Удзельнік гурта LitvinTrol Алег Клімчанка памёр на сцэне фэстываля Mass Medium, што праводзіўся 2 верасьня ў Гомелі. Паводле папярэдняй інфармацыі, сьмерць прыйшла ад удара токам, але арганізатары абвяргаюць гэту вэрсію.
Як распавёў ТГ вакаліст гурта LitvinTrol Андрэй Апановіч трагічны выпадак здарыўся падчас саўндчэку гурта на сцэне Гомельскага гарадзкога цэнтра культуры ўвечары 2 верасьня на фэстывалі Mass Medium. “Мы выйшлі на наладку. Я быў на сцэне, але не побач з Алегам. У пэўную хвіліну павярнуўся і проста афігеў, калі пабачыў, што ён ляжыць. Выклікалі хуткую, а канцэрт спынілі…Мы ня можам паверыць у тое, што здарылася і не знаходзім слоў”. Па абедзе 3 верасьня цела Алега будзе прывезена ў Менск.
Алег Клімчанка меў 35 год, граў у гуртах Ossuary, Partyzone, а ў 2005 годзе ўвайшоў у склад Litvintroll.
Паводле папярэдняй вэрсіі, музыкант памёр ад удара токам. Аднак, арганізатар канцэрту Павал Паўліхін абвергнуў гэтую вэрсію ў камэнтары для “Тузіна Гітоў”: “Тая інфармацыя, якая была распаўсюджана ў сеціве наконт таго, што Алега ўдарыла токам і ён не загінуў не адпавядае рэчаіснасьці. Зараз у нас працуюць судмедэкспэрты і яны прыйшлі да высновы, што ў музыканта спынілася сэрца падчас яго выхаду на сцэну”. Арганізатары рыхтуюць афіцыйную заяву адносна гэтага здарэньня пасьля поўнай сканчэньні праверкі.
У гісторыі беларускай музыкі гэта ня першы выпадак, калі музыкант памірае на сцэне. Улетку 2007 году падчас канцэрта ў Барысаве загінуў 31-гадовы сьпявак Васіль Мядуніцкі.
SB, «Тузін Гітоў»