Амерыканская гісторыя Z: «дэнацыфікацыя 2.0»

Алесь Кіркевіч на budzma.by аналізуе тыя падзеі, якія адбываюцца апошнім часам на вуліцах амерыканскіх гарадоў.


50 гадоў таму, у снежні 1970-га, увесь свет абышлі кадры, на якіх канцлер ФРГ Вілі Брандт стаіць на каленях каля мемарыялу паўстанцам у Варшаўскім гета. «Я зрабіў тое, што робяць людзі, калі ім не хапае словаў. Такім чынам я ўшанаваў мільёны ахвяраў», — пракаментаваў свой учынак Брандт. Учынак стаў легендай, Брандт — нобелеўскім лаўрэатам.

Сёння ў Штатах няма мільёна ахвяраў. З боку пратэстоўцаў ёсць толькі адна ахвяра — Джордж Флойд, цемнаскуры наркаман, якога вінавацілі ў цяжкіх злачынствах, які, урэшце, загінуў падчас затрымання паліцыяй, але стаў іконай. З гэтай смерці ўсё і пачалося.

Затое ёсць сотні, а цяпер ужо і тысячы людзей, якія сталі на калені. Спачатку перад ягонай залатой труной у Мінеапалісе, пасля перад пртэстоўцамі ў розных гарадах ЗША, а хутка і па ўсім свеце. Нават жыхары Прагі становяцца на калені і выбачаюцца перад Флойдам і яго прыгнечанымі суайчыннікамі. Перад гвалтоўна выселенымі пасля 1945-га судэцкімі немцамі не выбачаліся, а перад Флойдам выбачыліся.

Усё гэта вельмі нагадвае «дэнацыфікацыю 2.0». Шэраг дзеянняў у Германіі пасля 1945 года (ад знішчэння помнікаў да публічных пакаянняў) цяпер хваляй праносяцца па Еўропе. З той розніцай, што ў выпадку Германіі тое першапачаткова адбывалася пад рулямі аўтаматаў пераможцаў, а ў выпадку сённяшніх ЗША ды ЕС — пад прыцэламі камер смартфонаў.

Супраць нацыстаў ваявалі зусім не анёлы

Заўважу, што дадзены артыкул — зусім не спроба зацягнуць некага ў акопы аднаго з бакоў супрацьстаяння (у «пакаянняў» ёсць праціўнікі і прыхільнікі). Тым больш не спроба падбадзёрыць некага ў акопе, у якім ён ужо сядзіць. Занадта проста. Мэта — паказаць крытычную масу супярэчнасцяў, што выклікалі працэсы, за якімі мы назіраем.

Ну глядзіце. З тымі ж помнікамі. У Вялікабрытаніі цяпер размалёўваюць бронзавага Чэрчыля, бо ён, маўляў, лідар рабаўласніцкай імперыі. У ЗША забараняюць «Знесеных ветрам» як стужку, якая прапагандуе «рамантызацыю рабства». Можна пасмейвацца, маўляў, во закруцілі! Але што па факце не так?..

У ЗША фільм «Знесеныя ветрам» больш недаступны для прагляду

Нацысцкі рэжым быў асуджаны ўсім светам за страшныя злачынствы — гэта не абгаворваецца. Але супраць крыважэрнага нацысцкага рэжыму ваявалі зусім не анёлы. Тагачасныя Францыя, Вялікабрытанія і нават невялічкія Бельгія і Нідэрланды — сапраўдныя рабаўласніцкія імперыі. Імперыі, на тэрыторыі якіх парушаліся ўсе магчымыя і немагчымыя правы чалавека. Імперыі, якія выкачвалі рэсурсы ды эксплуатавалі вялізныя тэрыторыі разам з іх жыхарамі.

ЗША на момант Другой сусветнай — краіна з узаконенай сегрэгацыяй паводле колеру скуры. Вось тут для белых, вось тут для чорных. Смешна, але нават на нацысцкіх плакатах Штаты выяўлялі як «франкенштэйна» ў куклукскланаўскім белым каўпаку. Успомніце таксама, што этнічныя японцы на час вайны ў ЗША былі інтэрнаваныя — усяго толькі за сваю нацыянальную прыналежнасць. Дэмакратыя? Хм-м-м...

