Чалавек не можа без уяўлення. Мы ўяўляем сябе, суседзяў, краіну, нацыю, сяброў і ворагаў. Вельмі часта нашыя ўяўленні разыходзяцца з рэчаіснасцю, асабліва калі справа тычыцца ўсяго грамадства і яго складанай структуры. Тут непазбежныя спрашчэнні і скажэнні, часам нават наўмысныя. Дагэтуль шмат хто ўяўляе, што беларусы ўсё яшчэ павінны жыць у “залатым веку” ВКЛ або што бальшыня іх не лічыць рускіх найбліжэйшым у моўным ды культурным плане народам. Сіла ўяўлення супраціўляецца гэтаму і хоча змяніць рэчаіснасць на свой капыл. Яна напоўніцу дзейнічае праз філосафаў, мастакоў, музыкаў, пісьменнікаў ды іншых асобаў, асабліва чуйных да хваляў уяўнага.
Колькі словаў хацелася б сказаць пра апошніх — мастакоў слова, якія намагаюцца максімальна ўхапіць дух часу і перадаць сваё асэнсаванне гэтага духу. Згадайма трох выбітных тутэйшых майстраў пяра, якія шмат у чым вызначылі сучасны канон беларускай культуры: Васіля Быкава, Уладзіміра Караткевіча і Алеся Адамовіча. Быкаў і Адамовіч стварылі тую традыцыю памяці ды ўяўлення пра апошнюю вайну, што стала агульнапрынятай ды падзяляецца многімі. Гэтая памяць адрознівалася ад афіцыйнага пафасу, бо захавала шмат таго, што не ўпісвалася ў ідэалізаваны гераічны вобраз, паказвала сапраўдную жуду фізічных і псіхічных пакутаў, праз якія праходзіў чалавек на вайне. На татальнай вайне, што выпрабоўвала лёсы людзей і народаў ды аспрэчвала само іх права на жыццё.
Караткевіч ствараў іншае. Новы міф пра былую веліч. Ён шукаў моцы не ў агні ды попеле апошняй вайны, але ў рэху славы мінуўшчыны, шукаў і вынаходзіў там беларускія галасы. Яго ўяўная Радзіма яшчэ не была спляжаная танкамі і ўзараная бомбамі, туды рамантычным летуценнікам можна было уцячы ад пасляваеннага сіндрому і застойнай рэчаіснасці. Караткевіч лекаваў сівой даўніной глыбокія нацыянальныя раны.
Гэтыя аўтары былі неад’емнай часткай тутэйшай прасторы і ўсяго, што тут адбывалася, таму парадаксальным чынам яны, выгадаваныя савецкай сістэмай культуры, спрыялі — хтосьці сімвалічна, як Караткевіч, а хтосьці асабіста, як Адамовіч ды Быкаў, — нараджэнню новага ўяўлення пра краіну ды нацыю. Не важна, што яны глыбока памыліліся ў канкрэтным палітычным увасабленні гэтага ўяўлення, бо грамадства адкінула яго радыкальныя формы. Важна тое, што ў сваёй творчасці яны грунтаваліся на ўласным досведзе, тым, што яны бачылі на свае вочы, што спазнавалі ў зацененых месцах нашай памяці.
Прапушчаны праз сябе досвед нашмат больш важны для ўяўлення, чым абстрактны вораг. Быкаў ды Адамовіч былі не моднымі “антыфашыстамі”, не былі багемнымі упырхлікамі, якія ведаюць пра нацызм адно са сваіх недарэчных фантазій. Для іх гэта было змаганнем за жыццё — сваё і свайго роду. Змаганне, у якім суседскі піяк мог стаць паліцаем, што падпальваў хату з жанчынамі і дзецьмі, змаганне, дзе ты мусіў выжыць насуперак усяму ў смяротным ходанні тытанічных сілаў. Таму і нацызм быў для іх з’явай вельмі канкрэтнай — абліччам акупанта, паліцая-паслугача, які пасля ўцёк за мяжу, спаленымі вёскамі і замардаванымі ні за што сваякамі. Іх пазіцыя — гэта тое, што мы можам уявіць і сёння, калі даведваемся пра злачынствы ў В’етнаме, Югаславіі, Руандзе. Тут уяўленне пісьменніка паўстае агульначалавечай сілай, з якой мы можам салідарызавацца.
Час мінае. Застаецца месца і прастора, якія спараджаюць новы досвед і ўяўленне. На шчасце, у Беларусі больш як шэсць дзесяцігоддзяў не было вайны, але за гэты час беларусы сталі сведкамі масавай урбанізацыі, застою, перабудовы, краху савецкай сістэмы, паўстання ўласнай нацыянальнай дзяржавы і цэлага глабальнага свету. З гэтай віхуры нараджаецца новае пісьменства. Як заўжды, з’яўляецца процьма блазнаў, што сцвярджаюцца праз фокусы і скандалы: можна пакпіць з Купалы, можна стаць у прыгожую позу і звінаваціць калегаў па цэху ў казачным нацызме, можна парадзіраваць пацаноў з Шабаноў і Аўтазу. Можна, сіла ўяўлення працуе і нібыта не патрабуе ніякай адказнасці за яго.
Але замест гэтай пены заўжды цікавейшыя тыя, хто трымаецца як мага далей ад літаратурнай мафіі і багемных тусовак, чыё ўяўленне сілкуецца не замежнай стыпендыяй, а тым, што перажываеш канкрэтна сваім лёсам у сваім месцы. Сёння, бадай, ці адзіны гэткі пісьменнік у нас — Юры Станкевіч. Вельмі барысаўскі аўтар, звязаны са сваім месцам. У яго ўжо не досвед вайны, а іншае — рэальнасць сярэдняга індустрыяльнага горада, перабудоўная дэпрэсія, 90-я гады, разгортванне глабальнага постмадэрну і фантасмагарычная праекцыя гэтага ў будучыню. Гопнікі, дэгенераты, чужынцы, што гандлююць гераінам, штодзённыя памыі з тэлевізіі і “новы дзіўны свет” аднапалярнай гегемоніі. Дэкарацыі новыя, але задача тая самая — выжыць самому і захаваць свой род.
Вельмі простая рэч для ўяўлення, але, можа, таму Станкевіч і стаў ці не найбольш чытаным сучасным беларускім аўтарам? Ён піша надзвычай нязручна, што трымае яго на патрэбнай дыстанцыі як ад афіцыёзу, так і ад пісьменніцкай тусоўкі, але яго абмяркоўваюць, хай сабе і скрозь зубы. Яму абыякавыя псеўдацырымоніі ўганаравання, затое чытачы ўганароўваюць яго шматлікім паломніцтвам у сціплай барысаўскай хаце. Менавіта яна, сціпласць, вонкавая стрыманасць з моцнай валявой пазіцыяй, адпаведнай месцу і часу, нягледзячы на ўсе акалічнасці акурат і робіць Станкевіча падаўжальнікам традыцыі Быкава і Адамовіча. Зрэшты, наўрад ці яму самому важнае гэткае прыпадабненне. Але для нас найбольш важнае ды каштоўнае тое, што Станкевіч не баіцца адказваць на пытанні жыцця. Адказвае на іх і прымае адказнасць.
Аляксей Дзермант