У Гомельскім гарвыканкаме працуе выстава органаў кіравання, якая адлюстроўвае іх гісторыю з часоў сярэднявечча да нашых дзён. «Штодзень» распытаў гарадскога гісторыка пра ягонае стаўленне да ідэі гарадскіх уладаў і чаго ці каго не хапае на гэтай выставе. Аляксей цяпер жыве ў Гомелі і таму пажадаў застацца ананімным.

Як вы ацэньваеце гэтую экспазіцыю?
— Тое, што стваральнікі экспазіцыі ў Гарвыканкаме пачалі не ад савецкага перыяду і нават ад Расейскай Імперыі — гэта вялізны крок наперад, які дае надзею, што людзі там яшчэ не зусім ідэалагічна зацюканыя.
Меркаваны выгляд гістарычнага герба Гомеля (першы злева)
На выставе нават змясцілі выяву гістарычнага герба Гомеля 1560 г., герба з крыжом, што проста нельга было ўявіць яшчэ 10 гадоў таму. Праўда, саму ілюстрацыю герба скачалі з Вікіпедыі і пабаяліся даць яе каляровае рашэнне, прадставілі герб у такім нейтральна шэрым варыянце, бясколерным, скажам так. Бо ў рэальнасці там вялікі белы крыж на чырвоным фоне, што выклікае адразу падазроныя асацыяцыі з не той гістарычнай сімволікай і аўтары экспазіцыі вырашылі перастрахавацца. Але сам факт таго, што яны ўжо дараслі, каб прызнаваць, што ў Гомеля яшчэ да герба сярэдзіны ХІХ ст. з выявай рысі быў больш старажытны герб, ён вельмі паказальны.
Партрэт гомельскага старасты Міхала Фрыдэрыка Чартарыйскага. Другая палова XVIII ст.
Па-другое, на выставе пададзены шэраг партрэтаў гомельскіх стараст XVI-XVIII ст., што таксама вельмі добра. Але на самой справе ў нас амаль няма нармальных апісанняў гісторыі Гомеля і сістэмы яго кіравання перыяду ВКЛ і Рэчы Паспалітай, ёсць толькі адна кніга Алега Анатовіча Макушнікава 2002 года выдання. Больш у нас ніхто не даследаваў гэтую тэму.
Напрыклад, Міхал Чартарыйскі, партрэт якога ёсць на выставе, быў гомельскім старастам, але ён быў таксама і трэцяй асобай у Рэчы Паспалітай (канцлер Вялікага княства Літоўскага), і ў Гомелі яўна ўвесь час не сядзеў, добра калі ўвогуле некалькі разоў у ім асабіста быў. А горадам кіравалі яго намеснікі, імёны якіх і дзейнасць нам абсалютна невядомы. І такіх пытанняў вельмі шмат, на якія няма адказу, гэта белыя плямы гарадской гісторыі.
Гэтая выстава, пры ўсіх яе відавочных плюсах, чарговы раз падсвяціла старую праблему: у нас вельмі мала даследаванняў гарадской гісторыі, таму што няма спецыялістаў. У Гомелі можа два дзясяткі гісторыкаў, што займаюцца даследаваннямі яго гісторыі, і робяць яны гэта хутчэй не таму, што ім за гэта плацяць заробак, а таму, што ім асабіста цікава і яны ў сілу свайго характару не могуць не даследаваць родны горад. Фактычна ў горадзе няма замовы на навуковую распрацоўку тэм па гарадской гісторыі, горад і гарадскія ўлады не ставяць пытанне пра рэальныя даследаванні. Бо каб вывучыць гэтыя тэмы, трэба кагосьці адпраўляць ездзіць па архівах — беларускіх, расійскіх, украінскіх, польскіх, літоўскіх. А гэта цяжка, дорага, займае гады карпатлівай працы, а якасны вынік праз некалькі месяцаў хутка не пакажаш. Бо нельга ўзяць любога чалавека з вуліцы і дырэктыўна загадаць яму рабіць адкрыцці па гісторыі горада, маўляў «учора ты быў БРСМ-маўскім арганізатарам суботнікаў, а цяпер будзеш рыхтаваць энцыклапедыю па гісторыі горада». Так не працуе, якасныя даследаванні робяцца гадамі, дзесяцігоддзямі і пакаленнямі, і рэдкі чалавек у горадзе пагадзіцца ўсе гэтыя гады займацца сур’ёзнай тэмай без годнай аплаты сваёй працы. А аплаты на даследаванне гарадской гісторыі ў бюджэце горада ніколі не прадугледжвалася. У адрозненне ад затрат на прапагандысцкую агітацыю.
