Кінакрытык Тарас Тарналіцкі ў спецпраекце «Беларускае кіно на зломе эпох» распавядае пра анімацыйныя фільмы, знятыя на кінастудыі «Беларусьфільм» за апошнія 4 гады. Сярод іх, як выявілася, ёсць сапраўды вартыя вашай увагі.
Беларуская анімацыя доўгі час існавала ў прасторы непазбежнага кампрамісу — і ў кожнага мастака ён быў свой. Незалежныя аніматары былі вольныя працаваць над уласнымі праектамі, але грошы пад іх даводзілася шукаць у самых розных месцах.
У мультыплікатараў з дзяржсектару сітуацыя складвалася наадварот — да апошняга часу была пэўная фінансавая стабільнасць, але самарэалізоўвацца прыходзілася ў межах дзяржзамовы. Нездарма чыноўнікі з Мінкульта перыядычна цытуюць Леніна з яго стаўленнем да «найважнейшага з мастацтваў». Анімацыя, як ігравое і дакументальнае кіно, заўсёды разглядалася ўладай у якасці інструменту ўплыву: навучальнага, асветніцкага, ідэалагічнага.
Аўтары з «Беларусьфільма» рабілі мультфільмы для дзяцей, дзе іх вучылі беларускаму алфавіту, гуманістычным каштоўнасцям, пераказвалі казкі. А больш даросламу гледачу давалі веды па нацыянальнай і замежнай культуры, дзе пераказваліся лёсы пісьменнікаў, кампазітараў, тэатральных дзеячаў.
Апошнія дзесяць год, пасля пачатку вайны ва Украіне, да гэтай палітры пачалі паціху дадаваць тэму памяці пра Другую сусветную вайну. А апошнім часам, на фоне палітычнага крызісу, ідэалогія стала дамінуючым напрамкам для дзяржаніматараў — яны здымаюць працы з гісторыямі пра мемарыяльныя ваенныя комплексы, паходжанне афіцыйнага герба і сцяга. А хто да гэтага не гатовы, тых звальняюць.
У сённяшняй падборцы мы разгледзім большую частку «беларусьфільмаўскай» анімацыі за апошнія 4 гады, якую атрымалася знайсці ў публічным доступе.
«Цацка»
У безыменны горад, дзе жыве сям’я з дзвюма дзяўчатамі і хлопчыкам, раптоўна ўрываецца вайна — у выглядзе істоты, апранутай у чорны саван, са страшным белым тварам і без вачэй. Дарослыя збягаюць альбо гінуць, і ў пэўны момант супрацьстаяць дэману і яго войску даводзіцца дзецям і іх плюшаваму трусіку.
Нетыповая праца ў партфоліа дзяржстудыі, дзе вайну прызвычаіліся трансляваць праз рэтраоптыку чырвонаармейца часоў Другой сусветнай. У творы «Цацка» рэжысёрка Рыта Шаграй выкарыстоўвае іншы прыём. Яна пераносіць гледача ў пазбаўленую дакладных геаграфічных маркераў сучаснасць, дзе спалуючаюцца элементы казкі (вайна прадстаўлена як антрапаморфная істота, а войска — як жудасны сімбіёз зброі і казурак) і былі (перад паразай злодзей дэманструе архіўныя фота дзяцей з рэальных канцлагераў).
Героі вандруюць па разбураным горадзе, дзе ляжаць целы загінулых і пануе смерць.
«Цацка» атрымалася эмацыйна насычанай працай, здольнай размаўляць з дзецьмі на складаныя тэмы мовай жудасных вобразаў.
«Я тайну ў глыбіні душы хаваю»
Яскрава і лірычна пераказаная біяграфія Максіма Багдановіча.
На хвалі турбулентных адносін з Расіяй у другой палове 2010-х гадоў «Беларусьфільм» атрымаў дзяржзамову на папулярызацыю беларускай культуры. Пра лёс Янкі Купалы зрабілі ігравое кіно, а нядоўгі жыццяпіс Максіма Багдановіча (літаратар пражыў толькі 25 гадоў) рэалізавалі анімацыйнымі сродкамі.
Па вялікім рахунку «Тайна» — па-мастацку аформлены пераказ асноўных вехаў жыцця паэта, у якім яркія візуальныя вобразы падмацоўваюцца аўтарскімі вершамі.
У Алены Пяткевіч атрымаўся дакладна не самы арыгінальны і захапляльны фільм, але калі вы зусім незнаёмыя з біяграфіяй і творчасцю Максіма Багдановіча, мультфільм здольны запоўніць пэўныя прабелы ў вашых ведах.
«Тошка і яго сябры»
Працяг анімацыйнага серыяла пра прыгоды чалавекападобнай бульбачкі — Тошкі, яго дзядулі і сяброў: божай кароўкі і вусеня.
За 30 гадоў працы на нацстудыі аніматар Аляксандр Ленкін зарэкамендаваў сябе як стваральнік не самых складаных па тэхніцы выканання (яркая палітра і простыя лініі) і змесце дзіцячых мультсерыялаў. У 90-я і 00-я гэта былі «Прыгоды рэактыўнага парсючка», у дзясятыя — «Рыбка па імені Нельга», «Сонечныя зайчыкі».
Апошнім праектам у яго фільмаграфіі (Ленкіна нядаўна звольнілі са студыі) стаў праект «Тошка і яго сябры», у якіх галоўныя героі, якія жывуць у казачнай Беларусі, вучыліся сябраваць з іншапланецянамі (эпізод «Ёсць кантакт!») ці даваць рады сучасным тэхналогіям (эпізод «Дапоўненая рэальнасць. Перазагрузка»).
Калі б дакруціць драматургію і візуальны стыль, з «Тошкі і яго сяброў» можна было б зрабіць запатрабаваны праект для дзіцячага тэлебачання, да чаго стваральнікі, безумоўна, імкнуліся. Але чыноўнікі абралі «патрыятычны» вектар развіцця студыі, а мультсерыял, гледзячы па ўсім, цалкам згарнулі.
«Пчолка»
Гісторыя стварэння расійскім князем Зорычам у канцы XVIII стагоддзя прыватнай балетнай трупы ў Шклове, якая стане асновай для будучага Марыінскага тэатра Санкт-Пецярбурга.
Бліскучы прыклад посткаланіяльнай працы ў беларускай анімацыі, калі аўтары некрытычна дэманструюць, як беларусы ўзбагачалі «вялікую» расійскую культуру. «Пчолка» — праца з прэтэнзіяй на пэўную гістарычнасць падзей, але пры гэтым кантэкст пра ўваходжанне Шклова ў склад Расійскай імперыі пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай цалкам ігнаруецца. Сама сялянка Праскоўя Азарэвіч (тая самая «Пчолка» з назвы) знаходзіцца на другім плане гісторыі і яе задача толькі без ценю сумневаў марыць аб выступах і тэатральнай кар’еры. У пэўны момант у сюжэце ўсплываюць палякі, якія хочуць выкупіць тэатр, але ім, безумоўна, адмаўляюць.
Даволі сумнеўную па змесце і ідэях працу адцяняе рэалістычная мастацкая форма. Пчолка выканана ў тэхніцы ратаскапічнай анімацыі, дзе мастак стварае паверх відэароліка. Праз гэта персанажы «Пчолкі» выглядаюць і рухаюцца ў кадры арганічна, як сапраўдныя людзі.
«Класікі і шахматы»
Майстры беларускага слова — Янка Купала і Якуб Колас — пасярод парку спаборнічаюць паміж сабой у шахматнай гульні і рыфмаванні вершаў.
«Класікі» ствараліся з нагоды 140-гадовага юбілею Купалы і Коласа. І як у большасці праектаў, зробленых спецыяльна «пад свята», у ім адчуваецца дзяжурны падыход да выканнаня — штучны канфлікт паэтаў, які нагадвае інтэлігентны рэп-батл, і зусім ужо простая, нават лубочная анімацыя.
Адзінае, што цешыць — дэкламацыя паэзіі беларускіх класікаў у выкананні актораў Анатоля Голуба і Юрыя Баранава. Вось гэта сапраўды мастацтва на ўсе часы.
«Сон у зімовую ноч»
Казка пра чарадзейнае каралеўства гномаў, якое сніцца ў ноч на Каляды хлопчыку Марту. У ім Каралевіч змагаецца з Каралём краіны сноў, каб вызваліць з палону сваю каханую — прынцэсу лясных эльфаў Ажыну.
Добрая і прыемная магічная гісторыя, с цікавым сюжэтам і сапраўдным святочным настроем, цалкам прыдуманая і зрэжысаваная Аленай Пяткевіч. дакладна пацешыць бацькоў, якія вырашаць паглядзець мультфільм сумесна са сваімі дзецьмі.
«Прэлюдыя і фуга»
Юны піянер бяжыць па шматлюднай вуліцы Ташкента — вось-вось пачнуцца заняткі ў музычнай школе. Трапіўшы ў клас і сеўшы за піяніна, хлопчык ніяк не можа сканцэнтравацца — яго вабіць вуліца з гульнямі ў футбол і казакоў-разбойнікаў.
Карыфей беларускай анімацыі Ігар Воўчэк напрыканцы свайго творчага шляху атрымаў сапраўдны падарунак — магчымасць зрабіць уласны аўтабіяграфічны фільм. «Прэлюдыя і фуга» распавядае пра яркія эпізоды дзяцінства мастака ў пасляваенным Ташкенце. Тут ёсць усё: інструментальная музыка, узбекскі нацыянальны каларыт, успаміны пра бацькоў і хваробу.
