“Вывучайце гiсторыю – гэта дапаможа вам прадбачыць будучыню!“ – так прагучалі словы вялiкага Канфуцыя ў вуснах натхняльніка выдатнага творчага праекту прафесара Анджея Струмiлы падчас прэзентацыi Кнiгi Вялiкага Княства Лiтоўскага на сцэне Купалаўскага тэатра.
Дзякуючы высілкам інтэлектуалаў Беларусі, Літвы, Польшчы, мы будзем ганарыцца выданнем кнігі не адзін дзесятак год. Сёння ў нашай краіне яе атрымалі прадстаўнікі розныx культурныx установаў, і , не гледзячы на невялікую колькаць, Кніга ўсе ж будзе даступна ўсім, хто пажадае дакрануцца да мінулага. Аб гэтым сведчаць словы намесніцы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі спадарыні Таццяны Кузьмініч.
Мне ўдалося паразмаўляць з аўтарам і душою гэтага праекта, самім спадаром прафесарам Анджеем Струмiлам, разнастайным мастаком, энцыклапедыстам, аутарам звыш 200 кніг, нават філосафам. Але галоўнае – вельмi сiмпатычным, сталым чалавекам. Прабачце, …Адчыненым Чалавекам з вялiкай лiтары.
– Добры дзень, спадар Анджей. Па-першае, дзякуй Вам вялікі за натхненне, за патэнцыял, за гумар і пазітыўную энэргію, якую Вы сёння аддавалі зале. Я бачыла вочы гледачоў, якія прыйшлі на падзею. Мне падалося, што дзякуючы Вашай добрай энергетыцы, публіка а ні хвіліны не адчувала ніякай афіцыйнасці падчас імпрэзы. А Вы бачылі вочы людзей? Яны – у захапленні ад Вас! З якім настроем пан прафесар ехаў да нас, у восеньскі, трохі змрочны Мінск? Заўседы жартуеце і выглядаеце такім бадзёрым, негледзячы на стому ад дарогі?
– Ехаў да вас з добрым настроем, з чыстым сумленнем, – таму, што зроблена карысная праца для усіх нас: Беларусі, Польшчы, Літвы. Наконт выгляду (усміхаецца), лепей я скажу, што заўжды іду наперад, наперад і толькі наперад, не гледзячы на стамленне і перашкоды. Мажліва, xтосьці мяркуе, што я літовец – маці мая з паўночнай Літвы, а літоуцы ўпартыя. У гэтым сэнсе я вельмі ўпарты чалавек.
– Што Вы імкнуліся данесці да чытачоў Вялікай Кнігі?
– Кніга мела мэтаю распавесці тром народам, что наша спадчына – гэта агульнае і непадзельнае. А канкрэтна літоўцам казаць: вы павінны разумець, что каля васьмідзесяці адсоткаў Вялікага Княства – праваслаўныя, і што вы шмат чаго добрага ўзялі ад рускай (беларускай -аўт.) і польскай культураў. Палякам: вы атрымалі вялікае генетычнае багацце, шмат добрай крыві, рамантычнага духу – ад беларусаў і літоўцаў. Без людзей, народжаныx тут, на гэтай зямлі, выгадаваных у гэтай прыродзе, немагчыма сённяшняя гісторыя польскай культуры. А Беларусі трэба даць маральную падтрымку, таму-што яна мела пераважную частку ў Вялікім Княстве Літоўскім, мела моцную генетыку, пачынаючы яшчэ з Полацкага перыяду. Беларуская ж гісторыя не пачынаецца з савецких партызан …яна значна багацей.
– Спадар Анджей, ведаю – Вашыя карані адсюль, але ўсё ж у які перыяд свайго жыцця Вы адчулі сабе сапраўдным грамадзянінам Вялікага Княства? Калі Вам прыйшла ідэя стварэння кнігі?
– Я заўсёды сябе ім адчуваў, але ідэя, канешне, прыйшла значна пазней. Мажліва я і сам тады не саспеў, ды і час …не надыйшоў, але ж і кампаніі сааўтараў яшчэ не было.
– Ці цяжка было сабраць пад адной вокладкай такі міжнародны аўтарскі калектыў? З кім было найцікавей супрацоўнічаць?
– Цікава было з усімі бакамі! Я адразу сябе казаў, што працаваць над кнігай акрамя палякаў будуць літоўцы, прычым тыя аўтары, што жывуць у Літве, беларусы – з Беларусі і Беласточчыны (пісьменнік Сакрат Яновіч і гісторык Алег Латышонак). Сумесная праца была зусім не цяжкая, наадварот, выбітныя прозвішчы, такія як Чэслаў Мілаш, Томас Венцлава дапамаглі хутчэй адшукаць фінансаванне праекту. Я падбіраў аўтараў па такіх крытэрыях: яны павінны валодаць разнастайнымі ведамі, быць даволі вядомымі ў сваіх краінаx, і, безумоўна, не будуць спрачацца, а пакажуць галоўным чынам выбітныя моманты ў гісторыі ВКЛ. Спрэчкі былі, напрыклад, наконт таго, дзе была сталіца княства, дзе быў каранаваны Міндоўг, але як без гэтага? Дакладна гэта ж нікому невядома. Беларусы лічуць, што Міндоўг быў каранаваны ў Навагародку, літоўцы – у Вільне.
– Падчас прэзентацыі, аўтары жартавалі наконт другога і трэцяга тамоў Кнігі, наколькі рэальны працяг выданняў?
– Усе рэальна, былі б сродкі, выдадзім! Не ўсе пажаданыя публіцысты і гісторыкі трапілі ў кнігу. Напіша Адам Мальдзіс і іншыя аўтары. Задумка добрая. Для мяне ўсе ж мае значэнне і дзе выдаваць кнігі па Вялікім Княстве. Бо я ж не выдаў яе в Варшаве, а выдаў у Сэйнах, што недалека ад літоўска-беларускай мяжы і што болей адказвае маім геаграфічным і палітычным патрабаванням.
– Калі сёння глядзела на пана прафесара падчас дзейства на сцэне, прабачце, мне Вы чамусці нагадалі індыйскага гуру, які вядзе да прасвятлення і духоўнай гармоніі. Можа раскрыеце таямніцу свайго творчага патэнцыялу, дзе чэрпаеце рэсурсы, што дазваляе Вам ісці да новых значныx праектаў?
– Я шмат дзе быў, шмат чаго пабачыў. Кажыце йога? Я адзінаццаць разоў быў у Індыі! Прайшоў пешшу ўвесь Непал. Узыxодзіў на Канчэнджангу, што ў Гімалаях, быў на Монт-Эверэсце. Так, спадарыня мае рацыю, адтуль я чэрпаю моцы і супакой (зноў усміхаецца).
– Вельмі ўдзячная спадару Анджей за прыемную размову. Плённыx поспехаў Вам і вашым калегам. Чакаем наступныя тамы Вялікай Кнігі нашыx народаў.
Гутарку вяла Таццяна Дземідовіч-Менская
кант.тэл.8-096-550199