Як захаваць добрыя адносіны са сваякамі, якія маюць адрозныя ад вашых палітычныя погляды? Ці можна пераканаць прыхільнікаў Лукашэнкі змяніць сваё меркаванне? Некаторыя лічаць, што гэта зрабіць вельмі проста. Варта толькі расказаць людзям праўду. Ці сапраўды гэта так? Пра свой досвед распавядае перакладчыца Марыя Гіліца.
У гэтым тэксце я хачу закрануць тэму канфлікту паміж прадстаўнікамі розных пазіцый пасля 2020 года. Трыгерам сталі заклікі шэрагу актывістаў да прыхільнікаў зменаў актыўна размаўляць з бацькамі, бабулямі, дзядулямі, сваякамі і знаёмымі, якія падтрымліваюць дзейную ўладу, і хуценька тлумачыць ім, на чыім баку праўда.
Гэтыя заклікі закранулі мяне яшчэ тады, у 2020 годзе, і цяпер, праз час, калі адбыліся такія размовы і спрэчкі, мне хочацца падзяліцца сваімі думкамі і назіраннямі.
Памятаю, як пасля прачытання тых заклікаў складвалася уражанне, быццам зрабіць гэта проста, прынамсі няцяжка, калі пастарацца. Нібыта пару размоў — і людзі іншых поглядаў адразу ўсё зразумеюць і пяройдуць з тых, хто падтрымлівае ўладу, да тых, хто супраць яе. І гэты момант трыгернуў мяне найбольш.
Мяркую, многія з тых, хто спрабаваў размаўляць з роднымі і блізкімі пра праблемы ў краіне, пра наяўную сітуацыю, сутыкаліся з істотнымі цяжкасцямі. На паверхні падавалася, што блізкія проста не ведаюць праўды. Мы ім зараз раскажам, пакажам, і яны адразу ўсё зразумеюць і зоймуць іншую пазіцыю. Аднак, калі размовы заходзілі глыбей, то аказвалася, што не ўсё так проста.
Крыніца: www.eg.ru
Я ўбачыла, што людзі, якія пражылі маладосць і дарослыя гады ў савецкі перыяд, часта маюць у галаве іншае ўяўленне пра тое, як мусіць быць уладкавана ўлада. Пасля жыцця ў Савецкім саюзе, пасля выбараў без выбараў, яны могуць не ўяўляць, што ўладу можна абіраць, што могуць быць сапраўдныя, непаказушныя дэбаты палітыкаў, што могуць быць партыі, якія ўплываюць на рашэнні ў краіне, і ты можаш быць адным з тых, хто будзе прасоўваць новы закон, і г.д. Яны не чыталі Гавэла і Оруэла. У іх часы з уладаў не смяяліся ці рабілі гэта вельмі асцярожна. У іх уяўленні «ўлады заўжды такія», «што тут зробіш».
То бок, калі капнуць глыбей, высветлім, што за рознымі людзьмі стаяць розныя ўяўленні пра тое, што такое дзяржава і якое месца яны ў ёй бачыць для сябе. Што я магу, а што не магу.
Гэта добра, што сённяшняе пакаленне гуманнейшае за мінулае, але ці можа, ці мае права сучаснае пакаленне з кнутом караць мінулае пакаленне за тое, што яно не жыло па сённяшніх уяўленнях?
У нашай гісторыі ёсць цяжкі перыяд савецкага часу, з якім не атрымаецца разабрацца па прынцыпу: пагавары з дзядулем, бабуляй, прынясі ім пару газет, і яны ўсё зразумеюць. І ўмомант упадзе сістэма, якую яны сабе ўяўлялі ўсё жыццё, і пабудуецца новая сістэма.
Другі важны момант у тым, што многія людзі так ці інакш давяраюць дзейнай уладзе. Падпарадкоўваюцца ёй. Нават тыя, хто мог стаміцца так жыць і хацеў бы зменаў, у аснове прымаюць уладу. Адчуванне, што для гэтай групы людзей 2020 не разарваў сацыяльны кантракт. Яны не перажылі тое, што перажылі пратэстоўцы, ці не перажылі глыбока, сэнсоўна.
Яны давяраюць уладзе, і засталіся на баку яе апрыёрнай падтрымкі, не сталі ў апазіцыю. Калі паказвала ім фота збітых, яны не верылі, думалі, што фоташоп, ці там сапраўды злачынца. Яны па-за палітыкай, і хочуць там застацца. І гэтае жаданне ці пазіцыя таксама не мяняюцца некалькімі размовамі.
