Андрэй Чарнякевіч: “Рэканструкцыя ў цэнтры Горадні патрабуе новай канцэпцыі” (фота)

06.03.2012 У краіне

У цэнтры Горадні гістарычны будынак адбудавалі з парушэннем генплану. Пра будынак і пра канцэпцыі рэканструкцыі расказвае гарадзенскі гісторык Андрэй Чарнякевіч

“Сам будынак па вуліцы Урыцкага, 12 – тыповы даходны дом у эклектычным стылі. Пабудаваны ў канцы ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя. Галоўная праблема рэканструкцыі ў горадзе ў тым, што няма ніякай галоўнай канцэпцыі далейшай рэканструкцыі. Што будзе далей? Гэта будзе скразная сістэма праходаў паміж старымі дамамі ці нешта іншае?

Да рэканструкцыі гэтага дома я стаўлюся даволі спакойна. Гэта не найгоршы варыянт, дом аднаўляюць з таго, што ад яго засталося. І у гэтым станоўчы бок рэканструкцыі. Адмоўным бокам можна назваць тое, што не адбывалася належнага археалагічнага нагляду”.

Андрэй Чарнякевіч расказвае пра дамы, што знаходзяцца побач, і не хавае здзіўлення.

“Вось амаль насупраць гаспадар былой сінагогі ператварыў свой дом у крэпасць. Пабудаваў вялізны плот, за якім схаваўся. У сярэдзіне вуліцы дом каля гарадзенскага КДБ развальваецца на вачах. На вуліцы Гараднічанскай раней была медычная ўстанова і пры ёй унутраны дворык. Ад яго нічога не засталося”.

Андрэй рыхтуе некалькі артыкулаў у гарадзенскай прэсе пра станоўчыя і адмоўныя рысы сённяшняй рэканструкцыі горада і спадзяецца на лепшае.

“Я вельмі рады, што рэканструкцыя не дайшла да нашай Каложы, бо тое, што адбываецца каля яе, бессэнсоўна. Дрэвы пачалі садзіць амаль пасярод футбольнага поля. Домік каля дома святара таксама будуюць неяк безгустоўна”.

 

Андрэй Мялешка

Тэгі: