Знакамітыя чыноўнікі з канала «Чын Чын Чэнэл» і харызматычная Алена Жалудок з хітом «Шчучыншчына» ўздымалі настроі беларусам і беларускам у цяжкі перыяд пасля выбараў у 2020-м. Мы пагаварылі з адным з аўтараў праекта — Андрэем Кашперскім пра тое, ці складана быць беларускім рэжысёрам у эміграцыі, як падбіралася каманда серыяла «Працэсы» і чаму ў ім іграе расійская актрыса, а таксама пра новы фільм і творчыя асаблівасці.
Андрэй Кашперскі
— Як ты сябе пазіцыянуеш? Чым ты займаешся і як ты да гэтага прыйшоў?
— Я пазіцыяную сябе як кінарэжысёр. Мае першыя крокі ў гэтым кірунку пачаліся яшчэ з 12 гадоў, калі мы з сябрам пачалі здымаць маленькія фільмы на тэлефон, якія мы называлі «кіношкамі». З часам, прыкладна праз 15 гадоў, я ўсвядоміў, што ў мяне ёсць талент і цікавасць да прадзюсарскай дзейнасці. Таму я таксама паспрабаваў сябе як крэатыўны прадзюсар і сцэнарыст.
— Наколькі складана быць беларускім рэжысёрам у эміграцыі?
— Асабіста мне прасцей здымаць фільмы ў эміграцыі, чым у Беларусі. Тут больш магчымасцяў для развіцця і свабоды ў творчасці. Я магу рабіць тое, што мне падабаецца, і гэта прыносіць мне прыбытак. Таму я не скарджуся, магчыма, мне пашанцавала. Але ў Беларусі мне было няпроста. Нават падчас навучання ў Акадэміі мастацтваў многія студэнты, акрамя мяне, здымалі свае фільмы за кошт Міністэрства культуры. У мяне не было такой магчымасці, я заўсёды працаваў на свае сродкі. І, нарэшце, я дасягнуў новага ўзроўню ў сваёй кар’еры.
— А чаму так выйшла ва ўніверсітэце?
— А таму што я быў двоечнік, і я проста не паспяваў здаваць сцэнары. Ці я не хацеў іх пісаць, ці яны не падыходзілі. Нічога, звязанага з цэнзурай, ужо сапраўды.
Андрэй Кашперскі
— Я апошнім часам шмат размаўляла з людзьмі з кіно і многія здымаюць за свае грошы. Як увогуле атрымалася дамовіцца наконт рэалізацыі «Працэсаў» з «Белсатам»?
— Пачну па парадку. З 2018 года я супрацоўнічаў з Андрэем Гусіным, мы рабілі шоу на YouTube-канал. Прагляды прыносілі невялікую манетызацыю, што давала нам стымул і магчымасць працягваць рабіць кантэнт. Мы здымалі гранж-трэш, гонза-жахі, накшталт гісторыі пра хлопца, які завёў сабе гусака ў кватэры. Мая задача як рэжысёра заключалася ў тым, каб стварыць уражанне, быццам за гэтым шоу не стаіць рэжысёр.
Я ўсвядоміў, што YouTube дае магчымасці, пра якія я раней не задумваўся, такія як здымка шоу, серыялаў або кароткаметражных фільмаў з фінансаваннем ад няпрофільных спонсараў.
У 2020 годзе мы пачалі здымаць сатырычнае шоу «Чын Чын Чэнэл» пра беларускіх дзяржслужачых, а таксама планавалі здымкі серыяла «Тут быў Ленін». Сюжэт апошняга заключаўся ў тым, што два чыноўнікі прыязджаюць у маленькі горад Шчучынск, дзе з плошчы Леніна знікае помнік «правадыру». Нашы героі пачынаюць расследаванне гэтага загадкавага знікнення.
Працэсы. Фота Данііла Гаёва
Здымаць мы планавалі ў Беларусі ў 2021 годзе. Аднак нашы калегі — рэжысёр Сяргей Каласоўскі і ягоная каманда — былі затрыманыя ў Мінску, калі працавалі над серыялам пра рамонт у шматкватэрным доме. Хоць там былі намёкі на палітыку, гэта быў усяго толькі сітком пра рамонт, у той час як у нас была сатыра пра чыноўнікаў, якія шукаюць Леніна. Таму мы вырашылі не рызыкаваць і не здымаць у Мінску, а адправіцца ва Украіну. Аднак пачалася вайна, і нам давялося зʼехаць у Польшчу.
У Польшчы мы прапанавалі ідэю сатырычнага вэб-серыяла «Белсату». Яны спачатку сумняваліся, бо тады ўся ўвага была засяроджаная на Украіне, але ўрэшце яны пагадзіліся. Так зʼявіўся серыял «Працэсы».
— Раскажы, як ты прыйшоў да жанру палітычнай сатыры?
