Яе называлі «беларускім Траццяковым», а чуткі сцвярджалі, што Аладава ездзіць па краіне з вялікай валізай грошай. Апантаная збіральніца мастацтва магла ў бруднай анучы ўбачыць шэдэўр, а каб займець каштоўны экспанат ішла на любыя авантуры. «Салідарнасць» сабрала цікавыя факты пра Алену Аладаву — жанчыну, якая стварыла Нацыянальны мастацкі музей і здабыла для Беларусі тысячы мастацкіх скарбаў.
Алена Аладава нарадзілася 22 мая 1907 года ў Пружанах у сям’і настаўнікаў. Школу скончыла ў Парычах, куды яе бацька Васіль Пук быў пераведзены на пасаду загадчыка. Лёс родных склаўся трагічна. Маці памерла, калі Алене было 18 гадоў (дзяўчына на той момант была студэнткай Белдзяржуніверсітэта).
Бацькі Алены Аладавай: Васіль Ісаевіч Пук і Алена Сільвестраўна Пук
А праз 5 гадоў сям’ю напаткала новае гора. 27 жніўня 1930 года Васіль Пук быў арыштаваны. Педагога абвінавацілі ў контррэвалюцыйнай дзейнасці і хутка расстралялі ў Оршы.
Да таго моманту ў Алены была ўжо свая сям’я. Перажыць трагедыю дапамог маленькі сын — ён нарадзіўся незадоўга да таго, як расстралялі дзеда. Свайму першынцу Аладавы далі незвычайнае імя Вальмен (у будучыні Вальмен Аладаў стане вядомым архітэктарам). Дарэчы, імёны ўсіх трох дзяцей Алены даволі незвычайныя. Другога сына яны назвалі Гельмірам, а дачку Радаславай.
Са сваім мужам, вядомым беларускім кампазітарам і першым рэктарам Беларускай кансерваторыі Алена Аладава пазнаёмілася яшчэ ў студэнцкія гады. Дзяўчына тады круцілася ў творчым асяроддзі. Паралельна з навучаннем у БДУ, яна падзарабляючы ў Беларускім дзяржаўным музеі ілюстратарам, наведвала вячэрнюю рабочую студыю выяўленчага мастацтва пры Доме Мастака, друкавалася з аглядамі ў прэсе. І, вядома, мела сяброўства з мноствам творчых асобаў.
Алена Аладава была адной з першых студэнтак Белдзяржуніверсітэта, які толькі адчыніўся. Вядомы фінскіх мастак Аляксандры Ахола-Вало, які ў тыя часы жыў у Мінску, нават вылепіў скульптурны партрэт Алены, а мастак Міхаіл Філіповіч падараваў ёй некалькі сваіх твораў.
Вядома, Мікалай Аладаў быў скораны такой дзяўчынай. Ён прысвяціў Алене некалькі рамансаў на вершы Янкі Купалы і прапанаваў самае каштоўнае, што меў, руку і сэрца. Алена не адмовіла. Праўда, распісалася пара не адразу — у тыя гады рэгістрацыю шмат хто лічыў мяшчанствам. Афіцыйна свой шлюб яны зарэгістравалі толькі ў 1943 годзе, калі знаходзіліся ў эвакуацыі ў Саратаве.
Алена і Мікалай Аладавы. 1928 год
Аб насычаным жыцці Аладавых у інтэрв’ю Сitydog узгадвала адна з супрацоўніц Нацыянальнага мастацкага музея Надзея Усава. Паводле яе словаў, у кватэры на вуліцы Янкі Купалы, дзе жыла пара, жылі не толькі сваякі Алены, але і сваякі Мікалая Аладава, іх трое дзяцей, а яшчэ студэнты кансерваторыі.
Там быў сапраўдны табар — 15 чалавек. Ёсць гісторыя пра тое, як Мікалай Аладаў пісаў музыку. Ён садзіўся за фартэпіяна, накрываўся пінжаком, каб не чуць дзіцячых крыкаў і шуму, і такім чынам складаў свае знакамітыя кантаты.
Сям’я Аладавых, 1937 год. Фота з сямейнага архіва
Але цяжкасці толькі гартавалі адносіны. Часта здараліся непрадбачаныя сытуацыі. Аўтарытэт Аладавай быў такі ўплыовы, што, бывала, некаторыя калекцыянеры і мастакі аддавалі ёй карціны «на захоўванне», пагаджаючыся пачакаць, пакуль музей пералічыць грошы. Праблемы ўзнікалі падчас праверкі дзяржкантролю — у выніку Алене даводзілася пакрываць выдаткі з сямейнага бюджэту. Муж жартаваў: «Я граю на Ленін музей». Але ён быў абсалютна не супраць.
Свой музейны шлях Алена Аладава пачынала ў першай карціннай галерэі ў Мінску, якая распачала працу ў 1939 годзе. Яе добра ведалі, як выдатнага экскурсавода.
