«Я хачу выйсці пасля спектакля іншай»: размова з украінскай акцёркай Аляксандрай Малацкоўскай — пра польскае і ўкраінскае ўспрыняцці беларускіх траўм і ролю тэатра ў асэнсаванні жаноцкасці

08.09.2023 Тэатр

Аляксандра Малацкоўская — маладая кампазітарка, піяністка і прадстаўніца ўкраінскай часткі зборнага спектакля рэжысёркі Паліны Дабравольскай «Выйду з лесу, выцягну хрыбет, і ён будзе мне замест мяча» (пра яго мы ўжо пісалі тут), у якім таксама ўзялі ўдзел беларускія і польскія акцёркі. У размове мы вырашылі параўнаць уласныя пачуцці ад праекта, паразмаўлялі пра тое, навошта гэты спектакль палякам, ці спадабаўся б ён украінцам і знайшлі, што такога агульнага паміж нашымі краінамі праект Дабравольскай аб’ядноўвае.


alexandra-malatskovskaja-partret
Аляксандра Малацкоўская ў спецыяльнай фотасесіі да праекта «Выйду з лесу, выцягну хрыбет, і ён будзе мне замест мяча». Фота: Каця Ігнашэвіч, крыніца: фэйсбук Паліны Дабравольскай

 — Аб чым прамаўляе спектакль «Выйду з лесу...» менавіта да цябе?

— Ён актуальны і змяшчае ў сабе тое, аб чым варта гаварыць. Праект — аб разбурэнні стэрэатыпаў, аб жанчынах і іх сіле. Аб тым, што кожная з нас мае гэтую сілу, каб змагацца, быць самастойнай і будаваць кар’еру. У тэксце шмат гаворыцца аб тым, як жанчынай усе хочуць скарыстацца, замест таго, каб паклапаціцца аб ёй: «Ты бэз, які кожны хоча сарваць». Я нават плакала, калі чытала гэта сваёй сяброўцы.

— Калі б вы зараз рабілі гэты спектакль не ў выгнанні, а ва Украіне, напрыклад — якая б рэакцыя была ў публікі, як думаеш?

— Калі казаць пра маю краіну, то была б выдатная. Вядома, на нас ляцяць ракеты, але што тычыцца свабоды слова, у гэтым сэнсе мы адкрытыя. Нават калі спектакль пра Беларусь — украінцы вельмі падтрымліваюць яе. Магчыма, меркаванні раздзяліліся б з-за таго, што ракеты на Украіну сёння ляцяць у тым ліку з тэрыторыі Беларусі, але для мяне палітыка — гэта палітыка, а людзі — гэта людзі. Яны ідуць асобна. Я не люблю нацыянальныя абагульненні. Гэта так не працуе. Таму, думаю, што ўкраінцам гэты спектакль спадабаўся б, яны б яго добра зразумелі — бо ў нас жа таксама была рэвалюцыя, нам гэта ўсё знаёма.

— Вядома, спектакль зрэзануе ў беларускага і ўкраінскага гледача. А што наконт польскага? У праекце ж ёсць і польскія акцёркі — ці спачуваюць яны, ці адгукаюцца ў іх тэмы, узнятыя п’есай?

— Канешне. Бо перш за ўсё гэты праект не пра палітыку, а пра жанчыну, і тут немалаважна ўдакладніць: пра незалежную жанчыну. Мяне нават больш кранаюць менавіта такія моманты. Я сама жыву ў Польшчы, выхоўваю дваіх дзяцей і добра ведаю, што гэта такое — быць самастойнай. Таму, думаю, гэты спектакль сапраўды кранае кожную жанчыну. Тым больш, у нас цудоўная музыка, якую напісалі Кацпер Словік-Дабравольская — нават калі нехта не разумее тэкст з-за яго філасафічнасці і складанасці, ён заўсёды можа звярнуцца да музычнага кампаненту спектакля і ўсё адчуць.

