Літаратурныя сустрэчы з усеагульна ўлюбёным паэтам Андрэем Хадановічам адбыліся ўчора ў Полацку і Наваполацку ў межах кампаніі “Будзьма”. Акрамя самога Хадановіча на імпрэзах прысутнічала маладая паэтка і лаўрэатка конкурсу “Залаты апостраф-2007” часопісу “Дзеяслоў” Ірына Бельская.
Падчас сустрэчаў Андрэй Хадановіч прэзентаваў літаратурны нумар “Arche” са сваімі перакладамі твораў З. Герберта і С. Жадана, жартаўлівыя “Землякі, альбо Беларускія лімэрыкі” і апошнюю кнігу вершаў “Бэрлібры: Гісторыя ў чатырох фільмах”. Сама назва “бэрлібры”, якую прыдумалі сябры паэта Уладзімер Арлоў і Марыйка Мартысевіч, уяўляе сабой гульню словаў “Бэрлін” і “вэрлібр”.
“Усе тры сустрэчы былі падобнымі, але адначасова і вельмі адрознымі. Кожная мела сваю аўдыторыю, таму паэт мусіў арыентавацца на абсалютна розных слухачоў. На адной з сустрэчаў нават прысутнічалі 2 маладых студэнты з Туркменістану. Па іх словах, такія імпрэзы дазваляюць ім лепш зразумець беларускую літаратуру і самога беларускага чалавека”, – зазначыла Ірына Бельская.
Акрамя прэзентацыі вершаў Андрэй Хадановіч выканаў песні, якія ён”уласнаручна” пераклаў з замежных моваў. Сярод іх і “Алілуя” Леанарда Коэна, і бессмяротная “Besame mucho” Кансуэлы Веласкес. Дарэчы, гэтую кампазіцыю за ўсе 64 гады яе існавання выконвала вялікая колькасць сусветна вядомых спевакоў, сярод якіх Элвіс Прэслі, Эла Фіцжэральд і Пласіда Дамінга.
Фота А. Лянкевіча.
Тэгі: Наваполацк