Аналітычная група Беларускай Рады культуры падрыхтавала агляд развіцця беларускай традыцыйнай культуры. Паводле вынікаў агляду, у ліпені-верасні 2025 года старыя трэнды засталіся актуальнымі: вялікая ўвага да рамёстваў і інструментальнае выкарыстанне традыцыйнае культуры для падкрэслівання збліжэння з Расіяй унутры Беларусі, а ў замежжы — далучэнне беларускіх гуртоў да мясцовых культурніцкіх ініцыятываў і вялікая доля забаўляльнага кантэнту ў відэапрадукцыі, якая папулярызуе традыцыйную культуру.
У дадатак да гэтага цяпер Аналітычная група Беларускай Рады культуры адзначыла пашырэнне геаграфіі святкавання Багача, вялікую колькасць кулінарных фестываляў і прааналізавалі долю даследаванняў традыцыйнае культуры ў беларускай сацыяльна-гуманітарнай сферы на аснове праграмы і вынікаў прысуджэння прэміі Кангрэса даследчыкаў Беларусі, які прайшоў у канцы верасня ў Берліне.
У Беларусі па-ранейшаму шмат фестываляў і выстаў прысвечана рамёствам: ткацтву, набіванцы, выцінанцы, ганчарству, саломцы. Вялікай падзеяй, пра якую шмат пісалі ў сацсетках, стала дэфіле ў традыцыйных строях, якое прайшло 20 жніўня ў Музеі гісторыі беларускай літаратуры.
Тэндэнцыя інструментальнага выкарыстання традыцыйнай культуры для падкрэслівання збліжэння з Расіяй, якую ў папярэднім аглядзе адзначылі як характэрную пераважна для Магілёўскай вобласці, цяпер заўважная і на Віцебшчыне: у аршанскім этнаграфічным музеі «Млын» прайшла выстава рускага народнага роспісу па дрэве, а ў Віцебскім абласным краязнаўчым музеі экспанавалі праект «Традыцыі Абрамцава скрозь стагоддзі». У Мінску ж прайшоў беларуска-расійскі конкурс народных выканальніцкіх мастацтваў «Душа народная».
Традыцыйная культура інструментальна выкарыстоўваецца і на дзяржаўных ідэалагічных мерапрыемствах: цалкам на ёй збудаваныя Дажынкі, якія цяпер праходзяць на абласным і раённым узроўнях (рэспубліканскія Дажынкі не праводзяцца з 2014 г.), шматлікія этнаграфічныя куткі дзейнічаюць на фестывалі «Славянскі базару Віцебску» і падчас Дзён беларускага пісьменства.
Беларусы замежжа працягваюць удзел у культурных ініцыятывах, прысвечаных традыцыйнай культуры, у краінах свайго цяперашняга знаходжання: беларуская дуда прагучала на Вялікапольскім танцавальным летніку і на Дударскім канвенце ў Дамахове (заходняя Польшча), а таксама на Турніры праўдзівых музыкаў у Шчэціне. Гурт «Беларускі цуд» і танцавальны клуб «Ойра» выступілі на Кірмашы народаў (Tautų mugė) у Вільні. З ініцыятыў, звязаных з беларускай традыцыйнай культурай, у Грузіі нашым экспертам вядома пра спеўны гурток у Тбілісі і танцавальны — у Батумі. Абедзьве ініцыятывы амаль ніколі не ўдзельнічаюць у грузінскіх імпрэзах, што можна патлумачыць моўным бар’ерам і вялікім непадабенствам беларускай і грузінскай традыцыйных культур. Часамі пазначаныя ініцыятывы далучаюцца да мерапрыемстваў, арганізаваных іншымі экспатамі ў Грузіі — украінцамі і расейцамі.
У ліпені—жніўні выйшлі апошнія серыі праграмы тэлеканала «Белсат» «Падляшскія вакацыі», у якіх гледачоў знаёмяць у т. л. з традыцыйнай культурай рэгіёна на польска-беларускім памежжы. Праграма «Нітка зорка» вярнулася пасля вакацый, але новых выпускаў, прысвечаных традыцыйнай культуры, пакуль няма.
Багач на апошніх альбо перадапошніх выхадных верасня сёлета адзначылі ў Мінску і пад сталіцай: у Музеі народнай архітэктуры і побыту ў Азярцы, у парку гісторыі «Сула», у загарадным клубе «Фестывальны». Святкавалі таксама ў Брэсцкім раёне, у Падляшскім музеі народнай культуры ў Васількаве пад Беластокам і нават у Сібіры — у архітэктурна-этнаграфічным музеі «Тальцы», што пад Іркуцкам. Апошняя імпрэза прайшла ў межах супрацоўніцтва з Маларыцкім раёнам Беларусі, хаця няма вартых даверу этнаграфічных крыніц, якія сведчылі б, што ў гэтай мясцовасці святкавалі Багач.
Афіша святкавання Багача ў Парку гісторыі «Сула». Крыніца: Парк гісторыі «Сула» (Instagram)
Цікава, што на ілюстрацыях да артыкулаў пра Багач у СМІ даволі рэдка сустракаюцца галоўныя сімвалы свята — свечка, зерне, снапкі. Часцей візуальны шэраг апавядае агулам пра традыцыйную культуру — людзі ў строях на фоне драўлянай архітэктуры, пачастункі.
