Гурт Akute прадстаўляе на партале Tuzin.fm свой новы максы-сынгл «Iholki», куды ўвайшлі новыя вэрсіі кампазыцыі з выдадзенага ўвесну альбома «Nie isnuje». Рэміксы на яе зрабілі менскі бітмэйкер Deech і магілеўскі электронны праект Pryzma. А загалоўнай кампазіцыяй сынгла стаў адноўлены арыгінал. На дыску ёсьць яшчэ адзін сюрпрыз.
Да выданьня максы-сынгла «Iholki» музыкаў з гурта Akute падштурхнула жаданьне паказаць арыгінальную вэрсію аднайменнай песьні, што стала адным зь гітоў другога паўнафарматнага дыску «Nie isnuje». «Справа ў тым, што падчас зьвядзеньня альбому мы ніяк не абмяжоўвалі творчую свабоду Жэні Сухавея, – тлумачыць бас-гітарыст Раман Жыгараў. – У выніку у трэку «Iholki» ён магічным чынам ператварыў гітару ў арган. Шмат хто нават потым ня верыў нам, што там гучыць менавіта гітара». Адмыслова для выданьня ЕP музыкі папрасілі зрабіць гітарную вэрсію, каб усе іх слухачы атрымалі магчымасьць пачуць песьню ў пачатковым выглядзе. Дадаткова рэміксы на яе зрабілі менскі бітмэйкер Deech і магілеўскі электронны праект Pryzma.
На дыску прысутнічае яшчэ адна цікавастка – электроннае пераасэнсаваньне першага гіта каманды «Адзіноцтва», які доўгі час быў на вяршыні гіт-параду на Tuzin.fm. Зрабіў рэмікс беларускі бразілец – DJ Boston. Прадусар і аранжавальнік, які цяпер стала жыве за акіянам, нядаўна адкрыў для сябе Akute і пацешыўся з таго, што ў яго краіне робяць актуальную рок-музыку на беларускай мове. «Я маю намер дапамагаць у прасоўваньні беларускіх праектаў у Бразіліі, таму зьявілася ідэя зрабіць рэмікс, які мог бы гучаць тут на дыскатэках і радыё. Днямі адбылася прэм’ера і водгукі былі выключна станоўчымі», – распавядае DJ Boston.
На сваім бліжэйшым сольным канцэрце Akute сыграе галоўныя гіты з сваіх двух альбомаў, а таксама пакажа намёткі новага матэрыялу. Адмыслова да канцэрту рыхтуецца відэашэраг ад Сяргея Новікава, вядомага па супрацы з гуртом «Серебряная свадьба».
Спамваць усе песьні самотніка адным файлам.
Музыка: Стас Мытнік, Раман Жыгараў (1), Стас Мытнік, Раман Жыгараў, Pryzma (2),
Стас Мытнік, Раман Жыгараў, Deech (3), Стас Мытнік, Раман Жыгараў, DJ Boston (4).
Словы: Раман Жыгараў
Фота для вокладкі: Надзея Зуй.