— Гэта неяк ува мне зараджалася паволі. Яшчэ ў школе выпадкова я стаў прэзідэнтам школьнай рэспублікі. У нейкі момант, калі мне было гадоў 16-17, мае аднакласнікі знялі «перадвыбарчы» ролік са мной, дзякуючы якому я атрымаў 89% галасоў на сумленных і дэмакратычных выбарах. Праз паўгода майго прэзідэнцтва мяне выклікалі да дырэктара: там мяне чакаў незнаёмы чалавек у касцюме, які сказаў мне: «Андрэй, вы ведаеце, што ў нашай краіне можа быць толькі адзін прэзідэнт?». Я быў уражаны. Калі ты падлетак, то прачынаецца максімалізм, і ты хочаш пратэставаць супраць такіх рэчаў праз гумар. Я так спраўляўся з абсурдам, які мяне атачаў.
На трэцім ці чацвёртым курсе мой кароткаметражны фільм атрымаў узнагароду на кінафестывалі, рэктарат вылучыў мяне ў якасці кандыдата ў фонд таленавітай моладзі і я стаў атрымліваць прэзідэнцкую стыпендыю.
Аднойчы я спаў у інтэрнаце, мяне разбудзіў званок а 7 раніцы са схаванага нумара. На іншым канцы спыталі: «Ці я Андрэй Кашперскі?». Затым дадалі: «Сёння сустрэчы з прэзідэнтам не будзе». Я проста паміраў са смеху з гэтай гісторыі. Для мяне гэта было як фільм Дэвіда Лінча, дзе ў пачатку фільма я не разумеў, што адбываецца, і чаму мне тэлефануюць. Я расказаў пра тое, што адбылося ўсім, каго бачыў, і ўсе смяяліся.
Увечары гэтага ж дня я зайшоў у інтэрнат, сустрэў знаёмага і пераказаў яму гэтую гісторыю. Але ён не смяяўся, уважліва на мяне глядзеў і сказаў, што сустрэча з прэзідэнтам адбылася, і ён толькі што быў на ёй. Атрымліваецца, мяне проста не паклікалі. Я доўга думаў, чаму, і ўспомніў, што неяк мяне выклікалі ў дэканат: убачылі маю фатаграфію на пратэсце. Іронія ў тым, што я там сапраўды апынуўся выпадкова, але апраўдвацца перад адміністрацыяй універсітэта не стаў.
Серыял «Працэсы». Фўта Данііла Гаёва
— Раскажы крыху пра серыял «Працэсы». Чаму абраны такі фармат? Чаму гэта вэб-серыял, а не поўнаметражны фільм, напрыклад?
— Пытанне ў дыстрыбуцыі. Мне здаецца, гэта вельмі важна для ўсіх беларускіх кінематаграфістаў у цяперашні час. Адна справа стварыць фільм, а зусім іншая — паказаць яго. YouTube на платформе «Белсату» выдатна падыходзіць для гэтага. Мы вырашылі, што гэта павінен быць цыкл кароткаметражных фільмаў, навел. Такі фармат, верагодна, больш зразумелы для гледача, чым вялікі двухгадзінны або паўтарагадзінны фільм. Вядома, я імкнуся ствараць поўнаметражныя фільмы. Мая наступная праца, над якой я зараз актыўна працую, — гэта поўнаметражны фільм.
— Як ты падбіраў каманду для «Працэсаў»? Ці складана было ўгаварыць Яну Траянаву здымацца, улічваючы яе папулярнасць?
— Мне проста пашанцавала, неяк зоркі сышліся. Калі я пераехаў у Польшчу, усе мае знаёмыя мне рэкамендавалі аператара Ягора Яфімава. І я з ім спрабаваў сустрэцца некалькі разоў, але безвынікова. Я ўжо перастаў верыць у тое, што ён існуе на самай справе, таму мы сталі здымаць першую серыю з камандай, якая займалася, збольшага займалася серыялам «Тут быў Ленін». Мы выпусцілі пілотную версію, ён прыцягнуў увагу іншых спецыялістаў, і нарэшце Ягор далучыўся на нас на другой навеле. Разам з галоўным прадзюсарам Аленай Майскай мы змаглі сабраць каманду, закаханую ў кіно і ў нашу ідэю.
Што тычыцца Яны Траянавай, то першапачаткова мы з Мішам Зуем пісалі сцэнар пад іншую акторку, якую вельмі хацелі бачыць у галоўнай ролі. Мы ёй прапаноўвалі, яна была на кроку, мне здаецца, ад згоды, але ў выніку нічога не выйшла. Потым мы разглядалі дзвюх іншых беларускіх акторак, якія нам вельмі падабаліся. Яны, па-мойму, абедзве справіліся б з роляй выдатна. Але яны не планавалі пераязджаць з Беларусі.
Тады наш мастак-пастаноўшчык прапанаваў звярнуцца да Яны. Я даўно бачыў фільмы «Жыць» і «Краіна Оз», у якіх яна здымалася, і яны мне вельмі спадабаліся. Праз Ягора Яфімава мы знайшлі яе кантакт і напісалі. Дзесьці праз тыдзень атрымалі адказ, што яна паглядзела першую навелу і ёй вельмі спадабалася. Мы стэлефанаваліся і амаль адразу дамовіліся пра здымкі.
