Альманах “Палац” прэзентуецца на Гомельшчыне

20 і 21 лютага 2014 г. у Хальчанскай базавай школе і Гімназіі г. Веткі адбыліся літаратурныя сустрэчы з удзелам Ларысы Раманавай, Генадзя Лапаціна, сябраў Саюза беларускіх пісьменнікаў, якія ладзіліся ў межаж кампаніі “Будзьма беларусамі!”

IMG_2970

Падчас сустрэч Генадзь Лапацін прэзентаваў літаратурны альманах “Палац”, падрыхтаваны Гомельскім аддзяленнем Саюза беларускіх пісьменнікаў і выдадзены выдавецтвам “Кнігазбор” (укладальнікі: Анатоль Бароўскі, Генадзь Лапацін). Ларыса Раманава і Генадзь Лапацін чыталі  некаторыя свае вершы, надрукаваныя ў гэтым выданні.

У альманах увайшлі творы як старэйшых (па часе ўступлення) сяброў Саюза беларускіх пісьменнікаў (Анатоль Бароўскі, Віктар Ярац, Таіса Мельчанка, Ларыса Раманава, Генадзь Лапацін ды інш.), так і маладзейшых (Вадзім Болбас, Яўген Сергіеня, Ганна Новік, Арыя-Ульрык Гатальская, Сяргей Балахонаў ды інш.). Асобныя раздзелы “Палаца”: “Спадчына” (прадстаўлены творы Івана Сяркова, Леаніда Гаўрылкіна, Івана Кірэйчыка, Уладзіміра Верамейчыка), “Літаратуразнаўства” (артыкулы Дзмітрыя Паўлаўца, Ірыны Бароўскай, Таццяны Фіцнер). Сучасную паэзію Гомельшчыны цяжка ўявіць без творчасці Андрэя Мельнікава, Уладзіміра Агафонава, Сяргея Краснабарода. Іх творы ёсць у альманаху.

IMG_3000Прэзентацыя “Палаца” адбывалася якраз напярэдадні (в. Хальч) і ў Дзень святкавання роднай мовы. Вучні Хальчанскай школы, Гімназіі г. Веткі чыталі вершы беларускіх паэтаў, адказвалі на пытанні літаратурнай віктарыны.

Ларыса Раманава расказвала пра тое, што якраз у гэтыя дні ў сталіцы Карэліі — г. Петразаводску гучыць беларуская мова, таму што асобныя мясцовыя жыхары чытаюць на ёй творы беларускіх паэтаў, а таксама — тэксты да выстаўкі “Бог сялянскі і хрысціянскі”. Выстаўка экспанавалася з 20 студзеня па 24 лютага ў Нацыянальным  мастацкім музеі Беларусі. На ёй было прадстаўлена 38 абразоў бабіцкай школы іканапісу (з фондаў Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый імя Ф. Р. Шклярава, Чачэрскага гісторыка-этнаграфічнага музея).

IMG_3007Мастацтва, літаратура губляюць сэнс, калі перастаюць уздзейнічаць на свядомасць чалавека, на навакольны свет. Цудоўным чынам выстаўка ў Нацыянальным музеі дапамагла сустрэцца Ірыне Ларыёнавай, карэспандэнту, фатографу інтэрнэт-часопіса “Ліцэй” (г. Петразаводск), Заслужанаму дзеячу культуры рэспублікі Карэліі і Ларысе Раманавай, беларускаму паэту, вядучаму навуковаму супрацоўніку Веткаўскага музея. У іх радаводзе, як выявілася, ёсць агульныя продкі. Ірына Ларыёнава спецыяльна прыязджала ў Менск убачыць выстаўку бабіцкіх ікон. Выпадкова (ці не выпадкова?) яна трапіла ў філіял Веткаўскага музея, які знаходзіцца ў Гомелі. Сярод ікон, прадстаўленых у Нацыянальным мастацкім музеі, хутчэй за ўсё, ёсць іконы, напісаныя  прадзедам Ірыны Ларыёнавай, Іванам Уладзіміравічам Гераковым. Ён нарадзіўся і жыў у в. Бабічы Чачэрскага раёна. У 1939 або 1940 годзе разам з сям’ёй з’ехаў у Карэлію. Там ён пахаваны (каля в. Каркку). Ірына прывезла з сабой фотаздымкі сваіх родных, фотаздымак Івана Геракова. Пра тое, як ён пісаў абразы, у 1998 годзе расказвала жыхарка в. Бабічы Марыя Восіпаўна Геракова, (1915 г.н.): “Гераковы самі дзелалі багоў для Фёдараўскай царквы… Дзед Гаўрыіла — бацька іх пісаў іконы, і яго дзед пісаў іконы. Прырода ў іх такая была… Хазяін мой расказваў. Як малы быў, гуляў з сынам Іванькі — Васілём. Прыйшлі раз к ім дамоў. У іх “каза” такая была, на “казе” достачка прыкраплялася. Так яны іконы пісалі. Як піша — ніхто нідзе не шарамаціцца… Граматныя людзі былі, вучоныя. Іван жыў тут, на горцы, возьлі рэчачкі. Выбраўся на Пустынькі — перад самай вайной, за год да вайны. Вярбоўка была. Паехаў у Фінляндзію”.

 

IMG_3008Ірына Ларыёнава (да замужжа — Геракова) прывезла з сабой на радзіму продкаў цудоўныя фотаальбомы — вынік сваёй працы і працы мужа, Уладзіміра Ларыёнава, Заслужанага дзеяча культуры рэспублікі Карэліі. Прыехаўшы дахаты, размясціла нататкі “Памятай, дачка, мы — з роду багамазаў…”  на старонках інтэрнэт-часопіса “Ліцэй” (21 лютага 2014 г.).

Падчас літаратурных сустрэч Ларыса Раманава параўноўвала мясцовыя краявіды і краявіды (паводле фотаальбома У. Ларыёнава), прачытала верш, прысвечаны Ірыне і Уладзіміру Ларыёнавым:

* * *

Фарбы Карэліі — амаль што каралы:

сінія, жоўтыя і залатыя,

IMG_3011

Салаўкамі караныя, ці каранаваныя —

яркія й сёння… Быццам святыя

толькі што йшлі і адбітак пакінулі

думаў сваіх пра рай нябёсны,—

вецер шуміць пра тое у соснах,

сніць сон-трава ў мярэжах лістоты…

І забываеш на момант: а хто ж — ты?

Малінавы скрыпень разносіцца ветрам…

І ты, прамінуўшы лясныя нетры,

 выходзіш да возера, што льецца, бы ртуць,IMG_20140220_144602

сілу дае свет ў сабе зварухнуць.

…Навошта ж краса такая,

Як не дзеля любові?!

17.02.2014 г.

Удзельнікі літаратурных сустрэч пад уражаннем ад пачутага і ўбачанага згадвалі асобныя легенды пра Беларусь. Многія вучні атрымалі падарункі ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”
IMG_20140220_144925

SDC12100

SDC12108

Тэгі: ,