Выйшла па-польску новая кніжка пра Кобрын

Сёлета па-польску выйшла кніга «Trzy razy Kobryń» (Тры разы Кобрын). Яе надрукавала выдавецтва Austeria, сядзіба якога месціцца адразу ў Кракаве, Будапешце і Сіракузах. Аўтарка твора Хэлена Ліндскуг дзеліцца сваімі нататкамі з наведвання Кобрына ў 1988, 2017 і 2019 гадах. Перад Другой сусветнай вайной у горадзе жыў яе бацька-габрэй. Кніга каштоўная не толькі ўспамінамі пра Кобрын, але і апісаннем важных дэталяў познесавецкай штодзённасці.

«Trzy razy Kobryń»

Тонкая кніжыца «Trzy razy Kobryń» (Тры разы Кобрын) змяшчае нататкі з падарожжаў у гэты заходнепалескі горад аўтаркі Хэлены Ліндскуг, якая жыве ў Швецыі. Кобрын цікавіў яе як малая радзіма бацькі-габрэя. Між 1939 і 1941 гадамі, пасля прыходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь, шмат габрэйскіх і польскіх жыхароў Кобрына было вывезена ўглыб СССР. Бацька Хэлены Ліндскуг тады меў 30 год. «Дзякуючы» гэтай дэпартацыі ён перажыў Халакост. А вось яго сям’я (бацькі, сёстры, швагры і пляменнікі) трапілі спачатку ў кобрынскае гета, а потым былі расстраляныя ля Броннай Гары.

Кніжка складаецца з трох глаў аб падарожжах Хэлены Ліндскуг у Кобрын: першае 28 ліпеня 1988 г., другое ў жніўні 2017 г. і трэцяе ў ліпені 2019-га.

1946: некалькі гадзін у Кобрыне, якія запомніліся на ўсё жыццё

На самай справе твор змяшчае яшчэ ўспаміны аб падарожжы праз Кобрын бацькоў аўтаркі ў 1946 г. Яны пабраліся недзе над Волгай, і калі скончылася вайна, скарысталіся правам бацькі Хэлены, грамадзяніна ІІ Рэчы Паспалітай, на рэпатрыяцыю ў Польшчу. Тады пара правяла ў Кобрыне ўсяго некалькі гадзін.

Да самай смерці бацька аўтаркі шкадаваў, што заехаў туды. Ён наведаў кватэру, дзе жыў з сям’ёй да вайны, і пабачыў у ёй новых жыхароў, якія карысталіся іх старой мэбляй. Калі яму адчынілі дзверы і даведаліся, што ён стары ўладальнік, у яго з’явілася думка, што ён можа быць забіты на месцы: «Будуць жа бараніць сваю новую маёмасць. Не могуць аддаць здабытага раю. Ім абяцалі, што нас усіх забілі немцы». Аднак, ён патлумачыў новым гаспадарам, што едзе ў Польшчу і не будзе прэтэндаваць на маёмасць. Сеў з імі за стол, хаця ўвесь час іх баяўся. З палёгкай пакінуў кватэру. Вось як ён апісваў цэнтр Кобрына: «Я хадзіў па рынкавай плошчы, якая ўжо не была ў брудзе. Яе выклалі надгробнымі помнікамі з прылеглых жыдоўскіх могілак».

«Pierajezd u novuju kvateru»
Аляксандр Лакціёнаў. «Пераезд у новую кватэру». 1952 г.

1988: паездка з бацькам у Кобрын

У 1988 г. Хэлена Ліндскуг наведала Кобрын разам з бацькам, які праз два гады памёр.

Ён ледзь пазнаў рынкавую плошчу: «А, гэта ўласна там знаходзіўся вялікі гандлёвы плац. Аграмадны, з сотнямі малых крамак і шапікаў на колах, з якіх мужчыны з пэйсамі і ў доўгіх чорных каптанах спрабавалі прадаць усё, што можна было. Крычалі адно да аднаго на ідыш. З павагай звярталіся да прадстаўнікоў польскай улады, бо ўлада мела грошы. Сварыліся з сялянамі па-беларуску ці па-ўкраінску. Шмат крычалі і спрачаліся. Прадавалі мала. Было цесна. Пахла часнаком, памётам курэй і свежаспечаным хлебам».

Пра расстрэлы габрэяў з гета наведнікам з-за мяжы распавёў мясцовы жыхар: «Першы вываз быў у 42-м годзе. Яны сабраліся ўсе разам, і равін ім сказаў, што нікому нельга супраціўляцца. Што павінны ісці спакойна, бо надышлі такія часы. Сказаў ім гэта ў Вялікай сінагозе, бо іх усіх туды сабралі».

Хэлена Ліндскуг занатавала ўспаміны не толькі ўласна пра Кобрын, але і агулам з паездкі, таму з кнігі можна даведацца пра дэталі познесавецкай штодзённасці.

2017: Кобрын, Гарадзец і месца расстрэлу сям’і

У другую паездку, у 2017 г., ужо адна, Хэлена Ліндскуг наведала вёску Гарадзец, дзе яе бацька нарадзіўся і жыў першыя гады, да пераезду ў Кобрын, і месца расстрэлу яго сям’і ля Броннай гары.

У тую вандроўку аўтарка заўважае, што ў параўнанні з 1988 г. у Кобрыне адноўлены каталіцкі касцёл, унутры якога раней нават раслі дрэвы, але цалкам занядбаны будынак сінагогі, у якім за савецкім часам месцілася фабрыка безалкагольных напояў. У Гарадцы яе ўражваюць козы, што ходзяць па вуліцы, і бюст Фелікса Дзяржынскага.

2019: Кобрын, сінагога ў аварыйным стане

Трэцюю вандроўку Хэлены Ліндскуг у 2019 г. арганізуе ініцыятыўная група Музея жыдоў у Мінску. У праграму ўваходзіць наведванне розных беларускіх гарадоў, у т. л. Мінска, Віцебска і Наваградка. Адзін дзень кожны з групы людзей, што маюць продкаў-жыдоў з Беларусі, праводзяць у мясцінах, якія іх цікавяць, з мясцовым краязнаўцам. Аўтарка, канечне, выпраўляецца ў Кобрын. Гэтым разам яна нарэшце ўваходзіць унутр будынка сінагогі, хоць яна і ў аварыйным стане.

Краязнаўца Юры Б. распавядае ёй, што святыню выкупілі ў гарадскіх уладаў нашчадкі кобрынскіх жыдоў і хацелі аднавіць, але аказалася, што яшчэ раней будынак прадалі нейкім бізнесменам пад знос. Трывала справа аб высвятленні права ўласнасці, а сінагога тым часам разбуралася.

Synagogue_in_Kobrin_1b.jpgСучасны выгляд сінагогі ў Кобрыне. Фота з Вікіпедыі

Кнігу «Trzy razy Kobryń» надрукавала выдавецтва Austeri. Твор выйшаў у серыі «З рукапісаў».

Алеся Лях, budzma.org
Фота з сайта lubimyczytac.pl
Пераклады фрагментаў кнігі – Алеся Лях