Валера Руселік: «Калі ў Новай Беларусі Маркаў трапіць на лаву падсудных і працэс будзе весьціся па-беларуску, то трансьляцыя зь яго паб’е рэкорды праглядальнасьці»

Які сэнс у тым, каб Беларусьсю кіравалі людзі, якіх ажно трасе ад усяго беларускага? Які сэнс у крывадушных закліках адраджаць родную мову і культуру ад тых, хто гэтай мовай і культурай публічна пагарджае? У сваёй рубрыцы «Прыдарожны пыл» Валера Руселік уздымае хай і рытарычныя, але ад таго ня менш актуальныя пытаньні і жорстка адказвае міністру інфармацыі Марату Маркаву на ягоны камэнтар адносна бессэнсоўнасьці павелічэньня колькасьці беларускамоўных тэлеперадач

Valera Rusielik
 Валера Руселік. Фота з архіву аўтара

Уявеце сабе сытуацыю. Пасяліўся без усялякага дазволу ў вашай кватэры хамаваты й ненажэрны боўдзіла. Ну й пачаў вас аб’ядаць. У лядоўні ўсё вычысьціў, рондалі ўсе павышкрэбваў — вам калі якая лыжка й перападзе, то ўжо шчасьце. І гэтак — штодня. Натуральна ж, вы марнееце і чэзьнеце літаральна на вачах, ужо і тую няшчасную лыжку, што раз-пораз вам перападае, не стае сіл нават папросту трымаць у руцэ. А прыхадзень усё жарэ і жарэ, у дзьверы ўжо ледзьве праціскваецца.

І вось вы кажаце яму: «Слухай, ну ўсё-ткі я тут ня госьць, мая ж кватэра, ну ці прынамсі была гэткай яшчэ да нядаўна — можна мне хаця б яшчэ дзьве-тры лыжкі, каб я тут зусім не працягнуў ногі?». А боўдзіла з абурэньнем адказвае: «Дык а навошта табе тая дадатковая ежа, калі ты толькі адну лыжку на дзень ясі? Дый худы зусім — твайму арганізму столькі харчоў і ня трэба! Ня бачу сэнсу марнаваць на цябе прадукты! І наагул — што за прапановы? Ня трэба мяне тут прыціскаць! Гэта непавага да мяне!».

Уявілі? Няма сэнсу ўдакладняць, хто ў гэткай сытуацыі мае рацыю і каго трэба гнаць у карак з кватэры?

Karykatura
Украінская карыкатура на моўную праблему, актуальная і для Беларусі

А вось вам яшчэ адна сытуацыя. Толькі тут ужо нічога ўяўляць ня трэба: гэта рэальны факт з рэаліяў сучаснай Беларусі. У лукашэнкавага міністра інфармацыі Марата Маркава спыталі: маўляў, у нас жа дзьве дзяржаўныя мовы, а беларускамоўных тэлепраграм — вобмаль, ці можна зрабіць, каб хаця б 45% усяго тэлевяшчаньня было на роднай мове?

«Не, ня бачу сэнсу», — адказаў чыноўнік. І назваў гэткую прапанову... аванцюрай. Далей — традыцыйнае хаваньне за статыстыкай: маўляў, паводле апытаньняў, па-беларуску хочуць глядзець тэлевізар толькі 1,1% беларусаў. Ну і куды ж бяз порцыі традыцыйнага крывадушша пра «прививать любовь к белорусскому языку необходимо комплексно — через культуру, образование, информационные ресурсы. И точно без малейшего ущемления другого государственного языка. [...] Главное — любые попытки публично дискриминировать какой либо из государственных языков, равно как и любой другой национальный язык, демонстрировать неуважение к нему должны жестко пресекаться на корню. Именно обострение языковых, национальных и религиозных вопросов зачастую становится причиной развала государств»?

Ну як вам? Дастаткова паралеляў зь першай прапанаванай сытуацыяй?

Marat Markaŭ
Бессэнсоўны Марат Маркаў. Фота: minsknews.by

Дарэчы, напрыканцы крывавага 2020 году нарадзінец Берасьцейшчыны грузінскага паходжаньня Марат Маркаў атрымаў ад яшчэ аднаго «аматара беларушчыны» — Лукашэнкі — прэмію «За духоўнае адраджэньне». Вось толькі цікава, за якое такое «духоўнае адраджэньне»? Можа — за апраўданьне крывавага здушэньня пратэстаў і маштабных рэпрэсіяў супраць беларускага народу? Альбо за тое, што на праўладным тэлеканале АНТ, калі ім кіраваў Маркаў, каля паловы забаўляльнага кантэнту было з Расеі?

Зрэшты, нават сваё цяперашняе «нябачаньне сэнсу» чыноўнік падмацоўвае статыстыкай, якая... сьведчыць на карысьць беларускай мовы.

У сваім адказе прапагандыст-расеізатар прызнае, што траціна гледачоў аднолькава гатовыя глядзець тэлепраграмы і па-беларуску, і па-расейску.

Ну дык чаму б хаця б вось гэтую траціну — нават ня 45%! — не зрабіць на мове тытульнай нацыі? Той самай нацыі, якая, не зважаючы на дзесяцігодзьдзі вашага, Маркаў, рэжыму працягвае называць роднай мовай менавіта беларускую? Ты ж сам пішаш: «Прививать любовь к белорусскому языку необходимо комплексно — через культуру, образование, информационные ресурсы». Дык у чым праблема?

І калі не зрабіць гэтую траціну праграм па-беларуску (пра палову — наагул маўчым, хаця здавалася б: роўнасьць моваў — гэта калі 50 на 50, а не 99 на 1, праўда?), то як канкрэтна ты, Маркаў, зьбіраесься «прививать любовь к белорусскому языку через информационные ресурсы»?

Ты енчыш пра небясьпеку прыцясьненьня расейскай мовы ў сытуацыі, калі расейшчына — спрэс. І пры гэтым баісься, што беларускай мовы ў Беларусі (!) стане не 1%, а хоць на каліва болей. Аніякага прыцясьненьня нашай — не тваёй, а менавіта нашай — беларускай мовы ты не заўважаеш? Сур’ёзна?

Ну і апошняе. Ва ўласным вялікім прыгожым доме адвесьці самую цесную й цёмную камору для мовы-гаспадыні — гэтак ненавісную вам «культурку» — і потым супоніць бровы: маўляў, дык не глядзіць ніхто па-беларуску!

Дык а што глядзець? Дзе беларускамоўныя праграмы? Не пра памерлую вёску і саломапляценьне, а пра сучасныя тэхналёгіі, спорт, эканоміку, сацыялку, падарожжы, моду? Можа, іх ніхто не глядзіць таму, што... іх няма? Дык можа, варта спачатку стварыць і тады ўжо рабіць нейкія высновы?

А не кіравацца выключна бачаньнем і нябачаньнем сэнсу ад розных беларусафобаў? У кіраваньні нашаю краінаю якіх асабіста я ня бачу аніякага сэнсу. А вы?

І апошняе. Я магу паспрачацца на што-заўгодна наконт таго, што калі ў Новай Беларусі Маркаў трапіць на лаву падсудных і працэс будзе весьціся па-беларуску, то трансьляцыя зь яго паб’е рэкорды праглядальнасьці наагул усяго кантэнту, да якога ён меў дачыненьне.

Валера Руселік, Budzma.org

*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org