Амерыканскі спявак Дэн Кастэла выступіў у Маладзечне 26 кастрычніка. На канцэрце прысутнічала каля 120 чалавек. Шоў пачалося са спазненнем, бо артысты не змаглі своечасова прыехаць у тэатр. Канечне, спазненне на 30 хвілін – справа не вельмі прыемная, і публіка была вымушаная чакаць у холе тэатра… Пакуль у доўгачаканых артыстаў адбываўся саўнд-чэк, у холе публіку забаўляла жывая музыка на саксафоне і раялі мясцовых талентаў.
Публіка прыйшла розных узростаў: ад 16 да 50. Большасць з прысутных скарысталі такія абставіны для “свецкіх гутарак”. Усіх цікавіла, хто ж такі Дэн Кастэлла. А паглядзець на “сапраўднага амерыканскага музыку” – гэта наогул цуд.
Зміцер Бартосік
Канцэрт распачаўся з выступу беларускага барда Змітра Бартосіка, які доўжыўся 45 хвілін. Адразу пасля выступу Зміцер Бартосік быў вымушаны хутка з’ехаць, але яму спадабалася рознабаковая і новая публіка маладзечанскай залі, таму і з’ехаў ён задаволены.
Арганізатар канцэрту Сяргей Прышчэпаў: “На жаль, не ўсе з беларусаў могуць дазволіць сабе схадзіць ці з’ездзіць на канцэрт замежных артыстаў любога ўзроўню нават у Мінск, не кажучы ўжо пра нейкія фестывалі ў Еўропе. А, як вядома, усё спазнаецца ў параўнанні.
Мне цікава рабіць мерапрыемствы, якія могуць пашырыць наш культурны кругагляд… Каб не “варыцца ў сваёй талерцы” – гэта небяспечна выпадзеннем у местачковасць агульнабеларускага маштабу”.
Спецыяльна для містэра Кастэла быў наняты перакладчык, але публіка запратэставала, кажучы, што ёй і так усё зразумела.
Дэн Кастэла
“Прывітанне! Мяне завуць Дэн Кастэла, – пачаў свой выступ спявак, – я з Брукліна… Бруклін – частка горада Нью-Ёрк, горад Нью-Ёрк – частка штату Нью-Ёрк, штат Нью-Ёрк – частка ЗША, ЗША – частка Паўночнай Амерыкі, Паўночная Амерыка – частка заходняга паўшар’я, заходняе паўшар’е – частка планеты Зямля, планета Зямля – частка Сонечнай сістэмы, Сонечная сістэма – частка Млечнага Шляху, Млечны Шлях – частка космасу… I am a spacemаn…”
Дэн Кастэлла паведаміў усім, што мае беларускія карані. Яго прадзед і прабабуля па мацярынскай лініі былі з Беларусі (Гарадзеншчына) і эмігравалі ў 1906 годзе.
Адметнай рысай спевака ёсць вельмі актыўная міміка, пазітыў, які ахопліваў залю. Часам здавалася, што моўнага бар’еру ўвогуле не існуе. Паўзы паміж песнямі Дэн скарыстоўваў для размоваў з публікай, апавядаў гісторыі, жартаваў…
Але спяваў ён пра сур’ёзныя рэчы. У асноўным у тэкстах падымаліся вострасацыяльныя сусветныя праблемы: глабальнае пацяпленне, бедныя краіны, голад, вайна, карпарацыі, брудныя рэкі і паветра.
Дэна тройчы выклікалі на біс і зусім не хацелі адпускаць.
Сяргей Прышчэпаў: “Я браўся за арганізацыю гэтага канцэрта не таму, што Дэн амерыканец, і не таму, што ў яго беларускія карані, а менавіта таму, што ён цікавы артыст!!! І ні я, ні публіка не расчараваліся.
Задума была такая – паказаць беларускую аўтарскую песню, і адзін з амерыканскіх варыянтаў, адносна блізкі паводле жанру. Каб людзі маглі ўбачыць і параўнаць на ўзроўні “яшчэ і так бывае”. Менавіта пашырэнне культурнага кругагляду робіць нас багацейшымі”.
Канцэрт адбыўся ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!”
Фота gagarin.pro і Рэгіянальнай газеты.
Тэгі: Маладзечна