1-2 сакавіка ў Жыровічах адбылася літаратурна-музычная вечарына, якая спалучылася з чарговым зімовым семінарам “Анастасіс”. “Анастасіс” – гэта традыцыйная сустрэча (праводзіцца два семінары на год) па пытаннях алкагольнай і наркатычнай залежнасцяў на базе Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра. Традыцыйна на семінары была прадстаўлецца праграма выздараўлення алкаголе- і нарказалежных людзей і сузалежных, заснаваная на Праграме 12-ці крокаў 12 традыцый. На семінары дзяліліся сваім вопытам і меркаваннем святары, якія працуюць у гэтай галіне, урачы-псіхатэрапеўты, і тыя, хто ўжо набыў вопыт выздараўлення.
Паколькі за дапамогай часцей звяртаецца не сам хворы на алкагалізм, альбо наркаманію, а ягоныя блізкія, то вялікая ўвага была нададзена пытанням пабудовы правільных ўнутрысямейных адносін, якія могуць спрыяць акрыянню. Такі семінар карысны таксама і тым асобам, якія паводле роду служэння сутыкаюцца з дадзенай праблематыкай – супрацоўнікам праваахоўных органаў, кіраўнікам арганізацый і прадпрыемстваў, сацработнікам, педагогам, псіхолагам, урачам.
Адно з галоўных пытанняў семінара – стварэнне пастаяннай пляцоўкі, дзе ўсе, каму неабыякавы маральны стан Беларусі, змогуць аб’яднаць свае намаганні ў мэтах прафілактыкі дэвіянтных паводзін і псіхаактыўных залежнасцяў.
Галоўная тэма семінара:“Бог, як мы Яго разумеем (Духоўныя падмены)”
Гэтая тэма была выдзьвінутая ня дарам. Яна з’яўляецца адной з цэнтральных у праграме Ананімных Алкаголікаў, якія дзейнічаюць у Беларусі амаль 22 гады. Як вядома рух Ананімных Алкаголікаў, што прыйшоў да нас са Злучаных Штатаў Амерыкі і дзейнічае ў больш чым 150 краінах свету, на дадзены момант, з’яўляецца найбольш эфектыўным сродкам дапамогі хворым на алкагалізм.
“Анастасіс” – азначае “духоўнае ўваскрасенне”. Лютаўскі семінар – гэта, пачынаючы з 2009 года, ўжо восьмы па ліку “Анастасіс” у Жыровіцах. І з кожным годам расце вядомасць і значнасць семінара як для залежных, так і незалежных людзей, іх блізкіх, іх сяброў і калег па працы. На гэты раз асноўную ўвагу ўдзельнікаў было вырашана прысвяціць тэме сузалежных людзей, а таксама метадам аздараўленню сям’і, у якой ёсць алкаголік, альбо наркаман.
На гэты раз упершыню “сухая” праграма была “размочаная” сустрэчай удзельнікаў з літаратарамі – пісьменнікам Анатолем Астапенкам і бардам Андрэеем Мельнікавым. Першы прадставіў сваю унікальную кнігу “Сіняя кніга беларускага алкаголіка”, выдадзеную на рускай мове. Як вядома беларускае выданне ўжо даўно стала бібліяграфічнай рэдкасцю і атрымала першае месца ў намінацыі “Самая нечаканая кніга Беларусі 2012 года”. На жаль, новае выданне таксама становіцца рарытэтам з-за сваёй незвычайнай папулярнасці, пра што сведчыць чарга за кнігай у файе Дома культуры Жыровіц на наступным здымку:
У першы дзень працы семінара выступілі: іярэй Аляксандр Папоў– Каардынатар Навагрудска – Лідскай епархіі па барацьбе з алкагалізмам і наркаманіяй, протаіярэй Дыянісій Пясецкі– Кіраўнік каардынацыйнага цэнтра па процідзеянню алкагалізму і наркаманіі Беларускай праваслаўнай царквы.
Пашкевіч Віталі Антоновіч – Старшыня аргкамітета, в.а Дырэктара Праваслаўнага Рэабілітацыйнага цэнтра «Анастасіс», Алег Румін (Расія)– Спецыяліст па сацыяльнай працы пры хімічных залежнасцях (даклад «Падмена духоўнасці рацыяналізацыяй».
Зразумела, у такой напружнай праграме цяжка знайсці месца для адпачынку і тым больш для культарнай вечарыны. Аднак тыя, хто застаўся ў суботу на вечарыну, былі ўнагароджаныя напоўніцу. Андрэй Мельнікаў пачаў сваё выступленне з характэрнай для удзельнікаў, дый выступоўцаў песні:
“За стаканам нічога ня відна, за стаканам….”
Затым А.Мельнікаў прасьпяваў цыкл песень на вершы паэта Алега Бембеля, які да таго ж з’яўлецца насельнікам Жыровіцкага манастыра і носіць там іншае імя – інак Мікалай. Сам інак Мікалй таксама прыняў удзел у сустрэчы і прадставіў на Анастасісе новыя выданні лістка “Жыровіцкая абіцель”, у выданні якіх інак грае галоўную ролю – ён галоўны рэдактар. Інак Мікалай прадставіў таксама сваю новую кнігу – падсумаванне “Крэсіва”, дзе змешчаны ягоныя вершы і публіцыстыка за многія гады творчасці.
На вечарыне была праведзена літаратурная віктарына, адным з пераможцаў якой стаў урач псіхіатар-псіхатэрапеўт з Ліды Анатоль Фінскі. На здымку Мельнікаў уручае прыз Анатолю Фінскаму.
Завяршылася сустрэча традыцыйным акунаннем ў жыровіцкай купальні і фота на памяць.
Анатоль Астапенка
Тэгі: Жыровічы