Ужо амаль год у Варшаве дзейнічае гурт мужчынскіх традыцыйных спеваў «Касары». Ён утварыўся на занятках, якія Сяржук Доўгушаў праводзіў для ўсіх ахвочых (праўда, мужчынскага полу) у Беларускім моладзевым хабе. Мы паразмаўлялі з хлопцамі пра спевы і традыцыю ўвогуле, чаму для іх асабіста гэта важна, а таксама пра слухачоў і планы па выданні альбома. Не называючы імёнаў у мэтах бяспекі, мы зафіксавалі думкі спевакоў.
Пра тое, як утварыўся гурт
— Нас зараз дзевяць чалавек разам з Сержуком (Доўгушавым — рэд.). Гэта стабільны склад. Часам хлопцы пытаюцца, ці можна далучыцца, але гурт ужо сфармаваны. Ён склаўся паступова. Мы спачатку выступалі меншым складам і назвы яшчэ не было. Прыдумалі яе хіба ў лістападзе 2023 года, але выступілі пад ёй недзе толькі ў студзені 2024-га. Перабралі некалькі варыянтаў, а атрымалася ў выніку як з назвай Apple: калі не прыдумаем нічога лепшага да пэўнай даты, то бярэм «Касары». У выніку, здаецца, ніхто не шкадуе.
Пра спеўную манеру
— Мы імкнемся спяваць светлай фарбай голасу. Выкарыстоўваем галаўны і грудны рэзанатары, не пяем «на глытцы». Архіўныя запісы слухаем, але шукаем кожны сваё ўласнае гучанне, не капіруем носьбітаў спеўных традыцый.
Пра матывацыю да заняткаў традыцыйнымі спевамі
— Я вырашыў пашукаць, дзе можна спяваць, калі прачытаў апісанне вечарыны са спевамі і скокамі пад «Лявоніху» ў рамане польскага пісьменніка беларускага паходжання Сяргея Пясецкага «Каханак Вялікай Мядзведзіцы». Што мне даюць спевы? На працы, напрыклад, могуць быць нейкія праблемы, стрэс, стомленасць. А тут ты прыходзіш на дзве гадзіны, спяваеш, пераключаешся, у цябе іншы фокус. Ты не памятаеш, што ў цябе там праблемы, якія трэба вырашаць. Выключаешся на нейкі час, адпачываеш, а потым можаш вярнуцца да спраў. Я ўпадаю ў транс амаль на кожнай рэпетыцыі.
— А я з дзяцінства чуў, як спяваюць бабці і дзяды ў маёй роднай вёсцы. Потым слухаў Івана Кірчука. Я лічу, што мяне карані прывялі спяваць. Атрымліваю ад спеву вялікую асалоду. Можа, нехта надае гэтаму дадатковы сэнс, а для мяне спевы — гэта проста асалода.
Я адчуваю велізарную кропку апоры, спяваючы разам з іншымі мужчынамі. Калі мы пяем ва ўнісон, калі зацягваем, калі эксперыментуем — гэта нешта адзінае, моцнае, ты стаіш цвёрда на зямлі і адчуваеш упэўненасць, такую мужчынскую энергію.
— Мой бацька — украінец, таму я пачынаў з украінскіх песень. З’ездзіў на спеўны майстар-клас да ўкраінцаў Падляшша. Але спяваць беларускія народныя песні не меў магчымасці. Таму калі пабачыў, што Сяржук (Доўгушаў — рэд.) збірае мужчынскі спеўны сход, то адразу далучыўся. Калі атрымліваеш асалоду ад спеву, то не выходзіш за рамкі сябе, не глядзіш на сябе збоку, як даследчык самога сябе. Проста спевы мусяць быць у жыцці, вось і ўсё. Я вось прыходжу пасля працы стомлены, а на рэпетыцыі добра настройваюся, вяртаюся да сябе нанова і сэрцам, і душой. Мабыць, так у кожнага чалавека, які займаецца нейкім відам мастацтва.
Спевы — даволі медытатыўная рэч, карысная для здароўя. Калі ты свядома чымсьці займаешся, то ў цябе ёсць і персанальны ўзровень матывацыі (знайсці сябе, адпачыць пасля працы), і грамадскі ўзровень — місіі. Я адчуваю, што мы нясем беларушчыну, развіваем яе, займаемся важнай справай.
Хаця наогул я імкнуся пазбягаць такога пафасу. Часта, мне здаецца, людзі не ўсведамляюць уплыў спеваў на штодзённасць. Гэта стала значнай часткай майго жыцця: не толькі выступы на сцэне, як вынік, а яшчэ і працэс, што таксама важны. Проста жыццё. Вельмі істотна, што ты робіш кожны дзень, бо гэта цябе складае.
