Анка Упала. Пяць дзён, пра якія маўчаць

Тэма, што ўздымае Анка Упала ў эсэ “Пяць дзён, пра якія маўчаць”, — няёмкая, нязручная, няпростая. І не толькі для нашага грамадства. І не толькі праз сам працэс, але і праз табу на права свабодна казаць пра сваё самаадчуванне. Новым тэкстам рубрыкі “Няроўнасці” Анка Упала гаворыць з чытачом пра тое, пра што многія стараюцца нават не думаць, хоць з’ява існуе і (хочам мы таго ці не) аказвае ўплыў абсалютна на ўсіх.

 


Анка Упала

Пяць дзён, пра якія маўчаць

 

Калі яна краваточыць, пахі, якія я ведаю, мяняюць колер.

Яе душа ўтрымлівае жалеза гэтымі днямі.

Яна пахне як пісталет.

Джэнет Уінтэрсан, «Напісана на целе»

 

 

Першую пракладку для яе зрабіла мама з кавалка старой прасціны. Ад зношанай і таму мяккай чыстай прасціны альбо навалкі адрываліся прастакутнікі патрэбнага памеру, складаліся даволі тоўста і клаліся ў майткі. Натуральна, такая пракладка ні да чаго не мацавалася. Калі паверх не надзець калготкі, пракладка лёгка магла выпасці, ды і ў калготках магла спаўзці па назе.

Ёй было адзінаццаць гадоў, 1992 год. Так супала, што дзень яе першых месячных быў азначаны вялікай сямейнай сустрэчай — рэдкай, радаснай, шумнай падзеяй. У госці ў Магілёў акурат прыехала дзядзькава сям’я з Рэчыцы.

Ужо праз паўгадзіны пасля закладання куды трэба — нічога сабе! Гэта што, так цяпер і хадзіць? — яе першую пракладку цётка знайшла на падлозе ў гасцёўні і сказала ёй пра гэта. Давялося прысаромлена пайсці і падабраць анучку са сваім дзіцячым мазком. Анучка ляжала па цэнтры дывана.

Яна не мае пэўнасці, наколькі яе прыватная жаночая ініцыяцыя засталася тады прыватнай. Была цётка адна, калі знайшла пракладку, ці знаходка адбылася ў шырокім сямейным коле. Цётка, вядома, суцешыла, што ніхто больш той пракладкі не бачыў.

Свае скарыстаныя анучкі многія пралі і скарыстоўвалі наноў. Ёй не давялося гэтым займацца — у вялікай сям’і запас ануч папаўняўся спраўна. Яшчэ можна было рабіць пракладкі з марлі ці бінту і ваты. Але гэта было ўжо не так эканомна.

Заканчвалася дваццатае стагоддзе. У космас лёталі касмічныя караблі, а яна і яе школьныя сяброўкі падчас месячных яшчэ карысталіся пракладкамі з рваніны.

Толькі ў пазнейшым юнацтве аднакласніца падарыла ёй на спробу нябачаны цуд — тампон амерыканскай вытворчасці з аплікатарам, які яна адклала да моманту Х. Тым часам малодшы брат цішком знайшоў схованку з ім і з цікаўнасці ўскрыў упакоўку, каб зірнуць на заморскае дзіва. Было не толькі сорамна, але і крыўдна — яна хацела распакаваць тампон сама.

Да ўсяго, пару дзён памежнага часу яна нашмат вастрэй успрымае несправядлівасць, навальваецца дэпрэсія і хочацца плакаць. Датклівасць сыходзіць разам з першай крывёй.

Чалавецтва не так ужо і пераймалася жаночым камфортам, калі ён тычыўся выключна жанчыны. Непрыярытэтнае пытанне. У канцы дзевятнаццатага стагоддзя медсёстры ў Злучаных Штатах пачалі рабіць для сябе пракладкі з цэлюлозных бінтоў, што вырабляліся для параненых салдат. Адтуль бярэ пачатак тамашні фабрычны выраб пракладак, якія і дагэтуль даступныя далёка не ўсім жанчынам у свеце.

У краінах, што развіваюцца, месячныя могуць замінаць дзяўчатам атрымліваць адукацыю. Яны могуць прапускаць школьныя ўрокі, баючыся працёкаў, саромеючыся свайго стану, альбо праз кепскія санітарныя ўмовы, якія не дазваляюць ім прывесці сябе ў парадак прыватным чынам, альбо ад болю.

Аднойчы ва ўніверсітэце ёй давялося выклікаць хуткую для сяброўкі, якая ледзь не страціла прытомнасць на семінары. Менструацыя заўжды праходзіла ў той цяжка, даводзілася рабіць уколы. Няясна было, як дапамагчы, пакуль чакалі хуткую. Сяброўку, якая сядзела пры сцяне, яна пагладзіла па галаве, як маленькую. Той нават стала смешна:

— Я ж яшчэ не паміраю!

Зрэшты, гэта не шараговая з’ява: у большасці жанчын месячныя не настолькі пагаршаюць самаадчуванне. Хаця мала ў каго яны зусім на ім не адбіваюцца.

Няма сумневаў, што для нашых прабабуль месячныя таксама стваралі праблему. Самае трывожнае жаночае пытанне да сваіх папярэдніц: а што рабілі жанчыны мінулага, калі не было ніякіх сродкаў гігіены? Яна чытала, што нічога не рабілі, так па нагах і цякло на зямлю пад даўгой спадніцай. Ці насілі шмат спадніц і самую ніжнюю заціскалі паміж ног ці мох падкладалі. Страшны сон. Той, што здзяйсняўся для жанчын на вайне, пра якіх пісала Алексіевіч, якім ні падмыцца не было дзе, ні падкласці чаго. Для многіх здзяйсняецца і дагэтуль, там, дзе вайна і нястача.

