7 сакавіка ў Гродна ў мастацкай галерэі “Крыга” адбудзецца прэзентацыя новага паэтычнага зборніка Анатоля Брусевіча “Апошні дзень”. Імпрэза пройдзе ў рамках грамадскай кампаніі “Будзьма беларусамі!”, таму абяцае быць па-беларуску мадэрновай і дэкадэнцкай, паколькі аўтар прэзентаванай кнігі даўно спавядае гэтую чароўную эстэтыку.
Імпрэза пройдзе ў рамках грамадскай кампаніі “Будзьма беларусамі!”, таму абяцае быць па-беларуску мадэрновай і дэкадэнцкай, паколькі аўтар прэзентаванай кнігі даўно спавядае гэтую чароўную эстэтыку.
Аднак не варта чакаць ад вечарыны адно змрочных, упадніцкіх вершаў.
Творы, што аздобілі “Апошні дзень”, поўняцца не толькі цемрай трывогі, але і святлом надзеі: яны балансуюць на хісткай мяжы – паміж напаўразбуранай традыцыяй і нечым невядомым.
Невядомае заўсёды пужае, фарбуючы светаадчуванне ў чорныя і шэрыя колеры, прымушае бегчы без аглядкі.
Традыцыя дазваляе спыніцца, азірнуцца і паслухаць галасы мінулага…
«Апошні дзень» – спроба пэўнага падсумавання. З надзеяй, што прыйдзе ДЗЕНЬ НОВЫ.
– Гэта мая трэцяя кніга, яна выдалася дзякуючы Саюзу беларускіх пісьменнікаў і выдавецтву “Кнігазбор”. У кнігу ўвайшлі вершы, якія пісаліся ў розныя гады, частку хацелася раней выдаць ,але не было магчымасці, – кажа пра сваю кнігу Анатоль Брусевіч. – Кніга мне падабаецца. Вельмі цешуся, што яна ўбачыла свет і спадзяюся, спадабаецца чытачам.
На прэзентацыі выступіць гісторык, бард Уладзімір Хільмановіч.
Пачатак імпрэзы ў 17 гадзін.
Уваход вольны.
Тэгі: Гродна