Раіса Баравікова памерла ў ноч на 26 мая 2026 года. Пра гэта паведамілі ў сацсетках яе родныя, піша «Наша Ніва». Ёй было 79 гадоў.
Раіса Баравікова
Раіса Баравікова нарадзілася ў 1947‑м у вёсцы Пешкі Бярозаўскага раёна ў сям’і служачага. Працавала літаратурным супрацоўнікам у быхаўскай раённай газеце «Маяк Прыдняпроўя». Скончыла аддзяленне мастацкага перакладу Літаратурнага інстытута ў Маскве (1971). Працавала рэдактарам кінастудыі «Беларусьфільм» (1971—1972). У 1972—1977 гадах — карэспандэнтка газеты «Літаратура і мастацтва», у 1983—88 — літаратурная кансультантка рэдакцыі газеты «Чырвоная змена».
У 1996—2000 гадах намесніца, у 2000—2002 гадах галоўная рэдактарка часопіса «Алеся». Галоўная рэдактарка часопіса «Маладосць» (2002—2011). Супрацоўніца газеты «Літаратура і мастацтва» (2011—2012).
Аўтарка зборнікаў паэзіі «Рамонкавы бераг» (1974), «Слухаю сэрца» (1978), «Такое кароткае лета» (1981), «Адгукнуся голасам жалейкі» (1984), «Каханне» (1987), «Пад небам першага спаткання» (1990), «Люстэрка для самотнай» (1992).
Аўтарка п’ес «Барбара Радзівіл» (паст. 1994), «Пятля часу» (1996).
Выдала кніжку казак і апавяданняў для дзяцей «Галенчыны “Я”, альбо Планета Цікаўных Хлопчыкаў» (1990), зборнік апавяданняў «Вячэра манекенаў» (2002).
Узнагароджаная Літаратурнай прэміяй Саюза пісьменнікаў БССР імя Аркадзя Куляшова (1988) за кнігу лірыкі «Каханне», а таксама Дзяржаўнай прэміяй Беларусі ў галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры (1994) — за кнігу паэзіі «Люстэрка для самотнай».