Руіны на Ласасянцы: гісторыя млына на мяжы дзяржаў, які стаў папулярнай фотазонай у Гродне

Кожны, хто едзе з Гродна ў бок Ласосна, можа заўважыць па левы бок ад моста праз Ласасянку руіны старога млына, якія ўздымаюцца над бурлівай плынню вады. Фрагменты трох сцен — усё што засталося ад пабудовы, гісторыя якой налічвае некалькі стагоддзяў. А гэта месца магло б мець значна большы турыстычны патэнцыял, чым мае сёння, піша Hrodna.life.

Mlyn na Lasasiancy Млын на Ласасянцы ў 2017 годзе. Фота з архіву Hrodna.life

Гэты артыкул быў упершыню апублікаваны на Hrodna.life у 2018 годзе. За 7 гадоў млын сапраўды стаў турыстычнай адметнасцю і месцам для фотасэсій, але для яго выратавання нічога не было зроблена. Спецыялісты МНС і камунальных службаў Гродна ў верасні 2025 прызналі руіны млына небяспечным аб’ектам і абмежавалі доступ на іх.

Колькі гадоў млыну на Ласасянцы?

Першая вядомая нам згадка пра гэты млын, які стаяў ля «ласасінскага пруда», датуецца 1712 г. — ён ўзгадваецца ў інвентарах Гродзенскай каралеўскай эканоміі. Стан млына і плацін характарызаваўся як вельмі трухлявы. Таму цалкам магчыма, што пабудова на гэтым месцы магла з’явіцца на два стагоддзі раней — вядома, што на Ласасянцы ў пачатку XVI ст. былі як мінімум тры вадзяныя млыны.

У другой палове XVIII ст., калі на левым беразе ракі пад пільным наглядам гродзенскага старасты Антонія Тызенгаўза пачалося будаўніцтва прамысловага комплексу Кунштат (ад нямецкага «Künstätte» — горад майстроў), на месцы старога быў пабудаваны цагляны млын, які належаў каралеўскай эканоміі. Уздоўж плаціны праходзіў мост, які з’яўляўся галоўнай камунікацыяй Гродна з левабярэжжам Ласасянкі.

Mlyn u Lasosnie na maliunku Napalieona Ordy
Млын у Ласосне на малюнку Напалеона Орды, сяр. ХІХ ст.

Мяжа на Ласасянцы

Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай рэчышча Ласасянкі стала дзяржаўнай мяжой Расійскай Імперыі і Прускага Каралеўства, а пасля — мяжой Гродзенскай губерні і Царства Польскага. Вёска Ласосна апынулася па той бок мяжы, а млын застаўся на тэрыторыі Гродзенскай губерні.

Pamiežny slup lia Lasosna Памежны слуп ля Ласосна, пач. ХІХ ст.


Мост-плаціна быў паўнавартасным памежным пераходам: ля яго ўзвялі будынак мытні, будку вартаўніка, побач была карчма. Тут жа на мяжы XVIII і ХІХ стст. з’явіўся мураваны памежны слуп — чатырохвугольную канструкцыю вышынёй каля шасці метраў, якая завяршалася чатырохсхільным дахам. Абапал слупа была драўляная агароджа, ля якой знаходзіліся «ўказальныя дошкі». Яны, хутчэй за ўсё, паказвалі напрамак і адлегласць да найбліжэйшых вялікіх населеных пунктаў.

Губернскія ўлады сачылі за яго станам. Так, у 1836 г. у Ласосну накіраваўся памочнік губернскага архітэктара, які заўважыў, што на слупе месцамі паадвальвалася тынкоўка, а каменныя сходы ля яго асновы былі не вельмі трывалыя. Пасля рамонту слуп яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў служыў свайму прызначэнню, але да нашага часу не захаваўся.

Ад выдатнага стану да разбурэння: млын на Ласасянцы ў XIX і XX стст.

Пасля ліквідацыі Рэчы Паспалітай і Гродзенскай каралеўскай эканоміі млын стаў прыватнаўласніцкім. У дакументах апісваецца гісторыя, як у 1820 г. яго гаспадар, яўрэй Меер Заляшанскі, скардзіўся гарадскім уладам, што паручнік англійскіх войск О’Брыен дэ Ласі разбурыў дарогу з дрэва, якая з даўніх часоў вяла з «Гродна да ласасянскага млына», і выкапаў ірвы, што стварыла цяжкасці для таго, каб туды дабрацца. Пастаянная дабудова млына і павелічэнне яго ў аб’ёме сведчаць, што ён карыстаўся попытам.

У другой палове ХІХ ст. млын згарэў. У 1883 г. гаспадар Вольф Вільбушэвіч атрымаў дазвол у губернскіх улад яго перабудаваць. У пачатку ХХ ст. праз Ласасянку метраў 200 ніжэй па цячэнні праклалі вялікі мост з адной каменнай апорай і плаціна назаўсёды страціла значэнне галоўнай камунікацыі.

Schiematyčny razrez lasasianskaha mlyna, 1883 h. Схематычны разрэз ласасянскага млына, 1883 г. Правая частка першага яруса — рэшткі больш старога млына часоў Тызенгаўза


Lasasianka na planie 1883 h.
Ласасянка на плане 1883 г. Справа ўнізе відаць ласасянскі млын з карчмой

Prajekt pierabudovy mlyna
   Праект перабудовы млына на Ласасянцы. 1883 г.


Пасля Першай сусветнай вайны вадзяны млын не пацярпеў і працягваў спраўна працаваць. Ля яго стаяў вялікі драўляны дом гаспадара. Пасля прыходу савецкай улады дом быў нацыяналізаваны і ў яго засяліліся чатыры сям’і. Сцены млына пачалі паступова разбіраць на цэглу і камяні мясцовыя жыхары.

Most praz Lasasianku na pačatku XX st.
Мост праз Ласасянку на пачатку XX ст.

Млын сёння

Пад адкрытым небам разваліны старажытнай пабудовы змогуць прастаяць не так шмат часу. З кожным годам шанцаў на аднаўленне або кансервацыю млына ўсё менш. Між іншым, калі адбудаваць у комплексе млын, плаціну, памежны слуп, карчму, гэтае месца мела б вельмі вялікі турыстычны патэнцыял.

Kamiennyja žorny
Велізарныя каменныя жорны ляжаць недалёка ад развалін млына на Ласасянцы. Некалькі год назад невядомыя скралі аналагічны камень

Mlyn u Lasosna na Lasasiancy
Млын у Ласосна на Ласасянцы ў 2017 годзе