Адно з моцных адчуванняў, якое было ў мяне, у тым, што спробы размаўляць і пераканаць іншых перажываліся мною як пэўны гвалт над іншымі. Ты хочаш, каб яны змяніліся. Ты ў прынцыпе ад іх нечага хочаш. Яны табе ўжо нешта вінныя. Цяпер разумею, што размаўляць варта тады, калі суразмоўнікі гэтага хочуць, гатовыя да дыскусіі.
Да таго ж, размаўляць, напэўна, трэба, не забыўшы правілы этыкі, без крыкаў, узаемных абвінавачванняў, без маніпуляцый (каб толькі пераканаць).
У закліках мяне трыгерыла, што там прапаноўвалася за некалькі размоў змяніць тое, што мяняецца гадамі. Як мы, прыхільнікі зменаў, гадамі чыталі адпаведныя кнігі, стасаваліся ў колах з людзьмі адных поглядаў, хадзілі на розныя курсы і лекцыі, так і людзі іншай пазіцыі гадамі глядзелі беларускае тэлебачанне і больш ці менш давяралі яму.
Крыніца: depositphotos.com
Уявіце, вас хтосьці хоча пераканаць у вашых уяўленнях? Пераканацца магчыма на падставе моцных доказаў, калі ўласная пазіцыя напраўду пахіснецца і зменіцца. І вы да гэтага мусіце быць адкрытыя.
І мне здаецца, значная частка людзей магла быць адкрытая да зменаў, была гатовая разважаць, памяняць свае погляды. Але потым улады хутка абвесцілі недзяржаўныя медыя, арганізацыі і ініцыятывы «экстрэмістамі», і гэта вельмі паўплывала на магчымасць даносіць аргументаваную інфармацыю да іншых.
Іншая ж частка людзей ад пачатку не гатовыя даць сваёй карціне свету пахіснуцца. І гэта добра усвядоміць напачатку размовы, каб разумець, ці мае размова сэнс.
Трэба, дарэчы, і самім быць адкрытымі і гатовымі змяніцца. У суразмоўніка могуць быць уласныя цікавыя ці важныя ракурсы, погляды на сітуацыю. Калі суразмоўнік акажацца падкаваны ведамі і аргументамі, давядзецца яшчэ і самому здолець адказаць на іх, вытрымаць інтэлектуальную размову.
Але галоўная рэч, якую я адкрыла для сябе ў гэты перыяд падобных размоваў, гэта тое, як важна мець павагу адзін да аднаго, да поглядаў адно аднаго.
Напэўна, калі частка грамадства гатовая ўспрыняць пэўную інфармацыю, факты, падзеі, і пачаць пераасэнсоўваць свае погляды і ўяўленні, то заклікі звяртацца да гэтай часткі грамадства могуць быць апраўданымі. Але ў той жа час, чаго я не хацела б і ў чым бачу зло, гэта ў тым, каб абавязкова называць «ябацькамі», «дрэннымі», «дурнымі», «неадукаванымі» тых, хто не стаў на бок апазіцыі ўладзе. У тым, каб аддзяляцца ад іх.
Лёгка называць «ябацькамі» чужых людзей, а ці назавеш сваіх родных? Тут прачынаюцца пачуцці і пачынаюцца пошукі довадаў, якія не дазволілі б так сказаць. Бо ты любіш родных. І тут пачынаеш бачыць, што ўсё глыбей, чым простыя маркеры «наш-не наш». Бо «стаўся да іншага так, як хацеў бы, каб ставіліся да цябе».
Я чую, што частка людзей пасля такіх канфліктаў з роднымі перасталі стасавацца адно з адным.
І тое, што я адчула на сваім досведзе, заклікае вышэй за палітыку, факты і праўду (не ісціну, а тую праўду, якую мы сабе сёння ўяўляем, а заўтра можам пераканацца ў іншай праўдзе) ставіць чалавечнасць. Бо чалавечнасць і чалавекалюбства ёсць ісцінай.
Менавіта да хрысціянскай і гуманнай высновы я прыйшла. І бачу ратаванне ў тым, каб заставацца чалавечнымі. Толькі тады мажліва паразуменне.
Марыя Гіліца, Budzma.org
*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org