Калі амерыканскі ЦікТок танчыць, беларускі — чытае вершы

Як сучасная інтэрнэт-прастора ўплывае на папулярызацыю кніг і чытання? Пра гэта паразмаўлялі кніжная аглядальніца і перакладчыца Наста Карнацкая і выдавец Андрэй Янушкевіч падчас адкрытага дыскусійнага клуба, прысвечанага феномену бук-ток літаратуры, у межах літаратурнага фестывалю Pradmova ў Познані. Запісалі найбольш цікавыя думкі, што прагучалі падчас дыскусіі.

 Andrej Januškievič Андрэй Янушкевіч. Архіўнае фота

«Мяне як выдаўца вельмі цікавіць феномен ЦікТоку, — адзначыў Андрэй Янушкевіч. — Я дылетант у гэтым, у мяне няма ЦікТоку, але я ведаю, што гэта цяпер вельмі папулярна. Ён пачынаўся з забаўных танцаў, а пасля перарос у нешта глабальнае. Цяпер у міжнародным кнігавыдавецтве апошні трэнд — вялікія продажы кніг менавіта праз ЦікТок. І я разумею, што трэба вывучаць гэтую з’яву, нельга адставаць ад усяго свету».

Nasta Karnackaja
Наста Карнацкая. Фота з асабістай старонкі старонкі ў Facebook 

Наста Карнацкая распавяла гісторыю ўзнікнення бук-току і перадумовы яго з’яўлення.

«Усё пачалося падчас кавіду. Людзі былі ў ізаляцыі, пачалі больш чытаць, абмяркоўваць кнігі. Вядома, рабіць гэта афлайн у 2020 годзе было немагчыма, таму яны перанеслі размовы ў інтэрнэт. 

Пасля пачалі здымаць кароткія відэа пра тое, якія кнігі прачыталі. Гэта не былі сур’ёзныя агляды — хутчэй кароткія ролікі, дзе паказвалі кнігу і распавядалі, чым яна зачапіла, што змяніла ўнутры. Вось так і ўзніклі бук-ток, бук-цюб і бук-інстаграм».

Паводле Насты, гэта паспрыяла папулярнасці многіх кніг — як ужо добра вядомых, так і новых.

«Напрыклад, у замежным ЦікТоку вельмі папулярныя Фёдар Дастаеўскі, Леў Талстой і раман «Майстар і Маргарыта». Ёсць крайнасці — паміж фэнтэзі, жаночымі раманамі і young adult літаратурай з аднаго боку і сур’ёзнай, глыбокай класікай з другога. У ЗША, дзе ўплыў гэтага феномену асабліва адчувальны, бук-ток вельмі моцна змяніў кнігавыданне».

На думку аглядальніцы, бук-ток паўплываў нават на дызайн кніжных вокладак. Цяпер яны мусяць быць больш прывабнымі і «інстаграмнымі» — каб добра глядзеліся на фота, скажам, на століку ў кавярні побач з лавандавым рафам.

KnihiКніжны кірмаш на фестывалі Pradmova ў Познані

Падчас дыскусіі закранулі і беларускую тэму. Андрэй Янушкевіч запытаўся, што адбываецца з беларускім бук-токам і ці існуе ён увогуле.

«Калі казаць пра беларускі бук-ток — ён ёсць, але ў нас няма блогераў, якія здымаюць відэа выключна пра кнігі, — кажа Наста. — Ёсць добрая колькасць інфлюенсераў, што прасоўваюць беларускую культуру і мову, і таксама распавядаюць пра кнігі. 

Некаторыя займаюцца папулярызацыяй беларускіх вершаў. У нас не так шмат ціктокераў, затое шмат актыўнасці ў Instagram. Ёсць людзі, якія здымаюць відэа, дзе яны чытаюць беларускія вершы. Так што, калі амерыканскі ЦікТок танчыць, беларускі — чытае вершы», — адзначыла літаратуразнаўца.

Падчас абмеркавання прыйшлі да высновы, што выдавецтвам сапраўды варта мець старонкі ў ЦікТоку і Instagram. Гэта можа палепшыць сітуацыю ў беларускім кнігавыданні, дапамагчы з продажам і папулярызацыяй кніг.

Pradmova
Кніжны кірмаш на фестывалі Pradmova ў Познані

«Сучасным выдавецтвам трэба мець свой уласны акаўнт у ЦікТоку. ЦікТок чакае выдаўца Андрэя Янушкевіча, які танчыць з кнігай у руках, — пажартавала Наста Карнацкая. — Гэта цудоўны спосаб данясення інфармацыі да сучаснага чытача».

Наста Пабягунская, Budzma.org