Дзве сустрэчы з вядомым беларускім гісторыкам, прафесарам кафедры беларускай культуры Беластоцкага універсітэта Алегам Латышонкам адбыліся на Полаччыне 14 снежня.
Першая сустрэча адбылася ў сценах Полацкага кадэцкага корпусу перад студэнтамі-гісторыкамі, другая – у маленькім прыватным памяшканні ў Наваполацку. На зладжаныя суполкай «Рубон» Наваполацкай гарадской арганізацыі Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны сустрэчы прыйшло разам ля 80 чалавек.
Падчас сустрэчаў спадар Латышонак прэзентаваў сваю апошнюю, напісаную ў суаўтарстве з Яўгенам Мірановічам, кнігу «Гісторыя Беларусі ад сярэдзіны XVIIІ да пачатку XXI ст.». Апавеў пра сваю канцэпцыю ўзнікнення і замацавання за нашым краем назвы «Белая Русь», пра неабходнасць рэабілітацыі ў сучаснай гістарыяграфіі дзеячаў плыні «заходнерусізму», якая, як і літвінска-шляхецкая, зрабіла значны ўнёсак у станаўленне сучаснай беларускай нацыі. Ён правеў цікавае супастаўленне пазіцый дзвюх радыкальных прадстаўнікоў гэтых плыняў, ворагаў К. Каліноўскага і М. Каяловіча, паказаў, што іх радыкалізм на цэлых два пакаленні прыпыніў развіццё беларускай нацыі.
Алег Латышонак адзначыў цікавасць да гісторыі як з боку прадстаўнікоў грамадскасці, так і з боку ўладаў. Адна з яго апошніх прэзентацый прайшла ў Магілёўскім абласным доме культуры.
На сустрэчы прэзентаваліся і апошнія часопісы выдавецтва ARCHE. Ад часопіса, аўтара і ТБМ студэнты атрымалі шмат новых цікавых гістарычных кніг у падарунак. Прэзентацыя ладзілася ў межах кампаніі «Будзьма беларусамі!»
Тэгі: Наваполацк, Полацк