Доктар гістарычных навук, прафесар Аляксандр Краўцэвіч разам з дачкой Юляй Краўцэвіч запусціў падкаст «Без доктара навук не разабрацца», піша Hrodna.life
«Новы гістарычна-сямейны падкаст па-беларуску ад аўтара бэстсэллера «Кароткая гісторыя Беларусі» Аляксандра Краўцэвіча і Юлі Краўцэвіч у ролі сярэдняй дачкі». — паведамляецца ў апісанні Інстаграма падкаста
Вокладка падкаста. Крыніца: instagram.com/biezdoktaranavuk
У падкасце Аляксандр и Юля «гутараць аб Беларусі, беларусах і беларускасці як тата і дачка». Першы выпуск на 26 хвілін прысвечаны шляхце. Ён называецца «Чаму Беларусь такая небеларуская. Шляхецкі пачатак». У выпуску Алесь Краўцэвіч у форме гутаркі расказвае, як з’явілася і перастала быць беларускай беларуская шляхта, навошта нам фальклёр і што ўрэшце ўратавала Беларусь.
Доктар гістарычных навук, прафесар Алесь Краўцэвіч — аўтар больш як двух дзясяткаў навуковых і навукова-папулярных выданняў, соцень навуковых публікацый. Ён распрацаваў канцэпцыю ўтварэння Вялікага княства Літоўскага як балцка-славянскай дзяржавы. Удзельнічаў у шматлікіх археалагічных экспедыцыях. Папулярызаваў гісторыю Бацькаўшчыны ва ўласных гістарычных тэлепраграмах і ў радыёэфіры. У 2019 годзе быў уганараваны медалём да 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі.
Дачцэ Юліі 25 гадоў. Яна скончыла філалагічны факультэт БДУ па спецыяльнасці рамана-германская філалогія і працягнула адукацыю ў Варшаўскай кінашколе. У гутарцы Юля задае бацьку пытанні і дасціпна яго каментуе.
Падкаст даступны на платформах PodBean, YouTube, Apple Podcasts, Google Падкасты і на Spotify.
Чытайце яшчэ: Як Альгерд прарваў татарскую заслону. Новы выпуск відэалекцый ад Алеся Краўцэвіча