Андрэй Скурко атрымаў узнагароду імя Льва Сапегі

Гісторык, пісьменнік Андрэй Скурко атрымаў узнагароду імя Льва Сапегі. Прэмія прызначана за выбітны ўклад у фармаванне і развіццё грамадзянскай супольнасці ў Беларусі і пабудову незалежнай, дэмакратычнай Беларусі, скіраванай у Еўропу, таксама з улікам лепшых традыцый Рэчы Паспалітай, піша polskieradio.pl.

Andrej Skurko Андрэй Скурко падчас уручэння прэміі імя Льва Сапегі. Фота: Беларуская рэдакцыя Польскага радыё

Узнагароду ініцыяваў Калегіум Усходняй Еўропы ва Уроцлаве і Студыюм Усходняй Еўропы Варшаўскага ўніверсітэта, а спонсарам узнагароды з’яўляюцца пяць польскіх ВНУ (Варшаўскі ўніверсітэт, Ягелонскі ўніверсітэт, Уроцлаўскі ўніверсітэт, Уроцлаўскі ўніверсітэт імя Адама Міцкевіча і Беластоцкі ўніверсітэт). Пераможца будзе гасцяваць у гэтых універсітэтах, чытаць лекцыі на тэму Беларусі і праводзіць уласныя навуковыя даследаванні.

Узнагарода была запачаткавана ў 2006 годзе ў выніку паслявыбарчых пратэстаў. Тады ж у Польшчы была створаная стыпендыйная праграма імя Каліноўскага.

— Мы маем справу з вядомым публіцыстам, перакладчыкам, чалавекам, які таксама робіць вялікі ўклад у папулярызацыю польскай літаратуры ў Беларусі, таму што ён быў выдаўцом Чапскай, перакладчыкам і выдаўцом Мельхіёра Ваньковіча. Гэтага б хапіла, каб даць яму прэмію. Але тут у яго цэлы букет дасягненняў, бо гэта і журналісцкая дзейнасць (Наша Ніва, ARCHE), і пераклады, і выдавецкая дзейнасць, і ўрэшце два гады турмы, — адзначыў дырэктар Студыюм Усходняй Еўропы Варшаўскага ўніверсітэта Ян Маліцкі.

Jan Malicki
Ян Маліцкі. Фота: Беларуская рэдакцыя Польскага радыё

Андрэй Скурко — беларускі журналіст, філолаг і перакладчык, пісьменнік. У 2021 годзе яго затрымалі і асудзілі на 2,5 года калоніі. За кратамі ён напісаў пяць тамоў вершаў для дзяцей, якія сталі бестселерамі. Цяпер ён жыве за межамі Беларусі, а за апошні год падрыхтаваў да друку дзённікі Марыі Чапскай, Мельхіёра Ваньковіча і Міхала Сапоцькі ў перакладзе на беларускую мову.

andrej-Skurko.jpgАндрэй Скурко чытае лекцыю падчас уручэння прэміі ім. Льва Сапегі. Фота: Беларуская служба Польскага радыё/radyjo.net

Падчас урачыстасці ўручэння Прэміі імя Льва Сапегі Андрэй Скурко выступіў з кароткай лекцыяй «Беларусь і Польшча ў свеце пасля канца свету»:

— Нядаўна мне выпала магчымасць рэдагаваць кнігу беларускага гісторыка, з якой я даведаўся пра крыніцы багаццяў канцлера Вялікага Княства Літоўскага Льва Сапегі, у гонар якога названа гэтая прэмія. Гэты магнат, уладальнік беларускіх лясоў, прадаваў на Захад тоны попелу. У тыя часы ён быў неабходны ў хімічнай прамысловасці. І ў гэтым ёсць такая сумная іронія, што папялішча — гэта ўсё, што з поспехам мог прапанаваць наш край за апошнія пяцьсот гадоў гісторыі. Беларус не можа сказаць, што ён жыве ў доме, які пабудавалі яго продкі ў чацвёртым-пятым калене, што яго сям’я ніколі не перасялялася супраць яго волі, што ён мае прыватную бібліятэку, збіраную стагоддзямі. Кожныя дзесяцігоддзі нашы сядзібы ператвараліся ў попел. Пра гэта пісалі ў сваіх успамінах Мельхіёр Ваньковіч, Марыя Чапская і іншыя. 

Мы вымушаныя вяртацца са спаленых палёў, вяртацца з турмаў, са ссылкі, усё адбудоўваць, бо наша краіна гэтага заслугоўвае, бо лепшай няма.

Uznaharoda Фота: Беларуская рэдакцыя Польскага радыё