Алена Анісім: «Я асуджаю вайну, якая сёння вядзецца супраць Украіны»

Беларуская мовазнаўца, старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны (2017–2021) выказалася ў фэйсбуку наконт расейскага ўварвання ва Украіну.


000.jpg

«Я, грамадзянка Беларусі, заяўляю, што для мяне існуе адна Канстытуцыя — Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь 1994 года.

Я падтрымліваю і настойваю на нейтральным і без’ядзерным статусе нашай краіны.

Я асуджаю вайну, якая сёння вядзецца супраць Украіны.

Я асуджаю прысутнасць расійскіх войск на нашай тэрыторыі.

Я выступаю за тое, каб кіраўніцтва нашай краіны перастала рабіць з Беларусі прахадны двор і я супраць таго, каб з нашай тэрыторыі ляцелі і паўзлі смертаносныя грузы.

Я выступаю за тое, каб перасталі рабіць з маладых салдат гарматнае мяса, адбіраючы ў іх будучыню і жыццё.

Я настойваю на тым, каб войскі РФ пакінулі тэрыторыю Беларусі. Я настойваю на тым, каб беларускія войскі не пакідалі межы краіны.

Гэта мая грамадзянская пазіцыя, якую я заяўляю адкрыта і публічна».