У багатых усё ж нешта было. Яшчэ заможныя жыхаркі Старажытнага Егіпта карысталіся прататыпамі сучасных тампонаў — рулончыкамі з мяккага папіруса, а ў Японіі спадарыні рабілі для сябе шарыкі з тонкай паперы. У Еўропе больш карысталіся самаробнымі пракладкамі з тканіны, якія, як мы бачым, пратрывалі ажно да яе юнацтва.

Калі яна чытае пра здзяйсненні накшталт “вакол свету са ста далярамі ў кішэні”, ці “скарыць горы”, ці “пераплысці акіян”, яна заўжды ведае, што ў адной і той жа сітуацыі жанчыны пераадольваюць болей перашкод за мужчынаў. І тых, што выстаўляе свет, і сваіх асабістых. Не, нават з сучаснымі сродкамі гігіены гэта не поўная свабода. Яна не ўпэўненая, што Руал Амундсэн дайшоў бы да Паўднёвага полюса, калі б меў месячныя і быў змушаны апроч астатняга засцерагацца ад крывавых працёкаў паміж ног. Сярод членаў каманды Амундсэна не было нікога спрактыкаванага, хто б ведаў, як даваць рады сваёй менструацыі.

Нядаўна адна яе юная летуценная прыяцелька прапусціла заняткі.

— Дык ты чаго не прыйшла?

У адказ прыяцелька прыкрывае далонню рот і шэпча — у аўтобусе зразумела, што настаў момант Х, а пракладка не толькі не падасланая, але нават і не пры сабе. Дзяўчына выйшла з аўтобуса і паехала назад дахаты ратавацца.

Сорамна расказваць.

Ды ладна, кажа яна, як дарослая сястрыха, мы ўсе іх маем.

Яна мяркуе, што калі б у мужчын былі месячныя, гэта не лічылася б такім саромным. Бо гэта былі б Мужчынскія Месячныя. Фізіялагічных праяў мужнасці не надта прынята саромецца. Мужчыны — і малаінтэлігентныя, і быццам бы з культурнага кола — даволі свабодна пішуць у сеціве ацэначныя каментары да фота жанчын: устае ў іх вось на такую вось жаночую камплектацыю ці не ўстае. Быццам той жанчыне на фота ёсць нейкая справа да фізіялогіі незнаёмага мужчыны і задавальнення яго патрэбаў. Да сябе пры гэтым тымі ацэншчыкамі ніякіх патрабаванняў не выстаўляецца. Каб прысабечыць права адрасаваць каму папала сваю ацэнку праз устае ў яго ці не ўстае, юным Апалонам быць не трэба. Гэта не спосаб асэнсаваць сябе, калі было б дарэчна гаварыць пра свой стан, гэта спосаб кантролю і прыніжэння жанчыны.

Так што, далібог жанчына, дзяўчына, дзяўчынка мае права не канфузіцца, калі гэта тычыцца яе самаадчування. Мы маем права гаварыць пра сваё без ганьбавання. Мусіць, яшчэ дарэчна ініцыяваць гутарку пра менструацыю тым, хто прафесійна нясе адказнасць за жаночае здароўе. У адукацыі расказваць пра фізіялагічныя працэсы таксама ОК. І дзяўчынкі, і хлопчыкі мусяць ведаць пра тое, што адбываецца з чалавечымі целамі.

Нядаўна яна чула размову падлеткаў, хлопца і дзяўчыны, якая прысела на лаўку ля пад’езда.

— Мне кепска, — сказала дзяўчына.

— Можа, у цябе месячныя? — спытаўся хлопец.

— Ды не, проста баліць жывот.

Напэўна, гэтая гутарка — праява блізкіх адносінаў, ён не высмейваў яе. Зрэшты, гэта права дзяўчыны вырашаць, жадае яна падтрымліваць гутарку пра свае месячныя ці не. Прыватным дзеляцца са згоды.

Вось жа атрымалася цэлае эсэ пра менструацыю, хаця яна проста хацела расказаць пра сваю пакупку, якую прывезла сабе са Швецыі, таму што хацела паехаць адтуль з чымсьці новым, што можа змяніць яе жыццё да лепшага. Але што тут шмат пісаць — карыстацца трэба.

Яна прывезла сабе менструальную чашу. Гэта новы ўзровень свабоды ў тыя дні, калі жалеза, якое ў нас ёсць, выходзіць вонкі з менструальнымі выдзяленнямі. Калі правільна змясціць, чаша не адчуваецца наагул ніяк. Сядзіць шчыльна, як корак. І купацца можна, і на гору лезці — не працякае. Незаўважная. Збірае, а не ўбірае, таму лепей для флоры. Павінная трываць гады, таму можна раз купіць і больш не выдаткоўвацца на сродкі гігіены. Спаражняць можна два разы на суткі.

З другога цыклу яна навучылася змяшчаць і даставаць чашу так, каб не рабіць сабе балюча. Як і абяцала інструкцыя, гэта справа звычкі.

Менструальныя чашы бываюць розныя, таму чытайце інструкцыю да сваёй.

 

 

Анка Упала

Ілюстрацыі: Layla May Ehsan


Перадрук матэрыяла – толькі са згоды рэдакцыі budzma.by