Касцёл у 1848 годзе, справа — Ратуша. Фота: wikiwand.com
Тое самае можна казаць і пра тэму гарадскога самакіравання Гомеля XIX — пачатку XX стагоддзя, якая вельмі мала асветлена на выставе. З гомельскіх даследчыкаў на гэту тэму пісаў хіба што толькі адзін Генадзь Аляксандравіч Аляксейчанка з універсітэта Скарыны, але абагульняючых кніг па гэтай тэме няма, толькі асобныя артыкулы.
У прынцыпе такая сітуацыя фактычна з любымі тэмамі па гісторыі Гомеля. Нават археалагічнае даследаванне горада ідзе толькі ў якасці «ахоўных раскопак» калі чарговую цеплатрасу мяняюць, а не ў якасці мэтанакіраваных планавых навуковых даследаванняў.
А каго варта было б дадаць да экспазіцыі?
Дзякуючы кнізе Льва Вінаградава «Гомель. Его прошлое и настоящее. 1142-1900 г.», якая выйшла ў 1900 годзе, мы ведаем прозвішчы шэрага гарадскіх кіраўнікоў XIX стагоддзя: Мірон Лапо, П.Мельнікаў, І.Зубараў, Яндоўскі, з 1876 года ў новай гарадской думе гарадскімі галовамі былі Адольф Крушэўскі, Н. Асмалоўскі, барон С. Нолькен і А. Станевіч. Адольф Крушэўскі, напрыклад, садзейнічаў адкрыццю ў Гомелі мужчынскай прагімназіі, якая пазней стала гімназіяй і ў якой вучыўся будучы авіяканструктар Павел Сухі. Але болей фактаў пра дзейнасць гарадскога самакіравання ў адкрытым доступе і не знойдзеш.
У сучасных гомельскіх уладаў яўна няма адчування таго, што яны з’яўляюцца пераемнікамі традыцыі разумнага кіравання горадам, якая пачалася недзе 100-200-300 і болей гадоў таму. У лепшым выпадку яны адчуваюць сваю пераемнасць з пасляваеннымі кіраўнікамі горада. Але ну ніяк ні з гомельскімі старастамі XVI-XVIII ст., ні з гарадскімі «думцамі» і «гарадскімі галовамі» XIX ст. Бо яны пра іх проста нічога не ведаюць, нават імён. І гэта вынік абсалютнага савецкага гістарычнага бяспамяцтва, якое цалкам праглынула наш горад.
А тыя ж людзі ў свой час таксама нешта рабілі і для гараджан, і для горада: стваралі яго інфраструктуру, пракладвалі вадаправод, асвятленне, рабілі добраўпарадкаванне, планавалі вуліцы і шмат чаго іншага. Напрыклад у горадзе былі вуліца Крушэўская (цяпер Арцёма) і вуліца Барона Нолькена (цяпер Ланге), якія насілі назвы гарадскіх кіраўнікоў другой паловы ХІХ ст. І гэта было невыпадкова. Гараджане 150 гадоў таму паважалі і цанілі ўклад гэтых людзей у развіццё нашага горада. Таму на выставе варта было б даць і пра гэтых людзей інфармацыю. Але зноў пытанне — а дзе яе ўзяць? Таму было б добра ў будучым мець у Гомелі нейкі свой «Інстытут вывучэння горада», дзе спецыялісты рознага профілю маглі прафесійна раскрываць мінулае і сучаснае нашага горада.