Так званы «спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў», створаны беларускімі ўладамі, папоўніўся YouTube-каналам і старонкай ў Facebook паэта і перакладчыка Андрэя Хадановіча. Творца раіць пашукаць экстрэмістаў сярод тых, «хто не можа стварыць нічога свайго — і таму перашкаджае ствараць тым, хто можа».
Раней, у кастрычніку 2023 года, улады ўнеслі ў «спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» Тэлеграм-канал Андрэя Хадановіча і лагатып канала.
Андрэй Хадановіч. Фота прадастаўлена героем публікацыі
Паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч на просьбу Budzma.org пракаментаваў гэтую навіну:
«Класікі даўно сфармулявалі: "Фашысты будучыні будуць называць сябе антыфашыстамі“. Так і з беларускім рэжымам, які паўсюль шукае „экстрэмізм“. Калі ў Беларусі ёсць экстрэмісты, то гэта тыя, хто незаконна ўтрымлівае ўладу, тэрарызуе беларускае грамадства, якое выразна сказала ім: „Досыць, сыходзьце!“; тыя, хто трымае за кратамі палітвязняў, змушае сумленных беларусаў пакідаць сваю краіну, падтрымлівае ганебную вайну супраць Украіны, ваюе з усімі праявамі незалежнай беларускай культуры, у тым ліку ствараючы свае экстрэмісцкія спісы. Гэта тыя, хто не можа стварыць нічога свайго — і таму перашкаджае ствараць тым, хто можа. Летась яны палічылі экстрэмісцкімі матэрыяламі мае тэлеграм-каналы. Зараз — мой ютуб-канал і маю старонку на фэйсбуку».
Андрэй Хадановіч «дзякуе за ўвагу да маёй працы». «Прызнаюся, што такая ўвага матывуе і натхняе на далейшую дзейнасць. Проста ў найбліжэйшыя дні запішу для ютубу некалькі новых „экстрэмісцкіх“ выпускаў пра незалежную беларускую літаратуру, якая — нягледзячы на ўсе нягеглыя спробы яе знішчыць — жыве!» — зазначае творца.