У межах імпрэзаў да юбілею Уладзіміра Караткевіча, класіка беларускай літаратуры і славутага земляка, Аршанскі музей У.С.Караткевіча падрыхтаваў адмысловы анлайн-праект «Караткевіч — мастак.
На сённяшні дзень у спадчыне Уладзіміра Караткевіча налічваецца больш за 600 малюнкаў. Сам пісьменнік не надаваў ім значэння як самастойнаму віду творчасці. Маляваў ён у лістах да сяброў, на палях рукапісаў, у запісных кніжках, канспектах лекцый. Сярод малюнкаў шмат жартаўлівых – сяброўскія шаржы, аўташаржы, жартоўныя тэксты з ілюстрацыямі.
Малюнкі Караткевіча – графічныя, выкананы чарнілам або алоўкам.

Некаторыя малюнкі захоўваюцца і на малой радзіме пісьменніка — у фондавых зборах установы культуры «Музейны комплекс гісторыі і культуры Аршаншчыны». Яны і сталі асновай анлайн-выставы, падрыхтаванай Аршанскім музеем У.С.Караткевіча.

Паглядзець, як маляваў вядомы літаратар, можна на сайце музея і ў Instagram. Арыгіналы малюнкаў прадстаўлены на выставе ў Аршанскім музеі.