Шумілінскія ўлады збіраюцца правесці супрацьаварыйныя работы на рэштках сядзібнага дома Грабніцкіх у Обалі. На кансервацыю выдзелена амаль 50 тысяч рублёў з мясцовага бюджэту, піша тэлеграм-канал «Спадчына».
Сядзіба ў Обалі была пабудавана ў першай палове XIX стагоддзя і належала шляхецкаму роду Грабніцкіх. Гэта быў выдатны помнік архітэктуры класіцызму: манументальны двухпавярховы палац, галоўны ўваход у які вылучаўся масіўным чатырохкалонным порцікам са скульптурамі львоў. З боку двара фасад меў высокі цокальны паверх з выступаючай аркадай, ад якой пліты-прыступкі вялі непасрэдна да ракі і пейзажнага парку з ліпавай алеяй. Унутры размяшчаліся шырокі вестыбюль і парадная зала.

Пасля 1920 года помнік чакаў тыповы савецкі лёс: спачатку ў панскіх інтэр’ерах размясцілі школу, пасля вайны — дзіцячы дом, а затым будынак ператварылі ў інтэрнат працаўнікоў мясцовага Обальскага керамічнага завода. Менавіта пасля адсялення інтэрната пачаўся этап татальнага занядбання і марадзёрства.
Палац перажыў моцны пажар, пасля чаго мясцовыя жыхары пачалі літаральна разбіраць яго на будматэрыялы. Дзяржава гэты вандалізм не спыніла. Цяпер ад палаца засталіся толькі сцен.

Згодна з каштарысам, за 50 тысяч рублёў плануюць правесці базавую кансервацыю руін. Будаўнікі мусяць разабраць хісткія часткі цаглянага мура і скляпенняў, а таксама вывезці каля 16 тон будаўнічага смецця. Каб абараніць рэшткі сцен ад ападкаў, на іх усталююць драўляныя шчыты, якія пакрыюць прафіляваным металічным лістом.
Выкананне прац запланавана на ліпень бягучага года. Пра паўнавартасную рэстаўрацыю і аднаўленне гаворкі не ідзе, але без кансервацыі хутка ад палаца нічога не застанецца.