— Я ад спеваў атрымліваю задавальненне, можна сказаць, фізіялагічнае. Да таго ж, я бачу ў сваіх занятках спевамі місію распаўсюджання культуры, і для мяне гэта істотна як для чалавека, які ўсё жыццё так ці інакш змагаецца за нашу беларускую нацыянальную ідэю. Акрамя таго, спевы для мяне — гэта даволі важная частка самарэалізацыі. Я шмат у якіх кірунках развіваюся: ад кар’еры да творчасці. Цяпер спевы займаюць каля траціны майго часу. Гаворка не абавязкова пра рэпетыцыі. Ты можаш спяваць і дома, і на прыродзе. Спеў становіцца часткай твайго жыцця.
Пра слухачоў
— Канечне, лягчэй спачатку стаць вядомым у сваім асяродку, сярод беларусаў. Для суайчыннікаў нашы выступы — гэта кавалачак Беларусі, роднай культуры, якой яны пазбаўлены праз вымушаную эміграцыю. Нават тыя, хто дома абыякава ставіліся да традыцыйнай культуры, у эміграцыі могуць быць ад яе ў захапленні. Але мы імкнемся выходзіць і на польскую аўдыторыю. Літоўцы вельмі добра рэагавалі на наш выступ на канцэрце ў Вільні. Рэакцыя заўсёды вельмі шчырая, зала нам аддае назад шмат энергіі. Калі ты бачыш людзей, што слухаюць паўканцэрта з заплюшчанымі вачыма і разумееш, што ім падабаецца, то значна лягчэй спяваць.
Пра еўрапейскі канцэртны тур
— Мы плануем паездку дольш за тыдзень і некалькі выступаў: у Бельгіі, Нідэрландах, Чэхіі, Германіі. Мы ўжо раней ездзілі на гастролі па розных польскіх гарадах, у Вільню. Але каб менавіта ў тур, больш чым на тыдзень — такога яшчэ не было.
У Берліне 30 кастрычніка было чытанне тэкстаў лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага, які цяпер сядзіць у беларускай турме за сваю праваабарончую дзейнасць. Гэта ладзіла нямецкая арганізацыя Libereco, якая запрасіла нас паспяваць на гэтай імпрэзе. А пачалася арганізацыя тура з таго, што нас запрасіла выступіць на Дзяды ў Антвэрпене мясцовая беларуская ўніяцкая суполка. Гэты выступ пройдзе першага лістапада. Ён будзе прымеркаваны адначасова і да Ночы расстраляных паэтаў. Беларусы Бельгіі ведалі Сержука Доўгушава, ён быў у іх з іншымі сваімі музычнымі праектамі. Запрасілі нас улетку. З таго часу мы звязаліся з іншымі суполкамі беларусаў замежжа, і вось ужо адно запрашэнне разраслося ў канцэртны тур. Так бы мовіць, па дарозе грэх не заехаць.
Плануем у Лювэне заспяваць на магіле кампазітара Міколы Равенскага. Трэцяга лістапада — наш канцэрт у Ротэрдаме, які ладзіць беларуская суполка «Мара». Шостага лістапада — выступ у Празе разам з музыкам Аляксандрам Ясінскім.
Наш гурт — яшчэ і добрая каманда. Мы можам спрачацца, нават сварыцца. Але ў кожнага ёсць нейкія ўменні, якія ён укладае ў агульную справу: стварэнне сайтаў, фота- і відэакантэнту.
Дарэчы, ужо працуе сайт kasaryband.com, праз які можна падтрымаць нашу дзейнасць.
Пра грошы
— Традыцыйныя спевы — не вельмі прыбытковая справа. Хутчэй наадварот, мы ўкладаем уласныя сродкі. Касцюмы, прамоцыя канцэртаў, гуказапіс, фота- і відэааператары на імпрэзах... Адныя боты каштуюць 450 злотых за пару (больш за 100 еўра — рэд.). Калі ты не робіш якасны кантэнт для сацсетак, то цябе, лічы, і не існуе. Цяпер мы імкнемся, каб нам аплочвалі прынамсі дарогу і жытло, калі нас кудысьці запрашаюць. Але ўсё роўна застаецца яшчэ шмат выдаткаў, якія аплочваем мы самі. Ну, і самая вялікая інвестыцыя — гэта ўласны час.
Пра планы на выданне альбома
— Пасля гастроляў плануем шчыльна заняцца запісам альбома. Спачатку мы думалі выдаваць толькі ваярскія песні, а цяпер пашырылі канцэпцыю і плануем яшчэ лірычныя і бяседныя. Мы не імкнемся спяваць адзін да аднаго да арыгіналу (згодна з архіўнымі аўдыязапісамі — рэд.).
Мы абапіраемся на арыгінал, шануем выканаўцаў, але імкнемся так ці інакш аздобіць музыку для сучаснага слухача з дапамогай інструментаў, імправізацый, якія мы прыдумляем самастойна.
У альбоме не плануецца эксперыментаў, напрыклад, з электронікай. Будзем выкарыстоўваць толькі традыцыйныя музычныя інструменты, трымацца блізка да аўтэнтычных гуказапісаў, але гэта не будзе рэканструкцыя архіўнага матэрыялу.
Алена Ляшкевіч, budzma. org
Фота з архіва гурта «Касары»