Закрыць? Затапіць? Пахаваць у залатой труне?..

«Ну і што з таго? — скажаце вы, — Такія былі часы!» Правільна, такія былі часы. Праблема адно ў тым, што прапаганда пасля вайны стварыла цалкам ідэалістычны вобраз саюзнікаў, якія змагаліся за дэмакратыю і свабоду для ўсіх і кожнага, за цывілізацыю супраць варварства, паспяхова забыўшыся, чым насамрэч займаліся французы ў Гвіяне ці бельгійцы ў Конга.

А пасля, па меры росту «левых» уплываў і адпаведнай прапаганды, пачаўся вялікі разбор, у тым ліку гістарычных падзеяў ды постацяў. Ці былі яны сапраўднымі дэмакратамі? Ці любілі цемнаскурых і прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасці? Урэшце, навошта той Калумб адкрываў Амерыку, калі ў далейшым тая на стагоддзі сталася «турмой народаў». Адкрыў? Значыць, адказны за ўсе наступствы.

Такімі тэмпамі хутка трэба будзе і законы фізікі адмяняць: ну а раптам высветліцца, што Ісаак Ньютан быў гамафобам?.. З Амерыкай і Калумбам наогул не зразумела што рабіць: помнік у Бостане ўлады яшчэ могуць схаваць далей ад пагромшчыкаў, а што рабіць з Амерыкай? Закрыць? Затапіць? Пахаваць кантынент у залатой труне як сімвал рабства?..

Тым горш для цывілізацыі!

Але ўсё гэта цалкам заканамерна. Гэта расплата за хлусню і недагаворкі, за чорна-белую карціну свету. Калі ва ўніверсітэтах дзесяцігоддзямі прафесура пераказвала студэнтам гісторыі пра свабоду і раўнапраўе, то ці могуць плады быць іншымі? Адны студэнты, якія ўжо выраслі, паспелі стаць юрыстамі ці палітыкамі, заплюшчваюць вочы на бязмежжа на вуліцах. Іншыя яшчэ вучацца: яны і выходзяць на вуліцы, каб даводзіць сваю праўду.

А праўда ў тым, што калі карцінка свету, якую засвоіла моладзь, не адпавядае рэчаіснасці, тым горш для рэчаіснасці. Іх жа вучылі, што мае быць свабода і раўнапраўе, праўда? А дзе тое раўнапраўе, калі ёсць багатыя кварталы ды галеча ў бедных? Калі багатыя робяцца багацейшымі, а бедныя бяднейшымі? Як так атрымалася, што сацыяльная няроўнасць занадта часта мае колер скуры? Калі рабаўласніцтва — гэта дрэнна, то чаму помнік прэм’еру рабаўласніцкай імперыі стаіць на пачэсным пастаменце?..

Значыць, нехта вінаваты. Напрыклад, сістэма, дзяржава, цывілізацыя, увесь свет. Хто заўгодна, толькі не ўніверсітэцкія прафесары, што некалі ўсё гэта распавялі бялявым дзяўчатам у ружовых шкарпэтках, якія цяпер размалёўваюць паліцэйскія аўтамабілі.

Хочаце як у ЗША? Наступствы амерыканскіх пратэстаў для Беларусі

Праблема ж зусім не ў цемнаскурых хлопцах з бедных кварталаў, якія выносяць з крамаў джынсы або падстаўляюць боты для пацалункаў. Праблема ў тых бялявых дзяўчатах у ружовых шкарпэтках, якія лічаць, што гэта і ёсць «барацьба за свабоду ды раўнапраўе».

Ім, бялявым дзяўчатам, на жаль, ніхто не патлумачыў, што гісторыя цывілізацыі заснаваная на няроўнасці ды канкурэнтнай барацьбе. На амаральных лідарах, якія так ці інакш вялі чалавецтва наперад. На тым, што культура і прагрэс могуць быць вынікамі прымусу. Ну што ж... тым горш для цывілізацыі!

Алесь Кіркевіч, budzma.by

Фота – Mark Garfinkel



Сачыце за нашымі публікацыямі ў TelegramFacebookВконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!

Меркаванне аўтараў сайта budzma.by можа не супадаць з пазіцыяй кампаніі «Будзьма беларусамі!»