Альгерд Бахарэвіч: Спадары экстрэмісты

У нядзелю без дай прычыны, узяўшы толькі бутэльку вады і стары дарожны атлас, у якім не хапае старонак, мы паедзем у Мір.

Мы падымемся рана, калі за вокнамі будзе яшчэ цёмна і цесна ад нашых раптоўна набеглых ценяў, што моўчкі пачнуць гатаваць сабе каву. Мы будзем доўга ісці да гаражоў, часам ледзь не па калена правальваючыся ў сьег, — і потым, апынуўшыся ўрэшце на дарозе, затупаем адно на аднаго, як дзеці. Па чарзе, бо рыдлёўка толькі адна, мы разграбем гурбы каля дзвярэй гаража, да першага поту, потым недапалкі ў бок, матор сагрэецца хутка, мы асцярожна выедзем з горада на шашу і возьмем курс на захад.

Дзень будзе самы неспрыяльны. Недасып, насмарк, мароз мінус сем, галалёд на Галадзеда, заторы, бензін падаражэў, па абедзе абяцалі адлігу, адляжацца б, адлізацца. Чаму ў Мір, навошта?

У Мір. Як Ашэнбах у Венецыю. Калі б Міра не існавала, мы паехалі б у нейкі іншы горад: усё адно немагчыма закаціцца далей, чым цябе пусціць пашпарт, усё адно немагчыма забрацца далей, чым табе дазваляе мова.

Мы паедзем з уключанымі фарамі, усё хутчэй і хутчэй — міма белых палёў і іхных не прасохлых яшчэ негатываў, міма замерлых лясоў, міма хатаў, выстаўленых кімсьці на ўзбочыну, на мароз — так улетку іхныя жыхары выстаўляюць сюды свае вёдры, кошыкі, слоікі, бітоны, спакушаючы падарожных. Грыбы, ягады. Эль-памідоры. Дэ ля гуркі. Неўзабаве гэта пачне нагадваць нам нейкае бясконцае падзенне, палёт скрозь цёмны калодзеж. Неўпрыкмет усё ж развіднее, і як толькі мы гэта заўважым, зробіцца неяк цяплей, і мы адразу пачнем драмаць, і на чарговым павароце нас занясе так, што машына ўрэшце з віскатам спыніцца ўпоперак шашы, як у кіно.

Мы пастаім трохі; так, гэта была не найлепшая ідэя, скажаш ты і зноў возьмешся за стырно. Не выключаючы фараў, мы збочым на запраўку, і я вазьму нам кавы. На запраўцы будуць людзі — першыя пабачаныя намі за сёння, з пакамечанымі тварамі і расійскімі нумарамі. Мы зноў апынемся на шашы, ты ўключыш радыё, адмысловае радыё для тых, хто ў дарозе, для тых, хто падняўся так рана, каб ехаць, каб не стаяць, каб рухацца, няважна куды. “Чыпсы, чыксы, лавандос, — заспявае радыё на незнаёмай мове, — нам всем очень повезло-с”. Мы паспешліва выключым, але будзе ўжо позна, і гэтыя дзіўныя словы застануцца з намі на ўвесь дзень. Чыпсы, чыксы і лавандос.

Яны будуць суправаджаць нас і ў замку. Сам замак выплыве насустрач нечакана, прынамсі, для мяне, бо я буду глядзець зусім у іншы бок. Туды, дзе блісне ледзяшамі на стрэхах горад. Туды, дзе залеплены снегам вялікі плакат скажа, што мы жывем у краіне замкаў. Туды, дзе засохлы леташні ліст, як нейкая карычневая сітаўка, будзе скакаць з месца на месца, дзяўбці прамерзлы, але ўжо ачышчаны асфальт на дарозе да брамы. Туды, дзе на ровары міма нас, марудна і безуважна, як галюцынацыя, праедзе жанчына і знікне за дрэвамі. Замак будзе зусім не такі вялікі, як нам здавалася, калі мы бачылі яго на фотаздымках. Мы будзем першыя наведнікі ў гэты дзень.

Экскурсія? Не, дзякуй, нам будуць зусім не патрэбныя сведкі — але высветліцца, што без экскурсавода сёння нельга. Дзяўчына нібыта зразумее, што яна лішняя, і таму пастараецца скончыць усё як найхутчэй. Ходзячы за ёй па галерэях і кабінетах, слухаючы, дзе хто еў і дзе спаў, мы будзем чуць, як у нашых галовах стаяць бязглуздыя словы той песенькі пра чыпсы. Пад яе нячутны матыў мы будзем хадзіць па патаемных лесвіцах і зазіраць у цёмныя нішы. Мармытаць міжволі тыя дурныя радкі і уяўляць, наколькі ўдала гэтая дзяўчына-экскурсаводка будзе выглядаць у ролі закладніцы. Апусціць браму, узняць сцяг, падрыхтавацца да абароны. Паставіць на мурах лучнікаў. Зарадзіць гарматы. І няхай гадзіну або дзве, колькі там трэба гэтым паголеным хлопчыкам у чорным, каб прыехаць сюды і прусакамі падняцца па вяроўках на муры ды скочыць адтуль проста на нас, гігікаючы, мацюкаючыся і ломячы нам запясці, — але некалькі гадзін, пакуль яны не з’явяцца, будзе трываць аблога. Сапраўдная аблога. І мясцовы начальнік ГУУС, продкаў якога некалі секлі на замкавай стайні, на гэтыя некалькі гадзін адчуе сябе рыцарам мінулага, феадалам, які мусіць узяць варожы замак. Вызваліць палонную экскурсаводку і пакараць нас. А з ёй ажаніцца, такія законы жанру.

