Аляксей Гайдукевіч для budzma.by піша пра тое, чаму ў нашай краіне не працуе сістэма прафілактыкі распаўсюду наркаманіі сярод падлеткаў, а працэс наркатызацыі моладзі працягваецца нягледзячы на жорсткія захады ўладаў.
У апошнія тыдні мы сталі сведкамі рашэнняў кіраўніцтва краіны ў дачыненні да няпоўнагадовых, якія былі прыцягнутыя да адказнасці за правапарушэнні, звязаныя з наркотыкамі. У сувязі з амністыяй усе яны будуць вызваленыя з месцаў адбывання пакарання.
Разам з гэтым назіраецца тэндэнцыя на павелічэнне ўжывання ў краіне наркотыкаў. Ускосна гэта дэманструе статыстыка зваротаў па медыцынскую дапамогу пасля ўжывання сінтэтычных рэчываў. Напрыклад, у 2017 годзе такіх выпадкаў было ўдвая больш, чым у 2016-м.
Шырокая амністыя прыцягнутых да адказнасці па такім сацыяльна небяспечным артыкуле можа сведчыць аб разгубленасці ў профільных органах. Відавочна, што толькі жорсткія карныя меры не прыносяць чаканых вынікаў, і наркатызацыя моладзевых асяродкаў павялічваецца.
Трэба канстатаваць, што ў параўнанні з суседнімі краінамі ў Беларусі не працуе сістэма эфектыўнай прафілактыкі распаўсюду наркаманіі, у першую чаргу ў школах.
Такім чынам, дзяржава фактычна парушае правы маладых людзей, не выконвае канстытуцыйнага абавязку па ахове здароўя, развіцці асобы і нават па распаўсюдзе праўдзівай інфармацыіі.
Адукацыйная сістэма адпраўляе на другі план права маладога грамадзяніна на развіццё — як асобы, часткі калектыву, жывога арганізма нацыі. Узнікае ўражанне, што сваю галоўную задачу настаўнікі бачаць у выхаванні грамадзяніна, абмежаванага ў патрэбных рамках. Прафілактыка у выглядзе нудных аповедаў лектара не толькі бессэнсоўная, але і ў пэўнай ступені шкодная.
Як не парушаць правы дзяцей і падлеткаў
У адрозненне ад Беларусі, у заходніх краінах больш намаганняў накіроўваюць на прафілактыку і адукацыю, а не на змаганне з вынікамі недапрацовак у гэтай сферы.
Улічваючы большую наркатызацыю заходняга грамадства, чым у нас, відавочна, што ў супольнасцяў і дзяржаваў атрымліваецца з дзяцінства выбудоўваць у грамадзянах неабходную альтэрнатыву ўжо шмат гадоў. Бо стрымліваць эпідэмію ўсё ж удаецца. Асабліва ўражвае ў гэтым кірунку поспех Ісландыі.
Чытайце таксама: Поспехі Ісландыі ў футболе – заслуга моцнай грамадзянскай супольнасці
Галоўная задача праграм, якія рэалізоўваюцца ў Еўропе, — глабальны падыход да наркаманні як да праблемы ў выхаванні і сацыялізацыі, адсутнасці альтэрнатывы і асаблівасцяў асобы. Дастаткова прачытаць, што прафілактыка прадугледжвае курсы для бацькоў і сумесную прафілактыку для дзяцей і дарослых.
У такім падыходзе добра відаць стратэгічнае разуменне правоў дзяцей і стаўленне да юных грамадзян як да будучыні краіны, а не толькі як да патэнцыяльных падаткаплатнікаў і спажыўцоў.
Трэба абавязкова ўлічваць тыя факты, што і на Захадзе дастаткова парушэнняў правоў падлеткаў з боку дзяржаваў як рэгулятараў інфармацыйных плыняў, дзе прапаганда наркотыкаў атакуе маладых людзей штодзённа. І няма розніцы, дапускаюць дзяржаўныя структуры такога кшталту інфармацыйныя дыверсіі праз хібы ў сістэме сучаснай дэмакратыі ці гэта адбываецца з маўклівай згоды.
Але намаганні па прафілактыцы ў школах, якая ў асобных выпадках пачынаецца з 9-11 гадоў, ахоплівае сем'і, групы рызыкі, сацыяльныя і лакальныя асяродкі, усё ж даюць альтэрнатыву маладым людзям.
Адсутнасць канкурэнцыі думак
Казаць пра бясспрэчную эфектыўнасць такога кшталту праграм адназначна нельга, але відавочна, што заходнія спецыялісты маюць больш досведу, чым беларускія.
Дастаткова зірнуць на аднолькавыя тэксты пра прафілактыку на старонках беларускіх школ, каб пераканацца, што да выкліку кшталту "спайсавага" мы зноў не гатовыя.
Недасведчанасць на мяжы з абыякавасцю беларускіх настаўнікаў — вынік фармальнага падыходу да праблемы.
Сярод прафілактычных мер можна ўбачыць у тым ліку псіхалагічнае анкетаванне і медагляды вучняў, пра якія было столькі шуму ў СМІ некалькі гадоў таму.
Прававы аспект такога кшталту мераў да сёння не атрымаў ацэнкі з боку ўладаў і грамадства.
Такое ўражанне, што сістэму адукацыі больш хвалюе магчымы "ахоп анкетаваннем", а не ўласна прафілактыка.
Тым больш што адмоўны вынік анкетавання – хутчэй сведчанне паразы прафілактычнай працы.
За лічбамі і справаздачамі хаваецца галоўная памылка — неразуменне таго, што кожная асоба, кожны малады чалавек — гэта каштоўнасць за якую варта змагацца, а не тушыць пажар з душаў дзяцей анкетамі.
Адзіны выхад сёння — улічваць у першую чаргу правы дзяцей, праз гэтую прызму фарміраваць праграмы з апорай на сацыялізацыю, здаровыя альтэрнатывы. Такі сусветны досвед.
Вельмі істотнай хібай беларускай сістэмы ёсць адсутнасць канкурэнцыі думак.
У выніку атрымліваецца, што ў вачах дзяцей большую вагу маюць арганізацыі, якія выступаюць за легалізацыю наркотыкаў. Насуперак нудным лектарам і старым настаўніцам, якія распавядаюць пра шкоднасць наркатычных рэчываў.
Менавіта акцэнт на правы робіць "легалізатараў" больш аўтарытэтнай сілай у вачах моладзі.
Іншых полюсаў у нашым грамадстве і інфармацыйным полі моладзь не бачыць, бо атаясамлівае нават незалежныя грамадскія здаровыя ініцыятывы з уладнымі "прафілактарамі".
Аляксей Гайдукевіч, budzma.by
Меркаванне калумністаў сайта budzma.by можа не супадаць з пазіцыяй кампаніі “Будзьма беларусамі!”
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!