Скончыўся тэрмін дыпламатычнай службы ў якасці Пасла Швецыі ў Беларусі Крысціны Юханэсан. Пра гэта яна напісала на сваёй старонцы ў Фэйсбук.
«Дарагія сябры, учора я пакінула Беларусь і вярнулася ў Стакгольм. Так, праляцела цэлых пяць год з моманту прыезду ў Мінск (зусім не верыцца!) і тэрмін маёй дыпламатычнай службы ў якасці Пасла Швецыі, на жаль, падышоў да свайго завяршэння.
Хачу сказаць шчыры дзякуй усім, хто зрабіў маю працу ў краіне неверагодна цікавай, насычанай і поўнай новых адкрыццяў. Паўсюль, дзе я была, вы дарылі мне частку сваёй дабрыні і цяпла, дзяліліся вопытам і ведамі. І гэта сапраўды неацэнны падарунак.
Мне пашчасціла наведаць усе вобласці Беларусі і за гэты час я вельмі палюбіла беларускую прыроду — велічную пушчу, блакітныя рэкі і азёры, шырокія палі. Вашыя спакойныя і мілыя краявіды мне заўсёды нагадвалі Швецыю, і часам нават здавалася, што ў Беларусі я амаль дома.
Я палюбіла беларускую культуру, часцінку якой я абавязкова захаваю ў сваім сэрцы. Я навучылася разумець вашую мілагучную мову і вельмі радая, што беларускія дзеткі маюць магчымасць знаёміцца з нашай літаратурай на роднай мове.
Я ніколі не забудуся на феерычныя Дні Швецыі на Плошчы Свабоды ў Мінску, калі здавалася, што цэнтр горада ператвараўся ў маленькую Швецыю, і ўсё гэта дзякуючы вам, дарагія калегі, партнёры і сябры пасольства! Не забудуся таксама і на ўсе іншыя сумесныя шведска-беларускія праекты, якія, спадзяюся, зрабілі Швецыю і Беларусь блізкімі адна адной.
Нягледзячы на тое, што гэтыя пяць год не заўсёды былі захапляльнай і вясёлай вандроўкай, былі і складаныя моманты, аднак я заўсёды і паўсюль адчувала надзейную падтрымку каманды пасольства, якая дапамагла мне пераадолець усе складанасці. Успаміны пра Беларусь, якую я за гэты час шчыра палюбіла, будуць саграваць мяне дома. І я, канечне ж, буду па вам усім сумаваць...
Сёння я кажу «да пабачэння», але не развітваюся! Упэўнена, што абавязкова вярнуся ў Беларусь, можа, наступны раз у якасці госці. І таксама буду рада бачыць вас у Швецыі!»