— Чаму менавіта польская мова — не беларуская, не ўкраінская?

— Таму што мы знаходзімся ў Польшчы. І хочацца больш прыцягнуць увагу палякаў. Наогул вельмі важна загаварыць на мове краіны, у якой ты жывеш — у тым ліку, каб яны тут разумелі і ведалі, што насамрэч адбываецца ў Беларусі.

— Ці можна лічыць тэатр у выгнанні нейкім асобным перыядам жыцця, або ідзе гаворка пра выжыванне? Ці гэта фарміраванне нейкага новага тэатра, або толькі часовы працэс?

— Думаю, гэта фарміраванне новага тэатра, дзе акцёркі з розных краінаў спалучаюцца, каб гаварыць на важныя тэмы. Разам мы ствараем штосьці новае. Асабіста я зараз працую ў некалькіх польскіх праектах, і я, напрыклад, не адчуваю сябе ў выгнанні. Я лічу, што дзялюся сваім талентам і вопытам з палякамі і адначасова развіваюся сама.

— Якія перспектывы ў тэатра, дзе людзі збіраюцца разам і гавораць пра набалелае?

— Мне падаецца, што толькі ў такога тэатра і ёсць перспектывы. Вядома, заўсёды будзе і тэатр забаўляльнага характару, бо людзі ж розныя, і кожны выбірае пастаноўкі па сваіх патрэбах. Нехта хоча проста адпачыць, але ў той жа час нехта іншы — прыйсці і падумаць, нешта даведацца. Калі я іду ў тэатр, я хачу выйсці пасля спектакля іншай. Калі так не здараецца, я потым не разумею, навошта туды ўвогуле хадзіла.

aktorki-agulnaje
Беларускія, польскія і ўкраінскія акцёркі ў спецыяльнай фотасесіі да праекта «Выйду з лесу, выцягну хрыбет, і ён будзе мне замест мяча». Фота: Каця Ігнашэвіч, крыніца: фэйсбук Паліны Дабравольскай 

— Ці лічыш, што тэатр можа на штосьці паўплываць і змяніць сітуацыю?

— У тэатра, вядома, шмат розных задач і мэтаў, аднак, думаю, што так — гэта спрацоўвае. Усё пачынаецца з кожнага чалавека паасобку. І калі адзін спектакль уразіў цябе, нешта ў цябе ўнутры змяніў, твой светапогляд, светаадчуванне — то знойдзецца яшчэ нехта такі, і адзін плюс адзін складаецца ў нас усіх, і разам мы мяняемся. Думаю, праз мастацтва наогул вельмі карысна гаварыць аб нечым важным. Хаця б аб нейкай агульнай чалавечнасці — і гэта ўжо вялікі крок да таго, каб нешта змяніць ці дадаць надзею.

— Ці лічыш гэты спектакль эксперыментам, маніфестам, выклікам? Як яго можна назваць?

— У Харкаве я працавала ў тэатры, які лічыўся цэнтрам сучаснага мастацтва. І ў маіх спектаклях было шмат падобных рэчаў: і зямля, і нават свежыя кветкі... Тады мы яшчэ не ведалі, што гэта нейкі такі своеасаблівы авангард. Але потым мы зразумелі, што для Украіны гэта, магчыма, і былі нейкія суперсучасныя спектаклі. Зараз мне падабаецца знаёміцца з новымі рэжысёрамі, працаваць з рознымі людзьмі, сачыць за іх тэатральным бачаннем і адчуваннем. Для мяне ўбачыць спектакль нейкага рэжысёра — гэта быццам пазнаць яго як чалавека. У выпадку «Выйду з лесу...» мне падабаецца, як усё спалучаецца ў сэнсе музычным, візуальным і акцёрскім. Я цалкам у рэзанансе з Палінай Дабравольскай. Лічу, што спектакль — гэта перш за ўсё яе і наша размова з гледачом, размова з людзьмі на філасофскія тэмы.

