На беларускай мове выйшаў раман Толкіна «Хобіт»

У межах адмысловай серыі «Кніжны рысь» выйшаў з друку раман-казка Дж. Р. Толкіна «Хобіт» у перакладзе на беларускую мову Франца Корзуна. Цяпер пачалася рассылка асобнікаў тым, хто папярэдне замаўляў навінку, піша bellit.info.

«Chobit»

Вокладку для беларускага выдання «Хобіта» стварыла мастачка Ірына Дражына. Таксама кніга мае графічныя ілюстрацыі ўнутры, якія зрабіла Ганна Плотнікава. «Акрамя малюнкаў да кожнага раздзела, Ганна зрабіла больш за 100 дробных «замалёвак на палях», быццам сам аўтар, пішучы тэкст, накідваў вобразы, што ўзнікалі ў ягоным уяўленні», — расказваюць пра адметнасці выдання на старонцы «Кніжны рысь».

«Chobit»

Ініцыятары выдання таксама дзякуюць за кансультацыю пры стварэнні мапаў ды іншую дапамогу і парады Андрэю Строцаву, які знаецца на толкінаўскім сусвеце.

«Хобіт» Дж. Р. Толкіна стаў трэцяй грунтоўнай перакладчыцкай працай Франца Корзуна, у чыім перакладзе раней выходзілі «Паліяна» Элінор Х. Потэр і «Лісты Круцяля» Клайва Стэйплза Льюіса.