“Быць беларусам – што гэта значыць?” — у супольным праекце Budzma.org i TUT.by вядомыя ў сваіх сферах дзейнасці людзі расказваюць, што для іх значыць быць беларусам. Сёння на пытанні анкеты адказвае Андрэй Курэйчык – драматург, сцэнарыст.
— Быць беларусам – што гэта значыць? Якое значэнне Вы ўкладаеце ў слова беларус/беларуска?
— Гэта значыць быць адказным за сваю краіну. На жаль, беларусы не жадаюць быць адказнымі за што-небудзь. У людзях не забітая рабская, халопская псіхалогія, выгадаваная народамі, якія фактычна стагоддзямі кіравалі нашымі тэрыторыямі. Менавіта таму мы ўсе яшчэ маем праблемы з нацыянальнай ідэнтыфікацыяй. Халоп не мае нацыянальнасці. Вольны чалавек заўсёды мае Радзіму. “Беларуса” немагчыма вызначыць іначай, як чалавека, які адчувае адказнасць за развіццё нацыянальнай дзяржавы, яе мовы, культуры і мастацтва.
— Якія ўнікальныя рысы характару і светапогляду ўласцівыя беларусам?
— Ёсць рысы добрыя, ёсць дрэнныя. Да добрых я б аднёс “душэўнасць”, рэдкае для Захаду паняцце. Прыемна, што ў Беларусі яшчэ не ўсё вырашаюць грошы, няма такога халоднага, ашчаднага практыцызму ва ўсім. У беларусах засталося шмат вясковага, рамантычнага і нават міфалагічнага. Яны ў большасці сваёй шчырыя і нязлосныя. Але ў нашым нацыянальным характары ёсць і заганы: беларусы закрытыя, ім абсалютна напляваць на чужыя пакуты, калі гэта не датычыць іх асабіста (уся Еўропа і Амерыка збіралі грошы на дапамогу гаіцянам, якія гінуць, афрыканскім дзецям, што галадаюць, пацярпелым ад вайны палестынцам, але не ведаю беларуса, які адправіў бы ім хоць капейку). Беларусы рэдка робяць выбар рацыянальна, і ў гэтым корань праблем у нашай палітычнай сістэме.
— Назавіце тры-пяць асноўных падзей у гісторыі Беларусі, без ведання якіх беларус — не беларус.
— Станаўленне горада Полацка ў 862 годзе, Грунвальдская бітва ў 1410-м, Вялікая Айчынная вайна 1941—1945, прыняцце Дэкларацыі незалежнасці Рэспублікі Беларусь 27 ліпеня 1991 году.
— Якія традыцыі павінен ведаць і захоўваць беларус?
— На жаль, такіх традыцыяў не засталося. Ператвараць краіну ў ХХІ стагоддзі ў лубок недарэчна. Важна прывіць беларускую самасвядомасць, вольны, ганарлівы, незалежны погляд на рэчы, веды сваёй гісторыі. А каму цікавая этнаграфія, тыя могуць вывучыць яе і так.
— Беларус без ведання мовы – беларус?
— Не, не беларус. Нават калі вы не размаўляеце на нацыянальнай мове (а гэта пераважная большасць нашага насельніцтва), вы павінны яе ведаць. Мова — гэта душа любой нацыі. Мова — гэта тое, што ў першую чаргу адрознівае нацыі адну ад адной. Гэта галоўны выразнік нацыянальнага духу. Мне відавочна, што у нас яго развіццём і пасоўваннем займаюцца недастаткова. Надзея толькі на наступныя пакаленні, таму што мы адраджэнне нацыянальнай мовы правалілі.
— Чым беларускім Вы ганарыцеся?
— Шчыра кажучы, падставаў для гонару няшмат. Няма такога прадукту сілкавання, які быў бы ў нас лепшым. Гарэлка лепшая ўкраінская, сыры — французскія, каўбасы — нямецкія, піва — чэшскае ці бельгійскае. Сучасная архітэктура ў нас жахлівая. Новыя мікрараёны пачварныя і безаблічныя. Тэхніка адстае ў тэхналогіях. Ежа ў рэстаранах даражэйшая і горшая, чым у Еўропе. Адзенне і абутак — састарэлых фасонаў па шалёных цэнах… Кіно таксама здымаюць слабое, на эстрадзе талентаў няма. У сферы матэрыяльнай і духоўнай вытворчасці беларусам яшчэ трэба зрабіць прадукт, якім мы будзем ганарыцца ва ўсім свеце. Пакуль жа застаецца ганарыцца нашымі спартоўцамі, некаторымі нашымі акторамі і рок-гуртамі. Асабіста я ганаруся “Ляпісам Трубяцкім”.
— Што робіць нас, беларусаў, прыкметнымі сярод суседзяў? А ва ўсім свеце?
— Белая пляма на карце — заўсёды прыкметная. Ні суседзі, ні астатні свет насамрэч не ведаюць, што ў нас адбываецца. Беларусь для іх — “чорная скрыня”. Адны перакананыя, што мы стварылі тут сацыялістычны рай, іншыя — што ўзнавілі Савецкі Саюз у адной асобнай рэспубліцы, трэція — што ў нас ледзь не Паўночная Карэя. Усё гэта стэрэатыпы, заснаваныя на няведанні. Нам трэба больш прыцягваць турыстаў, замежных адмыслоўцаў, рабіць міжнародныя праекты, каб свет даведаўся, якая Беларусь насамрэч.
— Якой Вам бачыцца будучыня Беларусі?
— Найбліжэйшая — цяжкай. На жаль, зрабіўшы некалькі фундаментальных гістарычных памылак, мы адсталі ад цывілізаванага свету на шмат гадоў. Калі нашы былыя савецкія суграмадзяне ўжо ва ўсю ездзяць па Еўрасаюзе як паўнапраўныя яго насельнікі, беларусам даводзіцца афармляць візы і праходзіць зневажальныя працэдуры ў пасольствах. Мы не чальцы СГА, нашу палітычную эліту не прымаюць ні на Захадзе, ні ў Расіі. Не зразумелы і сам інтэграцыйныя праект з Расіяй. Беларусь раптам апынулася наводшыбе, непатрэбнай ні тым, ні іншым, без канкурэнтаздольнай эканомікі, з велізарнымі пазыкамі і без яснай стратэгіі на будучыню. Але ў аддаленай перспектыве я веру, што Беларусь стане цывілізаванай, багатай і спакойнай еўрапейскай дзяржавай, якая паважае ўсіх без выключэння сваіх грамадзян, што без страху глядзяць наперад. І нават калі мы да гэтага не дажывем, можа быць, нашы дзеці будуць жыць у такой Беларусі.