— Наконт філасофіі — як лічыш, наколькі глыбока можна дагрукацца да гледача праз такі складаны паэтычна-метафарычны тэкст?

— Можна. Тэатр, паміж іншым, выхоўвае інтэлектуальнага гледача. Мы не можам заўсёды прапаноўваць публіцы нейкія прымітыўнасці. А менавіта гэты спектакль добра ўключае ўяўленне дзякуючы яго гарманічнасці па ўсіх кампанентах. Так, тэкст складаны, але шмат дапамагаюць музыка і карцінка.

— У мяне, напрыклад, вельмі глыбокі адбітак у свядомасці пакінула фраза «мая сяброўка — у беларускім лесе». Калі я чую яе, то мне як беларусцы робіцца не па сабе. Як думаеш, ці можа гэты сказ адчуць так жа тонка паляк ці ўкраінец?

— Трыгерыць, так? Разумею. Калі людзі ведаюць, што адбываецца ў свеце — думаю, яны могуць сабе ўсё ўявіць. Магчыма, іх не будзе так трыгерыць, бо ў іх няма менавіта такой траўмы, няма гэтага вопыту, як у беларусаў — але гэта не значыць, што яны не зразумеюць і не пачнуць спачуваць. Думаю, у нас нават няма такой задачы, каб усе адчувалі, рыдалі ці пакутавалі. Хутчэй мы канстатуем факты — гаворым аб тым, як ёсць, проста расказваем, як усё насамрэч адбываецца. Важна ведаць гісторыю адно аднаго, каб зразумець, як мы будзем яшчэ бліжэй. Тады ў нас будзе больш сяброўства, кантакту, узаемаразумення.

— У спектаклі даволі шмат палітыкі: пратэсты, міліцыя... Як гэта пераплятаецца з жаноцкасцю?

— Жанчыны масава хадзілі на ўсе пратэсты. І ў гэтым кантэксце паўстае пытанне: як наогул можна падняць руку на жанчыну? Гэта жахліва.

alexandra-malastkovskaja
Аляксандра Малацкоўская ў спецыяльнай фотасесіі да праекта «Выйду з лесу, выцягну хрыбет, і ён будзе мне замест мяча». Фота: Каця Ігнашэвіч, крыніца: фэйсбук Паліны Дабравольскай

— Мяркую, што ў палякаў/-чак адгукнецца гэты праект пасля апошніх магутных жаночых пратэстаў супраць забароны абортаў, якія таксама жорстка душыліся.

— Так, спектакль сапраўды вельмі моцна рэзаніруе менавіта з польскай жаноцкасцю і польскім фемінізмам. І чым больш разоў над ім працуеш ці бачыш яго, тым больш сэнсаў для сябе адкрываеш.

— А што наконт мужчынскага бачання спектакля?

— Мне асабіста падаецца, што яны хутчэй пабачаць у ім якраз нешта палітычнае як асноўнае. Але мужчынам сапраўды вельмі карысна ўбачыць гэтую пастаноўку.

— Як ты разумееш назву спектакля «Выйду з лесу, выцягну хрыбет, і ён будзе мне замест мяча»?

— Для меня яна аб тым, каб не маўчаць, а гаварыць, адсякаць старое і смела ісці ў новае. Змагацца за ўласнае жыццё і свой голас, які і з’яўляецца тваім мячом, бо твае словы важныя. Ты важная. Так што выйдзі ўжо з гэтага лесу, рабі, што хочаш, і будзь сабой. Жыві, дзе хочаш. Пачні казаць пра сябе. У адным гэтым сказе — вельмі шмат сэнсаў. Галоўны заключаецца ў тым, каб натхніць жанчыну быць нарэшце свабоднай.

Наталля Міхаліна Скарынка, budzma.org

Чытайце яшчэ: «Я займаюся беларускім тэатрам, бо веру, што мы хутка вернемся». Вялікая размова з Аляксандрам Гарцуевым