Навучальныя ўстановы праводзяць анкетаванне дзяцей з 11 гадоў з мэтай выяўлення схільнасцяў да ўжывання наркотыкаў. Наколькі такая дзейнасць адпавядае законам і ці не парушаюцца правы дзяцей і бацькоў?
У нядаўняй публікацыі на старонках дзяржаўнай прэсы спецыялісты адзначылі, што пілотны праект на анкетаванні чакае працягу. Хутчэй за ўсё, фармат значна змяняцца не будзе, хаця і адзначаецца недасканаласць працэдуры і неабходнасць дапрацоўкі пытанняў анкеты.
Між іншым, яшчэ на старце праекта ў грамадства ўзнікалі пытанні да яго аўтараў.
Нават дэпутаты звярталіся ў Міністэрства адукацыі па тлумачэнні пасля пратэстаў бацькоў, якія абурыліся пытаннямі анкеты. Хаця ўдзел у анкетаванні з'яўляецца добраахвотным (з дазволу бацькоў да 14 гадоў і па згодзе падлеткаў, старэйшых за 14).
Паводле пэўнай інфармацыі, Міністэрства адукацыі зрабіла некаторыя змяненні ў інструкцыях, але рэдагаваннем канцэпцыі і пытанняў анкеты не займалася.
Тым больш што пасля хвалі незадаволенасці з боку бацькоў і публікацый у СМІ большасць пачала адмаўляцца ад удзелу ў анкетаванні.
Камісія па правах дзяцей аб наркатызацыі
Выклікаюць пытанні прававыя аспекты анкетавання, а ў прыватнасці пытанні, якія трапілі ў публічнае поле дзякуючы зваротам дэпутатаў. Тым больш што па выніках адказаў дзеці могуць накіроўвацца на медыцынскія абследаванні і трапляць пад нагляд да інспектараў па справах няпоўнагадовых.
Іншы аспект, відавочна, – гэта недастатковае інфармаванне бацькоў. Бо, як вядома, анкетаванне працягваецца ўжо 3 гады, а поўнай і адназначнай інфармацыі аб працэсе і магчымых наступствах дасюль бракуе.
Чытайце таксама: Ці гатовая Беларусь да новых “наркатычных” выклікаў?
І гэта нягледзячы на тое, што анкетаванне ўнесенае ў дзяржпраграму за 2019 год па прафілактыцы распаўсюду наркаманіі.
Зыходзячы з публікацыі аб паседжанні камісіі па правах дзяцей праблема наркатызацыі дзяцей і падлеткаў разглядаецца дзяржаўнымі органамі як наступства парушэння правоў няпоўнагадовых. На жаль, канкрэтныя захады па прафілактыцы ў артыкуле не згадваюцца.
Навукоўцы і эксперты дасюль не маюць адназначнага стаўлення
Варта ўдакладніць, што міжнародны досвед сведчыць пра розныя падыходы да захадаў па выяўленні спажыўцоў алкаголю і наркотыкаў сярод дзяцей.
Нават у такой краіне, як ЗША, дзе з наркатызацыяй моладзі нашмат горшыя справы, чым у Беларусі, навукоўцы і эксперты дасюль не маюць адназначнага стаўлення да выяўлення наркаспажыўцоў.
Асацыяцыя педыятраў ЗША, якая аб'ядноўвае 60 000 чалавек, адзначае, што тэсты на наркотыкі нясуць большую шкоду, чым карысць.
Эксперты пішуць пра некалькі адмоўных аспектаў і наступстваў пасля выяўлення факта ўжывання наркотыкаў. Адзін з галоўных – гэта дэсацыялізацыя падлетка, якая ў любым выпадку адбываецца ў большай ці меншай ступені, што пазбаўляе альтэрнатыўных шляхоў. І можа толькі адмоўна адбіцца на будучыні асобы.
Спецыялісты адзначаюць, што больш высілкаў і рэсурсаў варта накіроўваць на распрацоўку і рэалізацыю захадаў па інфармаванні і сучаснай прафілактыцы. Прыклады разгледзім у наступнай публікацыі.
Аляксей Гайдукевіч, budzma.by
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!