Лейпцыгская кніжная прэмія «За еўрапейскае разуменне 2025» прысуджана беларускаму пісьменніку Альгерду Бахарэвічу за раман «Сабакі Еўропы». Кніга была апублікаваная выдавецтвам Voland & Quist у лютым 2024 года. Пераклад рамана на нямецкую мову зрабіў Томас Вайлер. Пра гэта паведаміў аўтар рамана на сваёй старонцы ў Фэйсбук.
«Час падзяліцца навіной. Мой раман «Сабакі Эўропы» атрымаў значную і важную міжнародную ўзнагароду — Ляйпцыгскую Кніжную Прэмію эўрапейскага паразуменьня...
Рады, што мая галоўная кніга ацэненая так высока; рады, што яна чытаецца, перакладаецца, абмяркоўваецца. Рады апынуцца сярод ляўрэатаў гэтай прэміі — такіх, як Імрэ Кертэс, Сьвятлана Алексіевіч, Рышард Капусьцінскі, Ян Кершоў, Юры Андруховіч, Кляўдыё Магрыс, Эрык Гобсбаўм, Славенка Дракуліч і іншых...», — напісаў Альгерд Бахарэвіч.
Цырымонія ўрачыстага ўзнагароджання пройдзе ў межах міжнароднай Лейпцыгскай кніжнай выставы 26 сакавіка ў Лейпцыгу.
Лейпцыгская кніжная прэмія еўрапейскага паразумення — адна з найважнейшых літаратурных узнагарод Германіі. Яна ўручаецца штогод з 1994 года і мае памер 20 000 эўра.