Такая папулярнасць Багача, на нашую думку экспертаў, можа тлумачыцца спробай замяніць гэтым нібы больш аўтэнтычным святам Дажынкі, якія шмат для каго асацыююцца з савецкім часам і сцэнічным фальклорам. На Багачы таксама гучаць жніўныя песні і ўспрымаецца ён як свята ўраджаю.
У аналізаваны перыяд адбылося шмат кулінарных фестываляў: каравай-фэст «Бацькава булка» ў Свіслачы, святы «Паўлаўскі каравай» у в. Навасёлкі Слонімскага раёна, «Мотальскія прысмакі» ў Іванаўскім раёне, «Дварышчанскія прысмакі» — у Лідскім, «Палескі ўюн» у Пінскім раёне, «Каша — карміліца наша» ў в. Путрышкі Гарадзенскага раёна, конкурс караваяў на Дажынках у Ваўкавыску і фэст «Воранаўскі дранік». Стравы, у несеныя ў Інвентар нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі, былі прэзентаваныя ў Лідзе на Днях беларускага пісьменства. У парку гісторыі «Сула» пад Мінскам прайшоў Халаднік-фэст.
Падчас гастраэкафестывалю «Палескі ўюн». Крыніца: zviazda.by
Цікава, што большасць пералічаных кулінарных фестываляў адбылася ў Заходняй Беларусі: у Гарадзенскай і Брэсцкай абласцях. Нельга сцвярджаць, што ва ўсходняй частцы краіны кулінарных фестываляў не праводзілася, аднак звесткі пра іх у прэсе і сацсетках нашым экспертам не трапіліся. Некаторыя з пералічаных мерапрыемстваў прайшлі ў рамках большых фестываляў і святаў, аднак дзяржаўныя СМІ звярнулі на іх увагу. Ва ўсходняй жа частцы краіны гэтага не адбылося. Магчыма, такая розніца тлумачыцца большай ступенню брэндзіраванасці страў традыцыйнай кухні ў Заходняй Беларусі праз іх статус нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцяў краіны. Ва ўсходняй частцы Беларусі страў з такім статусам менш, а тыя, што ёсць, часта ўнесеныя ў складзе рэгіянальных ці агульнарэспубліканскіх намінацый (напрыклад, клёцкі «з душамі» ў Віцебскай вобласці, стравы з таркаванай бульбы) і, магчыма, не ўспрымаюцца як падстава для стварэння мясцовых брэндаў.
Можа быць, што святы халадніка, у т. л. пазначаная вышэй імпрэза ў Суле, адбываюцца пад уплывам адпаведнага свята ў Вільні. Сёлета яно прайшло з 30 траўня па 1 чэрвеня, а віленскія беларусы далучыліся да агульнагарадскога фестывалю, зладзіўшы міні-фэст у Карчме 1863. Нам вядома таксама аб святах халадніку, якія зладзілі беларусы ва Уроцлаве 31 траўня і ў Батумі — 7 чэрвеня. Такім чынам, сезон кулінарных імпрэзаў у дыяспары прайшоў раней, чым у Беларусі. Час правядзення фестываляў, мабыць, абумоўлены тым, што ў цёплую пару зручна есці на вуліцы.
Папулярызацыя рамёстваў, пра якую згадвалася вышэй, таксама часта адбываецца ў форме фестываляў. Акрамя таго, улетку ў Беларусі адбываюцца вядомыя фестывалі, якія складана аднесці да нейкай катэгорыі — «Спораўскія сенакосы», фестываль гумару ў Аўцюках.
Што да замежжа, элементы традыцыйнай культуры (часцей у стылізаваным выглядзе) з’яўляюцца на фестывалях на агульнабеларускую тэматыку, аднак вялікіх імпрэзаў, прысвечаных выключна беларускай традыцыйнай культуры, за аналізаваны перыяд экспертамі не выяўлена.
Як паказаў Кангрэс даследчыкаў Беларусі, які прайшоў у верасні ў Берліне, тэмы, звязаныя з традыцыйнай культурай, з аднаго боку, не вельмі папулярныя — цалкам ёй было прысвечана толькі дзве панэлі з 52 (менш за 4 %):
Універсітэт Гумбальта прымае Кангрэс даследчыкаў Беларусі
Асобныя выступы, прысвечаныя даследаванням традыцыйнай культуры, адбыліся і на іншых панэлях, але гэта не змяняе агульнай карціны: доля гэтай тэматыкі ў беларускай сацыяльна-гуманітранай сферы нізкая. З другога боку, тыя даследаванні, што адбываюцца, даволі прадуктыўныя — сярод 23 пераможцаў прэміі Кангрэса чатыры тэксты (каля 17 %) звязаныя з традыцыйнай культурай:
Такім чынам, можна сказаць, што традыцыйную культуру даследуе не так шмат навукоўцаў, але іх праца заўважная ў грамадстве.