [нікому] дом, нядаўна пабудаваны адным французам, з даволі вялікім садам, з высокім вінаграднікам, пяццюдзесяццю апельсінавымі, шматлікімі персікавымі і абрыкосавымі дрэвамі, недалёка ад прыходскай царквы», — пісаў ён Міцкевічу пра пошукі жылля. Забягаючы наперад скажам, што гэты будынак быў пашкоджаны падчас землятрусу 1985-га. Дом аднавілі, цяпер там знаходзіцца музей нашага земляка. Там захаваліся рэчы, якім карыстаўся Дамейка. Напрыклад, над яго сталом вісела копія вядомай выявы Вастрабрамскай Божай Маці, якая знаходзіцца ў капліцы над гарадской брамай у Вільнюсе.
Што да вольнага часу, то, вяртаючыся з універсітэта, Дамейка любіў сядзець у самым маленькім пакоі ля каміна, дзе заўсёды запарваў сабе гарбату. Потым ён чытаў на польскай, французскай, іспанскай і іншых мовах. Часам маляваў або граў на фартэпіяна.
Якім ён быў чалавекам? Навуковец Эдуард Дубянецкі адзначаў яго рацыянальны, навуковы характар мыслення. Пры гэтым важную ролю ў светапоглядзе Дамейкі грала рэлігія. «Яшчэ ў юнацкія гады ён скончыў піярскую школу ў Шчучыне, дзе добра засвоіў асноўныя рэлігійныя догматы, асновы тэалогіі. Як сведчаць яго творы і ўспаміны, ён ва ўсе часы і ў любых мясцінах стараўся наведваць хрысціянскія храмы, маліцца, звяртацца да Бога за дапамогай у розных жыццёвых сітуацыях. У сваім этнаграфічным нарысе «Падарожжа ў краіну дзікіх індзейцаў араўканаў» Дамейка з сумам гаворыць пра тое, што «сёння ўжо вялікая частка сям’і і сяброў адышла ў свет, у які цяпер ты можаш дастукацца толькі малітвай, толькі просьбай да Бога пра іх вечны спачынак»», — пісаў Дубянецкі.
Ігнат Дамейка з сынамі. Фота: commons.wikimedia.org
Паводле яго, навукоўцу таксама былі ўласцівыя патрыятызм, энергічнасць, дапытлівасць. «Ігнат Дамейка быў надзвычай энергічным чалавекам-стваральнікам. Усё жыццё імкнуўся ён адкрываць нешта новае, цікавае, а потым несці набытыя веды людзям, што ён і рабіў у сваіх шматлікіх лекцыях, сустрэчах, на занятках з вучнямі, слухачамі», — адзначаў ён.
Дамейка ўсё жыццё марыў вярнуцца на радзіму. Але зрабіць яму гэта ўдалося толькі ў 1884 годзе — праз 53 гады пасля эміграцыі. Ігнату тады было ўжо 82.
Чаму ён не вяртаўся раней? У першую чаргу яго, відавочна, трымалі сям’я і праца. Падарожжа ў процілеглую частку зямнога шара тады займала месяцы, так што нават нядоўгачасовая паездка на радзіму запатрабавала б ад Дамейкі доўгай адсутнасці ва ўніверсітэце, на што адказны навуковец наважыцца не мог. Пасаду рэктара навуковец пакінуў толькі ў 1883-м, акурат перад ад’ездам. Пасля гэтага яму зацвердзілі персанальную пенсію — самую высокую ў краіне, памер якой перавышаў нават выплаты генералам.
Але, магчыма, яшчэ больш важным фактарам было тое, што пасля паўстання 1830−31 гадоў расійскія ўлады канфіскавалі маёнткі паўстанцаў і нават пасля амністыі, якая надышла ў 1856-м, не вярнулі іх. Для вяртання на радзіму людзям усё роўна трэба было пакаяцца і атрымаць афіцыйны дазвол. Дапусцім, для пажылога Дамейкі гэта было ўмоўнасцю. Але яму папросту не было куды вяртацца. Нават калі ўявіць, што яму вярнулі б маёнткі, то ў іх патрабаваўся б рамонт, аднаўленне гаспадаркі. Пажылы навуковец, відаць, не быў гатовы да гэтага.
Ігнат Дамейка. Фота: mindat.org, commons.wikimedia.org
Але многае змянілася ў 1877-м: тады яго дачка Аніта выйшла замуж за свайго сваяка (сына дзядзькі Ігната — таго самага, які дапамагаў гаспадарыць будучаму паўстанцу) і разам з ім пераехала за акіян у Жыбартоўшчыну — як вы памятаеце, Дамейка жыў там у 1820-я гады. Так што ў яе бацькі цяпер з’явілася месца, дзе ён мог спыніцца. Улетку 1884 года Дамейка вярнуўся дадому — яго суправаджаў Антоні Адынец, адзін з апошніх жывых філаматаў і філарэтаў, які сустрэў яго па дарозе.
