Да стагоддзя Васіля Быкава беларусы звярнуліся ў Міністэрства культуры з прапановай надаць пісьменніку званне Героя Беларусі, піша hrodna.life. У адказ на зварот мінкульт даслаў два сказы.
Васіль Быкаў на сцяне Старога замку ў Гродне
Чыноўнікі: «Дадзенае пытанне не разглядаецца»
У чэрвені на e-petitions.by з’явіўся зварот, у якім беларусы прапанавалі пасмяротна надаць класіку беларускай літаратуры Васілю Быкаву званне Героя Беларусі.
«З вялікім жалем мы адзначаем, што ў сваёй роднай краіне званне «Герой Беларусі» шаноўны В. Быкаў пакуль не мае. Аднак артыкул 68 Закона «Аб дзяржаўных узнагародах Рэспублікі Беларусь» прадугледжвае наданне звання «Герой Беларусі» пасмяротна», — адзначалася ў петыцыі.
Аўтары звароту лічаць, што творы пісьменніка «паставілі Васіля Быкава ў адзін шэраг з выдатнымі майстрамі вайсковай прозы ХХ стагоддзя».
Петыцыю накіравалі ў Міністэрства культуры. Адказ прыйшоў праз месяц. У ім тлумачыцца, што з прапановай надаць званне «Герой Беларусі» могуць выступаць толькі дзяржаўныя органы, пералічаныя ў Законе аб дзярдаўных узнагародах. Паводле чыноўнікаў, такіх прапаноў аб наданні Быкаву звання ў міністэрства не паступала. «Міністэрствам культуры дадзенае пытанне ў бягучы момант не разглядаецца», — падсумавалі чыноўнікі.
Васіль Быкаў нарадзіўся 19 чэрвеня 1924 года — сёлета адзначаецца 100-гадовы юбілей пісьменніка. За сваю творчасць ён неадночный атрымліваў высокія ўзнагароды, атрымаў званне Народнага пісьменніка Беларусі, быў лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі СССР.
Хто ёсць у спісе Герояў Беларусі
У спіс Герояў Беларусі на дадзены момант уваходзіць 14 асоб. У асноўным гэта людзі, якія атрымалі званне за развіццё беларускай сельскай гаспадаркі і айчынных прадпрыемстваў.
Напрыклад, за «выключныя заслугі перад дзяржавай і грамадствам» у спіс пасмяротна трапіў былы старшыня Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Дубко.
Пры жыцці званне Героя Беларусі атрымаў старшыня СПК «Кастрычнік» Гродзенскага раёна Віталь Крамко — за «самаадданую працу, выключныя заслугі ў развіцці сельскагаспадарчай вытворчасці».
Ёсць у спісе Мітрапаліт Філарэт, біятланістка Дар’я Домрачава і касманаўтка Марына Васілеўская.
Толькі адзін культурны дзеяч атрымаў званне «Героя Беларусі» — гэта мастак Міхаіл Савіцкі.
Чытайце яшчэ: «Мастацкаму таленту ў рынкавы час няма чаго рабiць». 10 знакавых цытат Васіля Быкава пра мастацтва і творчасць