Анатоль Брусевіч прэзентуе кнігу “Апошні дзень” у Гродна

7 сакавіка ў Гродна ў мастацкай галерэі “Крыга” адбудзецца прэзентацыя новага паэтычнага зборніка Анатоля Брусевіча “Апошні дзень”. Імпрэза пройдзе ў рамках грамадскай кампаніі “Будзьма беларусамі!”, таму абяцае быць па-беларуску мадэрновай і дэкадэнцкай, паколькі аўтар прэзентаванай кнігі даўно спавядае гэтую чароўную эстэтыку.

Імпрэза пройдзе ў рамках грамадскай кампаніі “Будзьма беларусамі!”, таму абяцае быць па-беларуску мадэрновай і дэкадэнцкай, паколькі аўтар прэзентаванай кнігі даўно спавядае гэтую чароўную эстэтыку.

Аднак не варта чакаць ад вечарыны адно змрочных, упадніцкіх вершаў.

Творы, што аздобілі “Апошні дзень”, поўняцца не толькі цемрай трывогі, але і святлом надзеі: яны балансуюць на хісткай мяжы – паміж напаўразбуранай традыцыяй і нечым невядомым.

Невядомае заўсёды пужае, фарбуючы светаадчуванне ў чорныя і шэрыя колеры, прымушае бегчы без аглядкі.

Традыцыя дазваляе спыніцца, азірнуцца і паслухаць галасы мінулага…

«Апошні дзень» – спроба пэўнага падсумавання. З надзеяй, што прыйдзе ДЗЕНЬ НОВЫ.

– Гэта мая трэцяя кніга, яна выдалася дзякуючы Саюзу беларускіх пісьменнікаў і выдавецтву “Кнігазбор”. У кнігу ўвайшлі вершы, якія пісаліся ў розныя гады, частку хацелася раней выдаць ,але не было магчымасці, – кажа пра сваю кнігу Анатоль Брусевіч. – Кніга мне падабаецца. Вельмі цешуся, што яна ўбачыла свет і спадзяюся, спадабаецца чытачам.

На прэзентацыі выступіць гісторык, бард  Уладзімір Хільмановіч.

Пачатак імпрэзы ў 17 гадзін.

Уваход вольны.

Тэгі: