«Зараз як возьмемся ўсё адраджаць!». Пад такім дэвізам на гэтых выходных у Варшаве прайшла Стратэгічная анты-канферэнцыя «Belarus ID Revival Days» («Дні адраджэння беларускай ідэнтычнасці»). Зрэшты, гаварылі ўдзельнікі мерапрыемства не толькі пра нацыянальнае адраджэнне, але і пра стварэнне нацыянальнага — у тым ліку судовай сістэмы, сілавых і дзяржаўных структур, новай беларускай эканомікі. Як магчыма задзіночыць на беларускай глебе, здавалася б, абсалютна розныя сферы жыцця? Адмыслова для парталу Budzma.org вынікі анты-канферэнцыі падсумавала адна з яе арганізатарак — прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага пераходнага кабінета Аліна Коўшык.
— Гэтая анты-канферэнцыя — працяг нашай стратэгічнай працы па нацыянальным адраджэнні. І я вельмі радая, што яна прайшла ў вельмі крэатыўнай, а таксама ў вельмі прыязнай і шчырай атмасферы.
Па-сутнасці, гэта была пляцоўка для выпрацоўвання супольнага бачання і абмеркавання тых прапановаў, якія ўжо ёсць у нас у Канцэпцыі і стратэгіі нацыянальнага адраджэння і развіцця. Мы абмеркавалі шмат ідэяў і думак. Шмат у чым нашыя пазіцыі супадалі, але былі і моманты, у якіх мы былі катэгарычна не згодныя адно з адным.
У нас былі розныя панэлі — ад ідэнтычнасці да эканомікі, сілавога блоку і дзяржаўнага кіравання. І я думаю, што вось гэты наш хітрык — ён спрацаваў! Таму што паводле Канцэпцыі адраджэння, нацыянальнае адраджэнне — гэта працэсы, якія павінны ахопліваць усё грамадства і ўсю сістэму дзяржавабудавання. І тое, што мы прапаноўваем — менавіта стратэгічны падыход да гэтага пытання. Не паўсюль гэта пытанне толькі беларускай мовы ці беларускага справаводства — і пагатоў як раз тут сёння практычна ўжо няма аніякіх пытанняў!
Калі яшчэ пару гадоў таму людзі спрачаліся, ці павінна быць у нас толькі беларуская мова альбо беларуская і расейская, то цяпер стала відавочна, бадай, усім, што беларуская мова мае быць адзінай дзяржаўнай.
Пры гэтым вельмі важна, каб вось гэты беларускі мэйнстрым — стрыжань дзяржавабудавання — меў свае карані, меў свой падмурак менавіта на беларускім Адраджэнні. Гэта будзе ўзмацняць наш агульны Беларускі Дом, гэта будзе моцна трымаць яго сцены. Гэта дазволіць нам усім адчуваць еднасць.
І, канешне, тут не вядзецца гаворка, скажам, пра стварэнне беларускага суда ці суда толькі для беларусаў. Гаворка — пра каштоўнасны падыход, пра дэмакратычнасць і адпаведнасць праву, бо гэта тыя каштоўнасці, якія задзіночваюць усіх беларусаў.
Цікавая была дыскусія пра чыноўнікаў, пра іх удзел у жыцці Новай Беларусі. Мы разумеем, што тыя чыноўнікі, якія цяпер працуюць, яны і далей будуць працаваць. Можна будзе змяніць, хутчэй, вышэйшае кіраўніцтва, надаць новыя стандарты і аўтарытэты і паступова ўводзіць іх у працу. То бок больш еўрапейскіх, больш дэмакратычных стандартаў — у культуру працы. Для таго, каб таксама змяняць падыход чынавенства да сваіх абавязкаў. Бо гэта не толькі пра тое, што мы будзем размаўляць па-беларуску, але і пра тое, як мы будзем працаваць. А таксама пра тое, што насамрэч дзяржаўны апарат — гэта сістэма абслугоўвання насельніцтва, а не нейкія там людзі, якія вырашаюць нашыя лёсы.
Яшчэ мы падпісалі Дэкларацыю, падпісанты якой бяруць на сябе абавязак парупіцца пра развіццё беларушчыны і беларускага Адраджэння, беларускай культуры і беларускай ідэнтычнасці — кожны ў сваіх галінах. Дарэчы, гэтая Дэкларацыя дасяжная і для подпісаў праз онлайн-форму. Запрашаю далучацца!
— Што далей? Ці атрымаюць нейкі працяг напрацоўкі дыскусійных панэляў?
— Анты-канферэнцыя скончылася, цяпер — час на яе падсумаванне і рэфлексіі. Мы абавязкова гэта зробім і апублікуем выніковыя дакументы. І, я спадзяюся, правядзем яшчэ шэраг публічных мерапрыемстваў у працяг гэтай анты-канферэнцыі. Таксама маю надзею, што згаданая вышэй Дэкларацыя стане гэткім першым крокам, каб усе мы маглі дзейнічаць больш скаардынавана, больш эфектыўна. І тут варта яшчэ раз адзначыць, што ў канферэнцыі бралі ўдзел прадстаўнікі самых розных сфераў — і прысутнічалі не толькі на сваіх тэматычных блоках, але і на іншых. Да прыкладу, людзі, якія займаюцца сілавым блокам, удзельнічалі ў дыскусіі і пра ідэнтычнасць, і пра культуру. І медычныя актывісты таксама гаварылі мне пра тое, што культура — перадусім! І як раз тое, што мы маем гэткі кросэлектаральны падыход, дазваляе нам быць больш эфектыўнымі і прасоўваць ідэі нацыянальнага адраджэння больш шырока.
Ёсць у нас і іншыя ідэі. Да прыкладу, бясплатны курс ангельскай мовы для беларусаў, а таксама Беларускі даследчы нацыянальны ўніверсітэт — над гэтым мы таксама працуем. У прыватнасці, плануюцца слуханні па ўніверсітэту ў Каардынацыйнай Радзе, а таксама прадстаўленне гэтага праекта ў межах Аб’яднанага пераходнага кабінета — каб можна было больш эфектыўна прасоўваць яго на палітычных пляцоўках. Гэта вельмі важна, бо стварэнне сапраўды беларускага ўніверсітэту — задача не толькі маштабная, але і вельмі складаная, і дарагая Але і жыццёва неабходная для стварэння нацыі, як тое было, да прыкладу, у нашых суседзяў. Як гэткі «role model» можна згадаць Украінскі каталіцкі ўніверсітэт у Львове, які быў заснаваны па-за межамі Украіны, потым пераехаў — і да сёння застаецца адным з галоўных універсітэтаў краіны. З вельмі добрай рэпутацыяй, з вельмі добрым рэйтынгам сярод украінскіх ВНУ. Гэткая ўстанова патрэбная і нам!