Алена Ляшкевіч: «Мы ствараем новую Беларусь, якая патрабуе новага календара, і ўжо цяпер прэтэндуем на сімвалічную ўладу»

Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні зрабіла каляндар на 2026 г., у якім аб’яднала даты, істотныя для беларусаў. Фалькларыстка Алена Ляшкевіч, якая спецыялізуецца па каляндарных святах, дзеліцца ўражаннямі ад гэтага культурнага прадукта.

Alena Laškievič
Алена Ляшкевіч. Фота з асабістага архіву

Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні зрабіла «Новы беларускі каляндар» на 2026 г., у якім аб’яднала «важныя падзеі, памятныя дні і культурныя традыцыі Беларусі. У ім ёсць як знакавыя даты гісторыі, так і новыя святы, якія з’явіліся пасля 2020 года», як паведамляецца ў Instagram Прадстаўніцтва. Каляндар можна спампоўваць, аб’ядноўваць са сваім гугл-календаром, дапаўняць.

Якія катэгорыі дат туды трапілі?

У першую чаргу, праваслаўныя і каталіцкія, а таксама некаторыя пратэстанцкія, мусульманскія і габрэйскія святы. У той жа час, гэта не рэлігійны каляндар: адзначаны даты, істотныя для свецкага жыцця. Акрамя хіба Дня Святога Юзафа і Дня апосталаў Пятра і Паўла, пра якія нерэлігійны чалавек наўрад ці чуў (ну хіба прыязджаў на летнік традыцыйнай культуры «Пятровіца», але гэта, як кажуць, ніша). Такая ўвага да розных канфесій вельмі радуе і пашырае гарызонты шараговага беларуса. У той жа час, таго-сяго там не хапае.

Напрыклад, пазначаны вясновае і восеньскае раўнадзенства, летняе сонцастаянне. Але зімовага сонцастаяння няма. Няма даты, якая хоць і не па ўсёй Беларусі, але на значнай тэрыторыі завяршае калядны перыяд — 21 студзеня ладзіцца абрад «Цягнуць Каляду на дуб». Ён найбольш характэрны для Бярэзінскага і Клічаўскага раёнаў, але згадкі працягу Калядаў да гэтага дня, адпаведныя радкі ў калядных песнях сустракаюцца і ў суседніх, і ў больш аддаленых раёнах.

Praviadziennie abrada «Ciahnuć Kaladu na dub»
Правядзенне абрада «Цягнуць Каляду на дуб» у вёсцы Новіны Бярэзінскага раёна Мінскай вобласці, 2015 г.

Ёсць і памылкі. 2 лістапада пазначана як «Дзень памяці памерлых (у каталікоў)» і «Дзяды (у праваслаўных)». Праваслаўныя адзначаюць адны з Дзядоў (а на год іх можа быць у асобна ўзятай лакальнай традыцыі да сямі) у суботу перад Днём Святога Дзмітрыя (8 лістапада), і ў 2026 г. гэта 7 лістапада. Дзяды 2 лістапада — гэта хутчэй грамадскае свята, дзень, калі ў 1988 г. адбылося першае масавае шэсце ў Курапаты і потым паўтаралася штогод у Мінску, з 2021 г. — сімвалічна, у Варшаве.

Можна было б дадаць у каляндар даты нараджэння самых вядомых беларускіх дзеячаў — да іх часта прымяркоўваюцца імпрэзы ды ўрачыстасці. Добра б памятаць, прынамсі, калі нарадзіліся Янка Купала, Якуб Колас, Адам Міцкевіч, Уладзімір Караткевіч ды Вацлаў Ластоўскі.

Адзін дзеяч у календары ўсё ж ушанаваны — на Дзень народзінаў Кастуся Каліноўскага, 2 лютага, прыпадае «Дзень нязломнасці», хоць і не тлумачыцца, як ён звязаны з паўстанцам.

Paštoŭka da Dnia rodnaj movy
Паштоўка да Дня роднай мовы

Акрамя таго, са святаў, якія адзначаюць свядомыя беларусы, у календары можна знайсці Міжнародны дзень роднай мовы, Дзень Волі, Дзень памяці Чарнобыльскай трагедыі, Дзень беларускай вайсковай славы, Дзень памяці ахвяр таталітарызму (Ноч паэтаў).

Paštoŭka da Dnia biełaruskaj vajskovaj słavy
Паштоўка да Дня беларускай вайсковай славы

Уводзяцца даты, якія сталі істотнымі пасля 2020 г.: 9 жніўня — Дзень барацьбы за свабоду і дэмакратыю, 21 траўня (дзень смерці Вітольда Ашурка, што, дарэчы, не пазначана) — Дзень салідарнасці з палітзняволенымі. Згадка ў календары першай смерці палітзняволенага пасля 2020 г., на мой погляд, вельмі істотная, бо ў плыні навін такія рэчы губляюцца, а памятаць пра іх варта.

Робіцца спроба рэбрэндынгу святаў, якія ўспрымаюцца як савецкія: 8 сакавіка пазначана як «Міжнародны дзень барацьбы за правы жанчын», 9 траўня — як «Дзень Еўропы», а 8 траўня — як «Дзень памяці і прымірэння», 22 чэрвеня — «Дзень памяці ахвяр Другой сусветнай вайны».

Гэта файная тэндэнцыя, бо даты ўсё роўна прысутнічаюць у калектыўнай памяці і свядомасці, і добра надаць ім новы, несавецкі сэнс.

У той жа час уводзяцца даты, якія пакуль не здабылі шырокай вядомасці — дні сям’і, бацькі, пажылых людзей, роўнасці, аховы навакольнага асяроддзя, інклюзіі... Істотныя даты, да якіх прымяркоўваюцца шматлікія мерапрыемствы — Міжнародны дзень помнікаў і гістарычных мясцін 18 красавіка і Міжнародны дзень правоў чалавека 10 снежня. На мой погляд, яны ўжо досыць добра вядомыя і трывала прысутнічаюць у беларускім інфармацыйным полі, але патрабуюць далейшага піяру, і вельмі файна, што трапілі ў беларускі каляндар.

Філосаф Сяргей Санько ў кнізе «Штудыі з кагнітыўнай і кантрастыўнай культуралёгіі» піша, што каляндар з’яўляецца адной з найбольш істотных сімвалічных сістэм у культуры народа, разам з мовай, таму ўплываць на яго імкнецца любая ўлада: «...пры зьменах уладаў і ідэалёгіяў адной зь першых ахвяраў становіцца каляндар. Гэтак здарылася пасьля хрысьціянізацыі Эўропы, пасьля Вялікай Французскай і Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыяў».

Гэты працэс можна разглядаць і пазітыўна: мы ствараем новую Беларусь, якая патрабуе новага календара, і ўжо цяпер прэтэндуем на сімвалічную ўладу. Здаецца, спроба даволі ўдалая.

Алена Ляшкевіч, Budzma.org