Серыял «Працэсы». Яна Траянава справа. Фота Данііла Гаёва
— Не было крытыкі ад гледачоў, што ў фільме грае расійская актрыса?
— Была крытыка, нам казалі «няўжо няма беларускіх акторак»? Была таксама крытыка, што чутны яе расейскі акцэнт у кадры. Але ніводзін з гэтых крытычных водгукаў мяне не закрануў. Я лічу, Яна выдатна выканала гэтую ролю. Тым больш яе роля не была напісаная канкрэтна пад беларуску.
У цэлым крытыкі было не так шмат, як я чакаў.
— Раскажы крыху пра ваш праект «Давай яго дачакаемся».
— Першапачаткова мы працавалі над іншым праектам пад назвай «Чын-чыны ў мундзірах». Гэта міні-серыял з 10 серый, які парадыруе фільмы пра Вялікую Айчынную вайну.
Пазней мы задумаліся і прыйшлі да высновы, што ў гэтай гісторыі не хапае жаночай перспектывы, якая высмейвала б сэксізм улады і мазахізм. Нэла Агрэніч і Алена Зуй-Вайцяхоўская прапанавалі некалькі ідэй і канцэпцый, з якіх самай моцнай, на нашу думку, апынулася ідэя сатырычнага шоу Ангеліны Звездапад, якая распавядае, як правільна сустракаць мужа пасля так званай «спецыяльнай аперацыі». Нам падалося, што гэта выдатны фармат.
— А як публіка ўспрыняла «Давай яго дачакаемся» з усім яго чорным гумарам?
— На мой погляд, «Давай яго дачакаемся» зайшоў лепш, чым «Чын-чыны ў мундзірах». Пра гэта было шмат абмеркаванняў як у СМІ, так і ў каментарах. У асноўным, калі казаць пра беларускую аўдыторыю, то беларусы супраціўляюцца ідэі таго, што гэта пра нас, пра беларусаў. І яны правільна робяць. Бо мы хутчэй здымалі пра расійцаў, і я спадзяюся гэтыя рэаліі не стануць актульным для нашай краіны.
— Чорны гумар дапамагае спраўляцца са стрэсам ад усёй гэтай сітуацыі, якая адбываецца ў Беларусі і ва Украіне?
— Гумар адыгрывае вялікую ролю, бо што яшчэ можа дапамагчы, калі не ён? На працягу доўгага часу, пасля нашага пераезду ў Польшчу, мы ўвесь час сутыкаліся з жудаснымі навінамі, і незразумела было, як з імі справіцца. Наш серыял, па сутнасці, паўстаў з нашай рэакцыі на гэтыя падзеі. Мы з камандай дзяліліся адно з адным навінамі і казалі: «Гэта п***ц». І гэта стала асновай для «Працэсаў». Усе серыі пачынаюцца з літары «П». Мы хацелі выказаць гэта пачуццё, гэтую эмоцыю, неяк пазбавіцца ад яе. Чорны гумар, у гэтым сэнсе, і проста гумар як інструмент, дапамагае справіцца са стомленасцю, прыгнечанасцю, дэпрэсіяй, дапамагае не апускаць рукі, па меншай меры мне дакладна.
Андрэй Кашперскі
— Якія ў цябе яшчэ планы творчыя?
— Цяпер я займаюся распрацоўкай поўнаметражнага фільма разам з маім сааўтарам Мішам. У нас ужо ёсць сінопсіс. Гэты фільм будзе звязаны з Беларуссю і зноў закране абсурдную сістэму. Жанр, які я абраў, — хорар. Я даўно хацеў зняць хорар, і лічу, што ён ідэальна падыходзіць для экранізацыі беларускіх падзей. Вядома, у фільме будзе прысутнічаць гумар, бо гэта адзін з нашых ключавых інструментаў.
— Што для цябе творчы працэс? Як бы ты гэта для сябе апісаў?
— Гэта пастаянная праца. Мне здаецца, гэта не так, як у серыяле «Сэкс у вялікім горадзе», дзе Кэры Брэдшоу ў кожнай серыі садзіцца, піша нейкі артыкул, і ў яе адразу ўсё атрымліваецца. У рэальнасці часам бывае так, што ты тыдзень пішаш нейкую лухту, ненавідзіш сябе, ненавідзіш свет, разумееш, што ты бясталентнасць, і хочацца кінуць. Але заўсёды надыходзіць момант, калі думаеш: «Гэта, вядома, дрэнь, але з гэтай дрэні хоць бы 5% нічога і можна працягваць». Мне здаецца, гэта і ёсць працэс — не рух да выніку, гэта проста рух.
М. К., Budzma.org
Чытайце яшчэ:
Януш Гаўрылюк: «Шмат фільммэйкераў метафарычна загінуць у кінаіндустрыі Польшчы, бо вынікі іх працы не будуць мець аніякага дачынення да беларускага кіно»