Не сакрэт, што многія беларусы траўмаваныя школьнымі ўрокамі белліту. Як пераадолець гэтую траўму і прыцягнуць неафітаў да беларушчыны? Пра гэта, а таксама пра іншыя выклікі, якія стаяць перад камандай, размаўлялі аўтар папулярнага літаратурнага відэапраекта «Смаленне вепрука» Алесь Кіркевіч і вядоўца падкасту Настасся Суханосік. Сустрэча адбылася ў межах Стральцоўскага фэсту, які прайшоў сёлета ў Варшаве. Запісалі самыя цікавыя думкі, што прагучалі падчас імпрэзы.

«Смаленне вепрука» — малады праект кампаніі «Будзьма беларусамі!», які ўжо набірае добрыя прагляды на YouTube. Як кажа аўтар праекта, калумніст «Будзьма беларусамі!» Алесь Кіркевіч, праект разлічаны ў першую чаргу на неафітаў, людзей, не надта абазнаных у беларускай літаратуры, але якім яна стала цікавай.
«Думаю, што не схлушу, калі скажу, што многія з нас былі траўмаваныя ў школе беллітам. Гэта лічылася чымсьці нецікавым, нам падавалася, што там аніякага канфлікту няма, ці гэты канфлікт нам падаваўся неактуальным. Гэта былі вечныя ралля, гоні, хата, пахілены плот. Адсядзім урок і пойдзем далей, — распавядае Алесь Кіркевіч.
На маю думку, кнігі існуюць тады, калі мы іх не толькі чытаем, а яшчэ і рэфлексуем, гаворым пра іх між сабой».— Мы стваралі свой прадукт, каб абвергнуць, перавярнуць гэтую карціну і паглядзець на беларускіх аўтараў, беларускія кнігі пад нейкім іншым вуглом. Мы не ствараем нейкую энцыклапедыю ці нейкі аб’ектыўны нарыс, партрэтную галерэю беларускіх літаратараў, не ствараем дапаможнік для школьнай праграмы. Гэта суб’ектыўны погляд на тых аўтараў, на тыя кнігі, якія нам цікавыя. І самае галоўнае — гэта, хутчэй, запрашэнне да размовы, запрашэнне да чытання, запрашэнне да рэфлексій.
Паводле аўтара, аўдыторыя гэтага падкасту — «не тыя, хто прыйшоў на Стральцоўскі фэст, гэта прадукт для неафітаў, для тых людзей, якія, можа быць, першы раз чуюць нейкія прозвішчы ці назвы кніг, гэта запрашэнне такіх людзей у свет беларускай кнігі».

Алесь Кіркевіч нагадвае фразу Сяргея Дубаўца, што ягонае пакаленне было апошнім, якое магло прачытаць усё, напісанае па-беларуску, абсалютна ўсё — ад і да:
«Зараз, на шчасце, мы ўжо не можам пры ўсім жаданні прачытаць усё напісанае і перакладзенае на беларускую мову. І ў пэўным сэнсе ў гэтым моры наш падкаст «Смаленне вепрука» з’яўляецца дапаможнікам: на што варта звярнуць увагу, на што не варта ніколі звяртаць увагу — паглядзіце наша відэа і не губляйце час».
Вядоўца праекта Настасся Суханосік называе сябе «аматаркай літаратуры», хоць заўсёды была звязаная з тэатрам і літаратурай, нават мела «свой уласны маленькі YouTube-канал — але пра дзіцячую літаратуру».
Паводле Настассі, «Смаленне вепрука» робіць сапраўды добрую справу: «У YouTube, а гэта ўсё ж сучаснае тэлебачанне, такіх праектаў няшмат, можна сказаць, адзінкі. Лічу, што такіх праектаў мусіць быць значна больш. Я кажу тут не пра канкурэнцыю, а пра тое, што, каб дайсці да гледача, трэба розныя-розныя крыніцы гэтай самай інфармацыі. Мы працуем даволі невялікай камандай, гэта ўсё ствараецца ў Беластоку. Мне падабаецца, што я як вядоўца магу працаваць непасрэдна з аўтарам выпуску, можам сесці і паразмаўляць, пачуць думку аўтара і разабрацца, што ён меў на ўвазе пад тым ці іншым выразам».
Самым важным Настасся Суханосік называе тое, што прадукт дасягае Беларусі: «Амаль 40% праглядаў непасрэдна з тэрыторыі Беларусі. Гэта — супер, гэта вельмі добры паказчык. Пад кожным выпускам можна паглядзець колькасць каментароў.
Гэта ўражвае — людзі чытаюць, людзі слухаюць, людзі спрачаюцца, людзі дзякуюць. Ёсць і негатыўныя каментары, але гэта добра — значыць, ёсць куды расці. А ёсць і такія каментары, якіх вы не ўбачыце ў YouTube, шмат хто з Беларусі піша ў асабістыя. Адзін прыхільнік з Менску піша пасля кожнага выпуску, дзякуе і пытаецца пра ўсё літаратурнае, просіць парадаў, пытае, пра што яшчэ будуць выпускі. Мне падаецца, гэта — поспех, такі малады праект — і ўжо мае сваю супольнасць. Нават мае адвакатаў брэнду».
На думку Алеся Кіркевіча, важна каб аўтар падкасту не быў акадэмічным спецыялістам, «не быў дэфармаваны і занураны сваёй нейкай тэмай, занадта далікатным з датамі, абагульненнямі, высновамі»: «Мы не абцяжараныя гэтым, мы — спажыўцы літаратуры, можам расказваць пра тое, што нам падабаецца ці не падабаецца. І гэта дае пэўны эфект лёгкасці».