Калі на шосты дзень вайны Менск занялі немцы, супрацоўнікі музея былі ў паніцы. Загаду на эвакуацыю калекцыі не паступала. Немагчымым апынулася нават вывезці каштоўнасці ў бяспечнае месца — грузавік, на якім можна было б гэта зрабіць, рэквізавалі дзеля патрэбаў вайны. Уладам перш за ўсё значна было вывезці з Мінска архівы КДБ, а не нейкія там музейныя рарытэты.
Адзінае, што паспелі зрабіць Алена Аладава з дырэктарам карціннай галерэі Мікалаем Міхалапам, гэта схаваць слуцкія паясы — яны паклалі іх у дрывотню на задворках галерэі. Верылі, што немцы тут ненадоўга. Але нажаль...
Як толькі супрацоўнікі галерэі пакінулі будынак, пачалося рабаванне калекцыі самімі ж мінчукамі. Месцічы залезлі ў музей, пачалі выцягваць радзівілаўскую калекцыю: дарагія грузінскія дываны, імянную зброю, творы палескіх майстроў — словам, усё, што мела каштоўнасць, узгадвае Надзея Усава.
Усё сваё жыццё Алена Аладава потым адчувала віну, што не здолела уратаваць калекцыю. Таму, калі пасля вайны яна стала дырэктарам галерэі, сваёй першай задачай паставіла аднавіць страчаныя каштоўнасці. І зрабіла гэта. Практычна адзінаасобна яна дала рады ўваскрасіць разрабаваную ў гады вайны карцінную галерэю і сабраць столькі шэдэўраў, што яшчэ пры яе жыцці пра беларускую музейную калекцыю жывапісу загаварылі як пра найбуйнейшую ў Еўропе.
Яна мела сяброўства з нашчадкамі знаных радоў і знакамітасцямі, захопленымі выяўленчым мастацтвам, часта страчвала на карціны свой заробак. Да 1977 года фонд музея, адноўлены намаганнямі мастацтвазнаўцы, налічваў больш за 15 000 экспанатаў.
У лістападзе 1941 года Алена Аладава была эвакуявана ў Саратаў, куды суправаджала уратаваныя творы з віцебскіх і мінскіх галерэй. У эвакуацыі працягвала сваю дзейнасць у Мастацкім музеі імя Радзішчава. А пасля зноў вярнулася ў Мінск. Аладавай прапанавалі ўзначаліць перспектыўны тады Музей Вялікай айчыннай вайны, але яна адмовілася — хацела працаваць менавіта ў карціннай галерэі.
У разбураным Мінску абодва музэі месціліся ў адным будынку — былым Доме прафсаюзаў на плошчы Свабоды. Тут жылі і іх супрацоўнікі, у тым ліку сям’я Аладавых з дзецьмі. Музей, які ўзначаліла Алена, займаў усяго 8 пакояў.
У канцы 40-х улады задумваюць будаваць Нацыянальны мастацкі музей. Уявіце: горад ляжыць у руінах, а ўрад вырашае, што людзям пасля вайны патрэбныя відовішча. Пачынаецца ўзвядзенне стадыёна і цырка. А разам з імі практычна адначасова разгортваецца будаўніцтва Мастацкага музея, — і гэта ў першую чаргу заслуга Аладавай. Яе няўрымслівая апантанасць мастацтвам і добрыя адносіны з тагачасным сакратаром ЦК КП(б) Беларусі Панцеляймонам Панамарэнка не раз дапамагалі вырашаць нават самыя неверагодныя задачы.
Будынак праектавалі і ўзводзілі дзевяць гадоў. Дарэчы, Алена Аладава разам з архітэктарам Бакланавым хацела узвесці музей зусім у іншым месцы — там, дзе зараз стаіць міністэрства замежных спраў: на ўзгорку з выглядам на раку Свіслач. Але амбіцыйныя планы прыйшлося згарнуць. Для музея выдзелілі вузкую прастору па вуліцы Леніна.
У 1957 годзе ён адчыніўся — і гэта быў першы будынак у СССР, які спраектавалі адмыслова пад музей.
Галоўнай мэтай Алены Аладавай на пасадзе кіраўніка музея было аднаўленне страчанай калекцыі і папаўненне новай. Даваенная галерэя — гэта нацыяналізаваныя творы мастацтва, якія дастаўлялі ў Мінск з сядзіб і замкаў. Як правіла, гэтыя калекцыі ўключалі ў сябе творы заходняга, расійскага і мясцовага мастацтва.
Алена Аладава таксама намагалася купляць тыя працы, якія былі напісаны ў Беларусі, ці тых мастакоў, у біяграфіі якіх быў «беларускі след». Для гэтага праводзілася вялізная даследчая праца. У выніку беларускую «прапіску» вярнулі мноству класікаў выяўленчага мастацтва, такіх як Іван Хруцкі, Юдэль Пэн, Сяргей Заранка, Апалінарый Гараўскі, Станіслаў Жукоўскі...
Набываліся працы Шышкіна, які бываў у Беларусі, Рэпіна, у якога была дача пад Віцебскам, — усё гэта папаўняла калекцыю музея.