«З кожным новым днём расло ў маім сэрцы нясцерпнае жаданне як найхутчэй убачыць наш родны дом у Літве, маю радню», — пісаў ён у мемуарах. Гэта яшчэ адзін доказ таго, што Дамейка заставаўся лакальным патрыётам Вялікага Княства Літоўскага.
«Ах! Каму ж гэта яшчэ дазволіць Бог пасля паўвекавога выгнання вярнуцца з-за мора, з другога паўшар’я свету і ўкленчыць над магілай маткі, благаславенне якой сцерагло мяне ў вандраваннях. Няхай набожныя слёзы гэтыя будуць Богу на ахвяру за тваю шчодрасць, за ўсё тое, што ты дала мне. <...> Пры расставанні тваё сэрца прадчувала ўжо, што мы болей не ўбачымся, што я ўжо ніколі не абдыму цябе», — пісаў Дамейка ў мемуарах. У Жыбартоўшчыне яго сустрэлі сяляне, некаторыя з іх памяталі яго яшчэ маладым.
Ігнат прыехаў на радзіму назаўсёды і пачаў абжывацца на новым старым месцы. Аднак трэба было вырашыць будучыню дзяцей, заставаліся няскончанымі навуковыя і грамадскія справы. Таму ў верасні таго ж года ён праз Варшаву і Берлін паехаў у Парыж, дзе ўладкаваў сына Хуана Казіміра ў Горную школу, у якой некалі вучыўся сам. У верасні 1885 года наведаў Рым і Неапаль, падняўся на Везувій. Уладкаваў яшчэ аднаго сына ў духоўную семінарыю, заехаўшы ў Кракаў. Потым выправіўся ў Палестыну і праз Парыж у сярэдзіне кастрычніка вярнуўся ў Жыбартоўшчыну, дзе жыў наступныя два гады, перыядычна выязджаючы на Захад. Прычым ён працягваў займацца навукай — у 1887-м усё яшчэ чытаў даклады перад калегамі.
Аднак стала зразумела, што сынам, якія выраслі ў іспанскамоўным асяроддзі, было б камфортней менавіта там. Таму Дамейка вырашыў яшчэ раз наведаць Чылі і ўладкаваць іх будучыню. У канцы лета 1888 года ён выправіўся ў Сант’яга, плануючы зноў вярнуцца на радзіму. Але падчас марскога падарожжа навуковец захварэў, прыбыў у горад у цяжкім стане і праз некалькі месяцаў, у студзені 1889 года, памёр. Яму было 86 гадоў. У паўднёваамерыканскай краіне абвясцілі нацыянальную жалобу.
Як склалася будучыня яго дзяцей? Дачка Аніта — тая самая, што пераехала ў Беларусь, — памерла ў 1917-м у Варшаве бяздзетнай. Не пакінуў дзяцей і Эрнан Эстэван (памёр у 1931-м), які стаў святаром. Так што ўсе спадчыннікі Дамейкі — дзеці яго малодшага сына Хуана Казіміра, які памёр у 1922-м. У яго было пяцёра дзяцей, 23 унукі і 85 праўнукаў, так што род ураджэнца Беларусі ўкараніўся на чылійскай зямлі.
Магіла Ігната Дамейкі ў чылійскім Сант’яга. Фота: Ricardo Hevia Kaluf, CC BY-SA 3.0, commons.wikimedia.org
Як пісаў Адам Мальдзіс, па колькасці найменняў розных аб’ектаў у яго гонар (каля 80 станам на 2013-ы) Дамейка займае сярод ураджэнцаў Беларусі першае месца ў свеце. Гэта, напрыклад, астэроід, адкрыты ў 1975 годзе; птэрадактыль, апісаны ў 2000 годзе; Чылійскі інстытут у Вальпараіса (1990); фонд у Польшчы (1992); выкапнёвы аманіт; бібліятэка ў Сант’яга; вуліцы ў дзесяці чылійскіх гарадах; мінерал, знойдзены ў Іране ў 1949 годзе; шахта ў Чылі з вялікімі пакладамі срэбра; чыгуначная станцыя на поўначы гэтай жа краіны; музеі і залы ў самых розных дзяржавах. І гэта далёка не поўны спіс.
Цяпер у Чылі пра яго здымаюць маштабны дакументальны фільм пад назвай «Ігнат Дамейка: жывая спадчына», аднак у ім называюць галоўнага героя польска-чылійскім навукоўцам. А падчас сустрэчы Святланы Ціханоўскай з экс-прэзідэнтам Чылі Рыкарда Лагасам той шчыра здзівіўся, што навуковец родам з Беларусі. Дамейку ведаюць у свеце. Засталася самая «драбніца»: каб гэтае імя асацыявалася ў тым ліку з Беларуссю.