Вячэраць мы будзем унізе, у рэстарацыі, якая будзе называцца “Замкавай”. У куце там будзе сядзець падазроная кампанія з тутэйшых, а каля сцяны іншаземец: у сінім пінжаку і з зусім лысай галавой, а з ім — дзве кабеты невядомай нацыянальнасці: замест таго, каб гаварыць, яны будуць толькі смяяцца, і дарэмна я буду казаць, што нацыянальнасць можна вызначыць і па смеху — я не ўгадаю. І мы нап’емся з імі.

Іншаземец пахваліцца, што нядаўна заваліў зубра ў пушчы, з пяцідзесяці мэтраў, з другога стрэлу, усё законна, і цяпер ягоныя памочнікі афармляюць вываз шкуры. Я доўга буду расказваць яму на сваёй убогай ангельскай пра Міколу Гусовіюса, нашага лацінскага паэта, які некалі напісаў на замову ў Рыме паэму пра зубровае паляванне. І не забудуся сказаць яму пра тое, што ён, іншаземец, насамрэч забойца і круцель. Ён зацікавіцца — будзе такое адчуванне, што ён і аповед пра Гусовіюса таксама хоча вывезці за мяжу і зараз жа, калі мы развітаемся, патэлефануе сваім, каб афармлялі разам з шкурай. А потым я напаю яго, паабяцаўшы ўзяць у закладнікі, як толькі ўзыдзе сонца. І яго званітуе перад гардэробам, куды мы выйдзем пакурыць. А можа, у якасці помсты я нават пазнаёмлюся з нейкай ягонай сяброўкай, і ў нас нешта будзе, на ўсю ноч, спачатку на снезе, потым у калідоры, а потым у яе пакоі, прапахлым зубровай крывёй.

Але хутчэй за ўсё не, нічога не атрымаецца, і іншаземец пойдзе з імі абедзвюма ў свой нумар гатэлю “Замкавы”, а я прасплю ў адзіноце да раніцы ў знойдзеным для мяне халодным і вялізным пакоі. А ты прачнешся сярод ночы, і будзеш грукаць у мае дзверы, але я не пачую. А назаўтра скажу табе, што нікуды адсюль не паеду. І мы будзем сварыцца, стоячы перад брамай, якую ўчора так і не апусцілі, пад мурамі, з якіх нікога не аблілі смалой. Будзем тупаць адно на аднаго, як дзеці. Як вельмі злосныя, пакрыўджаныя дзеці. І ты адвернешся і паедзеш назад.

А я застануся, і буду да вечара блукаць па пустым замку, як здань, напяваючы ўсё тую самую песню, і буду глядзець з муроў на сонны Мір, як вартавы. А ці сапраўды гэта будзе той Мір? Ці не пераблытаем мы нешта: гарады, мовы, сябе саміх? А можа, калі мы будзем імчаць па шашы, мы проста павернем недзе не там? Так буду думаць я, стоячы на мурах, і здыму пакой у гатэлі яшчэ на ноч. І назаўтра зноў пайду ў рэстарацыю, дзе мяне прымуць, як дарагога госця, і ўчорашнія знаёмцы сустрэнуць мяне воплескамі. І калі пасля вячэры я буду няцвёрдай хадою падымацца па лесвіцы, думаючы пра тое, як мне апусціць тую браму і як прыкласці нож да шыі экскурсаводкі, каб не парэзаць яе, — вось тут яны і з’явяцца, адзін наверсе, другі ўнізе, за спінай, і скажуць мне, як мяне завуць, і я пайду з імі, бо толькі яны з усіх істотаў навокал дакладна ведаюць, куды ісці.

***

Безумоўна, так мог напісаць толькі той, хто ніколі не бываў у сапраўдным Міры. Аўтар туды такі з’ездзіў — і замак наведаў, і слова “Рагнеда”, напісанае псеўдалацінскім шрыфтам на шыльдзе нейкай кавярні, прачытаў толькі з пятай спробы, і назад вяртаўся, седзячы на падножцы аўтобуса, бо не было месцаў. Апісанае падарожжа ва ўяўны Мір — усяго толькі літаратура. Гэты Мір пабудаваны з выдуманай цэглы, ён складзены з уяўленняў пра яго не на падставе досведу, а з усяго таго, што ты чуў і чытаў пра замкі: дзясяткі наведаных, нібыта і наяве, замкаў, цьмяная памяць пра нейкія артыкулы, аповеды плюс твая хворая фантазія. Мяжа паміж уяўным і сапраўдным з’яўляецца толькі тады, калі яе пераступае нехта канкрэтны, жывы, з імем, рэгістрацыяй і нумарам пашпарта.

Надоечы, заходзячы разам з усімі ў будынак суда, які мусіў вырашыць, ці правільна гэта — пазбаўляць ліцэнзіі выдаўца Ігара Логвінава, цікава было прыслухоўвацца да сваіх адчуванняў: вось жа, нехта наіўны ўсярэдзіне цябе ўсё роўна да канца захоўваў надзею, што добранькая суддзя пасмяецца разам з усімі і адновіць справядлівасць. Яна і праўда пасмяялася — з усіх уключна са справядлівасцю. Пасля паседжання, падымаючы чарку за дзіўны беларускі экстрэмізм, адзінымі ахвярамі якога ёсць самі экстрэмісты, падумалася пра тое, што кожны суд, у якім вырашаецца лёс кнігі, аўтара, выдавецтва — гэта спроба суддзяў уявіць сабе месца, у якім яны не былі, а хочуць пераканаць, што ведаюць там кожны куток. Урэшце, каб асудзіць кагосьці за экстрэмізм, яго дастаткова проста выдумаць. А далей ужо — справа таленту.