Адным з неверагодных дасягненняў Алены Аладавай з’яўляецца вяртанне ў Беларусь Вітольда Бялыніцкага-Бірулі. Яшчэ ў 1945 годзе яна набыла 10 яго пейзажаў і напісала артыкул, дзе назвала беларускім мастаком, хаця той ужо 50 гадоў не жыў у Беларусі. Дзякуючы намаганням Аладавай, улады далі сям’і Бялыніцкага-Бірулі Белую лецішча ў Курасоўшчыне, дзе ён на працягу двух месяцаў напісаў больш за 30 беларускіх пейзажаў.
Напрыканцы 40-х Бялыніцкі-Біруля на з’ездзе мастакоў голасна заяўляе аб тым, што ён беларускі мастак. Вось так, дзякуючы Аладавай, Беларусь набыла класіка пейзажнага мастацтва.
За Аладавай неўзабаве замацавалася легенда, што яна ездзіць па краіне з вялікай валізай грошай. Ёй сталі пісаць калекцыянеры са ўсіх бакоў СССР. Яна ездзіла, глядзела, адбірала, купляла. У Траццякоўскай галерэі казалі: «Дзе Аладава пройдзе, нам ужо рабіць няма чаго».
Але, вядома, не ўсё атрымлівалася здабыць: нешта зводзіла Масква, як знакамітую «Партызанскую мадонну» Савіцкага. Праз 11 гадоў Савіцкі на просьбу Аладавай напісаў мінскі варыянт, «Мадонну Мінскую».
Дарэчы, некаторыя працы Алена Аладава здабывала хітрасцю. Супрацоўнікі музея ўзгадваюць гісторыю, як у Мінску з’явіўся партрэт Кацярыны Другой пэнзля, як тады лічылі, Рокатава. «Кацярыну» Аладава фактычна «вырвала» ў Рускага музея. Убачыла на рэстаўрацыйным стале і зразумела, што без яе мінскаму музею ніяк.
Выпадкова намеснік дырэктара Рускага музея апынуўся аднакурснікам Аладавай, а сам дырэктар у гэты дзень быў у камандзіроўцы. Вось Аладава і ўгаварыла свайго аднакашніка, які ў адсутнасць начальніка меў права подпісу, падпісаць загад аб перадачы гэтага партрэта музею ў Мінску.
Аладава хутка спакавала працу, села ў цягнік і ў той жа дзень выехала ў Беларусь. На наступны дзень дырэктар Рускага музея вярнуўся з камандзіроўкі — быў жудасны скандал. Але яму сказалі: «Аладава ўжо на пад’ездзе да Мінска, няўжо ж вы, будзеце скандал такі ладзіць?». І Кацярына апынулася ў Мінску.
Аладава знаходзіла ўнікальныя палотны ў самых нечаканых месцах, яна на вока беспамылкова магла вызначыць сапраўднасць шэдэўраў. За ёй музеем было праведзена 30 экспедыцый, даследавана больш за 700 касцёлаў і цэркваў заходніх раёнаў Беларусі.
З сутарэнняў гродзенскага брыгіцкага манастыра дырэктарка сама выцягвала напаўзгнілыя, сточаныя шашалем абразы XVII ст., у Дрысвятах знайшла цудам ацалелыя слуцкія паясы, у Пружанскім раёне — саламяную царскую браму і разны іканастас. Зараз усё гэта — нацыянальная гісторыка-культурная спадчына.
Вядомая гісторыя, як Аладава «выцягнула» з Кальварыі працу Яна Дамеля, якой мы зараз ганарымся. Знайшла брудную анучу, на якой незразумела што было намалявана. Ніхто не разумеў, а Алена нават не сумнявалася ў сапраўднай каштоўнасці гэтай знаходкі. Яна прачытала ва Уладзіслава Сыракомлі, што на гэтай «анучы» павінна быць праца Яна Дамеля «Маленне аб чашы».
Больш за 60 гадоў палатно праляжала ў фондах музея. І толькі ў 2017 годзе, калі Мінск адзначаў сваё 950-годдзе, гораду зрабілі падарунак і адрэстаўравалі карціну. Цяпер яна з’яўляецца часткай экспазіцыі музея.
Алена Аладава займала пасаду дырэктара Нацыянальнага мастацкага музея ажно да 1977 года. Аднак і пасля сыходу на пенсію працягвала наведваць сваё дзецішча, была кансультантам музея.
Памерла Алена Аладава 29 траўня 1986 года. У 1998 годзе на будынку Нацыянальнага мастацкага музея з’явілася яе мемарыяльная дошка. А да 100-годдзя з дня нараджэння быў выпушчаны паштовы канверт з выявай будынка Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі і маркай з партрэтам Аладавай, а таксама памятныя сярэбныя манеты Нацбанка.
Сёння ў Мінску ёсць таксама вуліца Аладавых — у гонар вядомага кампазітара і ягонай жонкі — жанчыны, без якой немагчыма ўявіць гісторыю беларускага мастацтва.