Беларусцы Волі Дземцы, якая папулярызуе беларускую культуру ў Сіэтле, зноў патрэбна дапамога

Воля Дземка — беларуска, прадзюсарка і рэжысёрка, якая зараз жыве ў Сіэтле (ЗША). Гэта яна зняла фільм пра народныя беларускія песні, сабрала цудоўную калекцыю народнага адзення, стварыла каталог «Беларускі строй» і вялікі альбом «Традыцыйныя строі Беларусі». Апошнія некалькі гадоў Воля змагаецца з рэдкім імунным захворваннем. Зараз Волі зноў патрэбна дапамога, бо ў выніку хваробы і інтэнсіўнага лячэння ў яе назапасілася каля 19 тысяч даляраў медыцынскіх даўгоў.

Volia DziemkaФота: volya.weebly.com

Пяць гадоў таму ў Волі дыягнаставалі рэдкае і агрэсіўнае аутаіммуннае захворванне, якое атакуе і разбурае бялок, які змацоўвае клеткі скуры.

Пасля першага вострага эпізоду і пастаноўкі дыягназу ёй прыйшлося прайсці незлічоную колькасць візітаў у аддзяленне неадкладнай дапамогі, прайсці найцяжэйшую нутравенную тэрапію стэроідамі і ляцець за мяжу на курс гемадыялізу. Яе хвароба рефрактэрная, гэта значыць практычна не паддаецца лячэнню традыцыйнымі метадамі.

Апроч асноўнага захворвання, у сакавіку 2025 года ў Волі дыягнаставалі другаснае аутаіммуннае захворванне, якое паступова разбурае яе шчытападобную залозу.

«Што зараз? Лімба. Проста чакаем, назіраем. Да ўсяго ў мяне ўвесну знайшлі другаснае аўтаімуннае захворванне (нешта кшталту Хашымота), якое ўціхара разбурае шчытавідку (прывітанне, Чарнобыль), прапісалі дадатковую гарманальную тэрапію. Агулам зараз я адчуваю сябе значна лепей», — з чорным гумарам апісвае сваю бальнічную «адысею» Воля.

Адзіным метадам лячэння, які стабільна дапамагаў Волі кантраляваць яе стан, быў строгі штомесячны рэжым: тры дні запар падтрымліваючай хіміятэрапіі, за якімі ішоў 10-дзённы перыяд аднаўлення. Нажаль, пачынаючы з сярэдзіны 2024 г., кошт гэтай жыццёва важнай тэрапіі рэзка вырас, дасягнуўшы 16 000 даляраў у дзень.

Вольга таксама хацела трапіць на эксперыментальную тэрапію, але ў выніку рэакцыі яе арганізма на лекі не падышла ў якасці кандыдата на эксперыментальнае лячэнне.

На сённяшні дзень страхоўка пакрыла большую частку курсу хіміятэрапіі, пакінуўшы каля 7 тысяч даляраў наяўных выдаткаў. Экстранныя стаматалагічныя аперацыі абышліся прыкладна ў 12 тысяч даляраў (па 6 тысяч даляраў кожная), у выніку чаго агульная сума склала 19 тысяч даляраў.

Падтрымаць Вольгу Дземка можна тут.