Анонс свежага нумара часопіса “Бярозка”

Manawataki*

Чым тупаць нагамі ад злосці, лепш навучыся танцаваць стэп.

Фрэд Астэр, танцор, спявак, зорка Галівуда XX стагоддзя.

* Manawataki з мовы маоры – рытм – тэма нумара.

Бел літ. “Чым адметны беларускі воўк”. Што добрага было ў беларускай паэзіі? Ёсць стандартны адказ – Купала, Колас, Багдановіч. У другой жа палове ХХ стагоддзя хэдлайнераў больш. Алесь Разанаў стаіць крыху асобна ад іх, але займае важнае месца ў гісторыі беларускай літаратуры. Звычайны чалавек, які асабліва нікуды не высалупваецца, а проста жыве сумленна, як лічыць правільным, і робіць тое, што яму падабаецца, таму і беспамылкова трапляе кожнаму ў сэрцайка.

biarozka

Калі вывучаеш любую паэзію, беларускую ў тым ліку, падзяляеш: вось гарадская лірыка, вось любоўная, грамадзянская і гэтак далей. Філасофская лірыка у беларускай літаратуры трывала асацыюецца з Алесем Разанавым. І менавіта філасофскай лірыцы звычайна несправядліва аддаюць няшмат увагі. Заўсёды здаецца: гэта нешта мудрагелістае, незразумелае. Але што па сутнасці філасофская лірыка? Развагі пра сэнс жыцця, вечныя каштоўнасці, сутнасць светабудовы… Не проста незразумела, але яшчэ і маркотна.

Гіт-zone. “Трымай рытм!” Правёў невялікі эксперымент: папрасіў сяброў і знаёмых назваць свае першыя асацыяцыі са словам «рытм». Адказы былі наступнымі: «танец», «сэрца», «пульс», «ваганні» і самы распаўсюджаны варыянт – «музыка». Атрымліваецца, нам патрэбна што-небудзь бадзёрае, з ударнымі інструментамі, і каб сэрца білася ў такт. Трымайце падборку самых «рытмічных» жанраў.

Рытмэндблюз

Вытокі: блюз, госпэл (амерыканская хрысціянская духоўная музыка).

У канцы 40-х гадоў чарты ЗША запоўніліся музыкай, створанай афраамерыканцамі для афраамерыканцаў. Па сутнасці, рытм-энд-блюз – камерцыйны блюз, дзе пачалі выкарыстоўваць электронныя музычныя інструменты. Ад блюзу жанр узяў праблематыку жыцця цемнаскурых людзей і асаблівыя рытмічныя формы, такія як шаффл (тры долі з паўзай замест другой долі) і інш. Рытм-энд-блюз стаў пераходным этапам ад традыцыйнай афраамерыканскай музыкі да музыкі масавай культуры. Невялікія групы з трох-чатырох чалавек, дзякуючы з’яўленню мікрафонаў і ўзмацняльнікаў, сталі гучаць гэтак жа эфектна, як джазавыя аркестры, у той час як культурнае асяроддзе традыцыйнага блюзу – плантацыі, баракі катаржан – сыходзіла ў мінулае. Амерыканская акадэмія гуказапісу дагэтуль уручае «Грэмі» выканаўцам у катэгорыі “Рытм-энд-блюз”.

Каго слухаць: Джо Цёрнар, Чак Бэры, Стыві Уандэр.

Калумністыка. “Калі глядзіш вушамі” Аудыялы – гэта людзі, якія ўспрымаюць свет пераважна праз гукі. Яны дрэнна запамінаюць твары, але пазнаюць ваш голас у слухаўцы праз шмат гадоў. Іх не раздражняе яркае адзенне, а вось рыпенне падушачак пальцаў па паверхні паветранага шарыка даводзіць да вар’яцтва.

Калі мяне спыталі, з чым бы я развітаўся больш ахвотна – са зрокам або са слыхам, я ні на хвіліну не задумваўся. Не ўяўляю, як жыць без гукаў, бо яны для мяне – самая дасканалая мова.

Калі скажаш каму-небудзь, што чуеш галасы, – пакруцяць ля скроні. А калі заўсёды чуеш музыку?

У маёй галаве – радыёпрыёмнік, які немагчыма адключыць. Гучыць усё: песні, якія я чуў пазаўчора ці сёння ў гандлёвым цэнтры; тое, што слухаў, калі быў маленькі; мелодыі, якія я ніколі раней не чуў, бо яны і не існуюць, быццам бы я сам прыдумаў іх хвіліну таму…

Месца. “Вандроўка па шляхетных мясцінах”. Самае цікавае месца для вандоўнікаў у Косаве – колішні фальварак Мерачоўшчына, што знаходзіцца на паўночна-заходнім ускрайку горада. Месца, вядомае на ўсю краіну праз два аб’екты. Першы – сядзіба, дзе нарадзіўся чалавек, які па праву лічыцца героем не толькі ў Беларусі, але і ў Польшчы, Літве, ЗША і іншых краінах, – Тадэвуш Касцюшка. Менавіта ў гэтай прыгожай драўлянай хаце з саламяным дахам ў 1746 годзе з’явіўся на свет будучы кіраўнік вялікага паўстання. Зараз у сядзібе знаходзіцца мемарыяльны музей Тадэвуша Касцюшкі. У ім наведвальнікі могуць пабачыць інтэр’ер жылых пакояў беларускай шляхецкай сям’і XVIII стагоддзя, даведацца цікавосткі пра жыццё кіраўніка вядомага паўстання, а таксама паглядзець невялічкі фільм, прысвечаны яго асобе. Ля сядзібы – парк, у якім надта прыемна бавіць час, атрымліваючы асалоду ад краявідаў.

Школьныя даследаванні. “Пакліч па-беларуску”. Юра, Ваня, Косця, Віця, Саша…– такія скарачэнні імёнаў маіх знаёмых я чую штодня. Але часам іх клічуць і так: Юрась, Янак, Кастусь, Віцюк, Алесь… Мой дзядуля Рычард, католік, адзначыў, што падобных скарачэнняў шмат і ў палякаў: Юзік, Эдзік, Рысек, Збышак, Стась… Відавочная здагадка: у беларускай мове мужчынскія асабістыя імёны часцей, чым у рускай, скарачаюць на зычны, і адбываецца гэта пад уплывам польскай мовы. Мне захацелася высветліць, ці так гэта, і якія суадносіны паміж імёнамі, што скарачаюцца на зычны гук і на галосны.

Уплыў польскай мовы на беларускую доўжыўся з сярэдзіны XIII ст. амаль да пачатку XIX ст. у час іх суіснавання ў складзе адзінай дзяржавы – Вялікага Княства Літоўскага, а потым – Рэчы Паспалітай.

Кацярына Захарэвіч.