«Першы — глабальны, ён датычны ўсяго беларускага літпрацэсу. Вось ва Украіне не трэба людзям распавядаць пра Шаўчэнку, у Польшчы — пра Міцкевіча з Ажэшкай. А ў нас такое ўражанне, што нам яшчэ трэба ўкладаць камяні ў фундамент, бо ў часткі людзей яшчэ няма ведаў пра асновы.
То-бок калі б у нас было ўсё добра з адукацыяй, з кнігавыданнем, з гуманітарнай сферай у цэлым у Беларусі, то нам не трэба было б распавядаць беларусам, хто такі Караткевіч, Сыс ці раскрываць незразумелыя моманты ў жыцці Купалы — гэта б было хрэстаматыйнымі рэчамі.
Вось кампанія «Будзьма беларусамі!» і займаецца тым, што канструюе гэты гуманітарны будынак, будынак беларускай ідэнтычнасці наноў. І адначасова трэба быць сучаснымі. Трэба сягаць у сучасную літаратуру, карыстацца сучаснай мовай і сродкамі.
У пэўным сэнсе мы маем праблему з аўдыторыяй, з выбаркай тэмаў: на што звяртаць больш увагі — на сучаснае ці ўсё ж такі больш сягаць у мінулае, пра якое нам у школе не распавядалі? Мы хочам сцвярджаць, што беларушчына — гэта цікава, хоць у школах маглі даць зразумець адваротнае».
Паводле Алеся Кіркевіча, ёсць праблема і з фідбэкам: «Мы не можам атрымліваць вялікую колькасць каментароў з Беларусі. Украінскія каналы такой праблемы не ведаюць. У нас жа — паўпадпольная сітуацыя, мы не бачым усёй карціны. Ізноў жа, ці можам рабіць сюжэты пра аўтараў, якія засталіся ў Беларусі? Ці не стане гэта праблемай для іх?»
А вось Настасся Суханосік называе сваім выклікам яшчэ і «выкшталцоную беларускую мову»:
«Нам часта прылятае за «камон», напрыклад, за яшчэ нешта такое слэнгавае, але ж беларуская мова — жывая, ну камон! Так, я раблю памылкі, я таксама яшчэ вучуся, мая першая мова — руская, і я гэтага не саромеюся. Я бачыла каментары пра мой расейскі акцэнт. Так, гэта праўда. І праўда тое, што я пайшла на курсы маўлення за ўласныя грошы, каб выправіць гэта, бо для мяне гэта важна. Важна, каб слухачы і гледачы атрымоўвалі асалоду ад праграмы. На беларускую стала я перайшла тры гады таму. Але каментары грамар-нацы не адаб’юць жадання з ёй заставацца».
Напрыканцы сустрэчы Алесь Кіркевіч падкрэсліў важнасць адкрыцця для беларусаў цэлага пласту невядомых шырокай публіцы аўтараў:
«Варта гаварыць і пра эміграцыйных аўтараў. Зразумела, што праглядаў столькі не будзе, як з Караткевічам. Але казаць варта — і я буду старацца гаварыць пра іх на нашым канале. У нас дзясяткі непрачытаных шырока і глыбока аўтараў. Трэба гэта ўсё прагаварыць і заахвоціць людзей да чытання, рэфлексій і дыялогу».
Рыгор Сапежынскі, budzma.org