Акудовіч у Віцебску. Ці знікне нацыя?

Менавіта гэтым і адрозніваюцца публічныя лекцыі «Urbi et Orbi» («Гораду і свету»), што праводзяцца Лятучым Універсітэтам. Магчымасцю дыскутаваць, незгаджацца… Мысляра, філосафа, пісьменніка Валянціна Акудовіча можна было б назваць яшчэ і правакатарам. Вядома, у добрым значэнні гэтага слова. У Віцебск ён прыехаў з лекцыяй, асноўнае пытанне якой нараджае шматлікую колькасць нязгодаў і нязгодных, вымушае думаць, мысліць, разважаць і рабіць высновы. Пытанне, зразумела, актуальнае – ці выжыве нацыя ў глабалізаваным свеце? Кожная ўвогуле і беларуская ў прыватнасці?

Таму ў гэтым артыкуле вы не прачытаеце пра з’яўленне нацыі як аднаго з дасягненняў, феноменаў еўрапейскай культуры. Адзначым толькі адно знакавае, на мой погляд, меркаванне Валянціна Акудовіча.

Беларуская нацыя ўзнікла на этнічных пачатках – свая мова, культура, традыцыі. І фарміравалася па этна-культурнай, нямецкай, мадэлі. Але мысляр лічыць, што беларусы як бы нацыі яшчэ і не маюць… Чаму? Да 1991 года ў нас не было сваёй беларускай дзяржавы, а калі і атрымалі краіну, Айчыну, то нацыю ўсё роўна не займелі. Бо недастатковымі былі рэсурсы для яе стварэння, бо занадта ж неспрыяльнымі былі ўмовы. Наша зямля доўгі час знаходзілася пад ўплывам ці лацінскай, ці візантыйскай цывілізацый. Людзі, у асаблівасці інтэлектуальная эліта, перажылі перманентны апакаліпсіс – войны, масавыя рэпрэсіі і шматразовыя высяленні… Як ў такіх абставінах сфарміраваць паўнавартасную нацыю. Але ж адбылося, але ж што-нішто маем, ёсць чым ганарыцца, ёсць што вывучаць і даследаваць…

Як дабудаваць нацыю, паспяхова завершыць яе стварэнне? Валянцін Акудовіч мяркуе, што можна скарыстацца французскай мадэллю. Асноўнае яе ўмова – усе без выключэння прадстаўнікі нацыі маюць адзін закон, аднолькавыя правы і абавязкі. Астатняе – неканстытуцыйныя рэчы. Вось такое меркаванне. І нязгода з ім часцяком даходзіць да гарачых спрэчак не толькі ў прыватных размовах, але і на старонках выданняў, і ў глабальнай інфармацыйнай сетцы.

Але ж вернемся да першапачатковага пытання. SONY DSC

Час глабалізацыі прынёс, на думку Валянціна Акудовіча, два вызначальныя для лёсу нацыі фактары. Першае – выбух камунікацыі, татальная тэхналагізацыя, а значыць – знікненне прасторы. Дзе б ты ні знаходзіўся, маючы падключэнне да інтэрнэта, можаш дасягнуць любой кропкі зямлі і нават зазірнуць далей, у космас. Стварэнне разнастайных саюзаў дзяржаў паступова сцірае межы – як паміж дзяржавамі, так і паміж людзьмі. Другое – крызіс ідэлагемнага. Закончыўся час вялікіх ідэалагічных канцэптаў. Чалавек шукае, што паставіць у аснову свайго жыцця, – і знаходзіць.

На вялікі жаль, не ў лепшы бок змяняецца тып чалавека. Запаноўвае адна ідэалогія – ідэалогія спажывання жыцця ва ўсіх магчымых варыянтах. У межах глабальнага чалавек з асобы пераўтвараецца ў спажыўца, у якога матэрыяльнае пануе над духоўным, адсутнічае прага да духоўнай эвалюцыі і развіцця інтэлекту. Чалавек застаецца без кароны – так вызначае Валянцін Акудовіч. Заканамерна, што ў такіх умовах нацыянальнае як фактар захавання чалавечай ідэнтыфікацыі губляе сваю значнасць. А значыць, можа знікнуць і сама нацыя.

Але ці ўсё так змрочна? Не. «Чалавек – не птушка. Яму вольная прастора не надта ўтульная», – сцвярджае мысляр. Нацыянальнае можа ўратавацца дзякуючы тым, хто жадае мець на галаве карону, а значыць знойдуць сваё месца мова і культура. Бо нацыя – не толькі мінулае, на якім яна базуецца, але і будучае, да якога яна ідзе.

І апошняя заўвага. Яшчэ напачатку лекцыі Валянцін Акудовіч шчыра прызнаўся: «Мысліць бывае страшна, вельмі страшна. А яшчэ больш страшна агучваць тое, што памысліў». Страшна, але трэба, неабходна – як паветра. Інакш ні жыць, ні дыхаць немагчыма. Таму ў эпоху савецкага татлітарызму Валянцін Акудовіч і любіў горы, і атрымаў майстра спотру па горным турызме. На паднябеснай вышыні можна было вучыцца свабодзе, адчуваць сябе абсалютна вольным ад сістэмы.

Валянцін Акудовіч – мысляр, філосаф, пісьменнік, рэдактар, выкладчык. Скончыў Маскоўскі літаратурны інстытут (1980). Працаваў экспедытарам, токарам, слесарам і інжынерам па металу, кіраўніком турысцкага гуртка, лодачнікам, вартаваў розныя ўстановы… Працаваў у штотыднёвіках «Культура» і «ЛіМ», часопісе «Крыніца». З’яўляўся намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Фрагмэнты», выкладае ў Беларускім калегіуме і Лятучым Універсітэце. Рэдактар філасофскага часопіса «Перекрёстки» і куратар літаратурна-філасофскага часопіса «Паміж». Аўтар філасофскіх і літаратурна-мастацкіх кніг «Мяне няма. Роздумы на руінах чалавека» (1998), «Разбурыць Парыж» (2004), «Дыялогі з Богам» (2006), «Код адсутнасці. Асновы беларускай ментальнасці» (2007). Апошняе выданне – «Кніга пра нішто» (2012).

Тэкст і фота: Алесь Замкоўскі, vitebsk4.me 

Тэгі: ,