Алена Савеня: “Усё адно што адказаць, як быць чалавекам”

savenia-alena

— Сорамна ўспомніць, але ў школе я не любіла гісторыю Беларусі. Не тое каб я яе не ведала, але школьная праграма досыць сціпла акрэсліла паходжанне беларусаў, затое адарвалася на сухіх фактах пра Вялікую Айчынную. Нудна было страшэнна. Неяк класе ў 8-м ішлі мы на Вялікдзень на могілкі з бацькамі (хто ходзіць на Радаўніцу, а на Ганцаўшчыне, адкуль я родам, – на Вялікдзень). І тут бацька пачынае ўзгадваць: “Вось у гэтых лясах твой прапрадзед паляваў разам з Радзівілам, а парабкі хадзілі да яго на працу”. Ганарліва так сказаў, накшталт “а ты думала!” І ў той момант мяне як ударыла: “У мяне быў прапрадзед!!!” Хто, адкуль, прычым тут парабкі? І я пачала даймаць бабуль-дзядуль, жывых на той час, каб яны апавядалі пра сваё жыццё, продкаў, звычаі… Так, па сутнасці, у мяне з’явілася Радзіма.  Быццам бы спустошаная Радзіма, але цікавая. Пра такіх кажуць “з патэнцыялам”.

Сярод маладых і апантаных гісторыкаў ідуць спрэчкі (добра, што цяжкім нічым не кідаюцца) пра месца літвінаў у нашай гісторыі, пра сялянскае паходжанне беларускай нацыі (многія з гэтага камплексуюць чамусьці). А па мне галоўнае – жыць на зямлі, дзе ёсць свая гісторыя. Трэба толькі развіваць адукацыю – і ў першую чаргу нацыянальную тоеснасць; каб мае дзеці размаўлялі па-беларуску не толькі дома, але і ў школе. Шчыра прызнаюся, што да канца не ведаю, як гэта – быць беларусам. Усё адно што адказаць, як быць чалавекам.

Алена Савеня, журналіст