Некалькі дзён таму ў продажы з’явіўся даведнік па фартах гарадзенскай крэпасці “Сто год адзіноты. Невядомая крэпасць Расійскай імперыі”.
Даведнік змяшчае амаль 50 старонак ілюстрацый, мапу і апісанне гісторыі і падзей амаль 100-гадовай даўніны. Гераічная абарона крэпасці ў Першую і Другую сусветныя войны, цытаты з успамінаў нямецкіх і савецкіх салдат, успаміны жыхароў Гарадзеншчыны, што працавалі на будоўлі крэпасці – толькі частка таго, што можна знайсці ў даведніку.
Сама гарадзенская крэпасць – гэта больш за 50 каменных збудаванняў, якія нібыта кальцом ахоўвалі горад падчас войнаў. 13 асноўных фартоў. 19 літарных і 23 апорных пункты – гэта збудаванні, што ўнесеныя ў спіс даведніка.
Аляксандр Семянчук, адзін з аўтараў даведніка, спадзяецца, што гэта толькі першы крок да выдання вялікай кнігі па крэпасці:
“Сам даведнік рыхтаваўся апошнія два гады, і галоўная праблема была ў самім выданні. Аднак мы знайшлі спонсара. Ім стаўся гарадзенскі мясакамбінат, які і выкупіў увесь наклад.
Даведнік добры ў першую чаргу тым, што менавіта па ім можна вывучаць саму крэпасць. Што было вядома звычайнаму гарадзенцу? Адзін альбо два фарты у кірунку Аўгустоўскага канала. А цяпер мы маем апісанне кожнага форта і мапу з усімі GPS-каардынатамі, каб можна было пад’ехаць да кожнага форта. Наступные выданне, што мы плануем, – вялізная кніга, прысвечаная 100-годдзю пабудовы крэпасці. Для гэтага плануем наведаць архівы, дзе захавалася яшчэ шмат неапрацаваных дакументаў”.
Нагадаем, што фарты гарадзенскай крэпасці ўнесеныя ў спіс помнікаў архітэктуры, аднак належнай аховы ці нават добраўпарадкавання тэрыторыі на іх не вядзецца.
Андрэй Мялешка
Тэгі: Горадня