Важным момантам аповеду становіцца гістарычны кантэкст з рэпрэсіўнымі савецкімі практыкамі ва Узбекістане: рэквізіцыяй маёмасці, расстрэламі, канцэнтрацыйнымі лагерамі. Відавочна, што да СССР і яго кіраўніцтва аўтар паставіўся вельмі крытычна, і гэта, магчыма, паўплывала на лёс мультфільма — трэйлераў і самаго фільма на ютуб-канале «Беларусьфільма» не адшукаць. Невядома, ці наўмысная гэта цэнзура, але сам фільм адназначна заслугоўвае ўвагі і найперш — у дарослай аўдыторыі.
Паглядзець можна па спасылцы.
«263 ночы»
Анімацыйная экранізацыя кнігі Барыса Герстэна «263 ночы» пераказвае лёс 26 мінскіх яўрэяў. Яны стварылі таемнае сховішча пад домам і такім чынам перажылі пагромы і вынішчэнне Мінскага гета, вызваленне горада ад нямецкай акупацыі, а таксама голад і холад.
Удалы капрадукцыйны праект рэжысёркі Ірыны Тарасавай, да стварэння якога прыклалі намаганні беларускія, расійскія і яўрэйскія аўтары і фонды. Дзіўна ў гэтай сумеснай працы тое, што з’явілася яна на «Беларусьфільме». А дзяржстудыя да тэмы вайны падыходзіць звычайна з ідэалагічна-патрыятычных пазіцый і халакост як гістарычную з’яву практычна не заўважае. Фестывальная драма «Урокі фарсі» — адно з нешматлікіх выключэнняў.
Стваральнікі «263 начэй» выкарысталі існуючы вакуум, сканцэнтраваўшы ў працы ўсё, што раней ігнаравалася: адлюстраванне цяжкага быту і погляды на вайну з боку яўрэйскіх гарадскіх жыхароў, эксперыментальнае спалучэнне элементаў дакудрамы і аніміраванай мемуарыстыкі, арыентацыя на больш дасведчаную і дарослую аўдыторыю.
Агулам атрымаўся пранізлівы і шчыры аўтарскі фільм пра вайну, у якім, нягледзячы на ўсе жахі, нашмат больш жыцця і веры ў лепшае, чым можна сабе ўявіць.
«Дзідзі»
Мілы і візуальна прывабны дзіцячы міні-серыял (выйшла 6 эпізодаў) аніматаркі Ірыны Тарасавай пра прыгоды ў лесе невядомай істоты па мянушцы Дзідзі. Нягледзячы на высокую якасць, праект новае кіраўніцтва студыі паклала на паліцу — мультфільм не згадваецца ні на сайце «Беларусьфільма», ні на яго ютуб-канале.
Акрамя забаўляльнага, ёсць у «Дзідзі» і выхаваўчы складнік. У ім дзяцей вучаць, што варта слухацца дарослых, прыбіраць пасля сябе смецце на прыродзе і адказна ставіцца да выбару падарунка на дзень народзінаў сяброў.
У якасці бонуса — сапраўдныя меламаны ў песні бацькі-вожыка пачуюць вакал актора і музыкі Іллі Чарапко-Самахвалава, саліста гуртоў «Пятлі прыхільнасці» і «Касіяпея».
«Дзіцячы альбом»
Беларуска-расійскі альманах у трох частках, прысвечаны творчасці замежных, расійскіх і савецкіх кампазітараў. 20 музычных твораў — 20 унікальных гісторый, аформленых аніматарамі ў рознай тэхніцы і форме.
Адна з нешматлікіх паспяхова рэалізаваных калабарацый «Беларусьфільма» з прыватнымі аніматарамі — маскоўскай студыяй «Мір». Мастакі зрабілі сапраўдны адукацыйны калейдаскоп, у якім музыка Баха, Моцарта, Бізэ, Мусаргскага, Шастаковіча ды іншых кампазітараў аздоблена паўнавартасным візуальным шэрагам, дзе ёсць лялечная, маляваная анімацыя, фотакалаж.
Маленькі шэдэўр, які не мае ўзроставых і гендарных абмежаванняў.
«Гісторыі ад кірыліцы»
Невялічкі мультсерыял аніматаркі Ірыны Тарасавай і Уладзіміра Пяткевіча, складзены з чатырох кароткіх серый-гісторый. Мэта праекта асветніцкая — пазнаёміць рускамоўных дзяцей з асаблівасцю беларускай мовы, яе алфавітам, вымаўленнем літар і гукаў. Прыемна, што аўтары засяродзіліся не толькі на кірыліцы і не забыліся на лацінку.
Тарас Тарналіцкі, Budzma.org